Мне здэцца — калёсы на мейсцы стаяць,
А далі бягуць і бягуць…
Драбней успаміны ня сьняцца краям,
Краі краявід сьцерагуць.
Як небаскляпеньня аплатак — ўгары
Тчэ воблачак белы туман.
Паставілі вокала поля бары
Густы і вялікі паркан.
Глядзі, маё сэрца, глядзі і згарай —
Каханьне ня шкодзіць жывым…
А хто абняславіць захоча наш край, —
Няхай не зьнясе галавы.
Я ведаю, гэтакіх водзіцца шмат,
Я ведаю добра іх сам…
У нас загартованасьць шэранькіх хат,
Шацёр беларускім аўсам.
Ёсьць моцнае, моцнае войска у нас —
Рабоча-сялянская раць.
Мы выступім сьмела ў прызначаны час,
Каб клопат чужы пакараць.
Дарэмна рабіцьмуць капланы заклён,
Ратунку крыжы не дадуць…
За ваганьнем ціхім жытнёвых хвальбон
Мне хочацца далеч адчуць.
Мне хочацца думку узрушыць сваю
І так без канца гаварыць,
Што разам з усімі і я пастаю
За радасьць і сьпевы зары.
Я еду на сустрач мяцежным краям…
Краі краявід сьцерагуць,
Здаецца, калёсы на мейсцы стаяць,
А далі бягуць і бягуць.
1928 г.
|