Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/I/Заняпад (18 век)

Сход (17 век) Заняпад (18 век)
Падручнік
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Несьвядомае адраджэньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заняпад.
(18-е сталецьце).

К пачатку 18-га сталецьця ў нашай мове істнавалі дзьве дужа нязгодныя стыхіі: кніжная і вусная. Народная гутарка ўвесь час аставалася збоку ад літэратурвага руху і ў кнігу трапляла рэдка; аднак, яна разьвівалася ў вустах народа. Цяпер, дзеля свае няблізкасьці да мовы кніжнай, яна не магла даць ёй помачы ў заняпадзе; дзеля таго-ж беларуская масквафільская інтэлігенцыя 18-га сталецьця, каторая не хацела пісаць папольску, пачала цягнуць да кніжнай мовы Маскоўшчыны. Гістарычныя падзеі, вельмі некарысныя для палітычнай справы Беларусі, паддавалі ахвоты гэтай прыціснутай інтэлігенцыі ў яе кірунку на Маскву. Як калісь паны-магнаты, замест бараніць родную справу, прыпалі да Польшчы за яе панскасьць, так цяпер праваслаўныя духаўнікі-магнаты, замест шукаць ратунку ў сваім народзе, прыпадалі да Маскоўшчыны за яе аднавернасьць з імі. Рэзкі падзел на „палякоў“ і „маскалёў“ прыймаў усё выразьнейшыя формы і ў кніжнай мове. Загнанае ў мужыцкую хату беларускае слова магло падымацца ў 18 сталецьці трошачку вышэй толькі ў уніяцтве. Амаль ня ўсё беларускае ніжэйшае, вясковае духавенства к канцу века было уніяцкае, ня было такога сяла, дзе ня было-б уніяцкай царквы (як аб гэтым пісаў з беларускай падарожы маскоўскі вучоны В. Севергін ў 1808—1804 г.г.). Уніяцкія-ж духаўнікі хоць і дужа падпалі пад уплыў польскай мовы, цьвёрда дзяржаліся мовы свае паствы, казаньні казалі і навуку ў школах выкладалі пабеларуску. Ад царкоўна-славяншчыны уніяты аддаліліся так, што ўжо к часу сабора ў Замосьці (1720 г.) з нова-высьвячаных духаўнікоў хіба толькі соты разумеў паславянску, і Л. Кішка выдаў патрэбны слоўнік (1192 г.).

Лявон-Лукаш Кішка (1668—1728), уніяцкі мітрапаліт, пахадзіў з даўнай і слаўнай беларускай фаміліі, вучыўся ў Рыме, дзе дастаў дыплём доктара багаслоўскіх навук. Быў профэсарам валадзімірска-валынскай уніяцкай колегіі, потым вікарыем і супэрыорам Сьвята-Траецкага кляштара ў Вільні. Ён напісаў: „А сакрамэнтах“ (Полацак, 1697); „Сабраньне прыпадкаў, духоўным асобам патрэбнае“… (Супрасьль, 1722); і інш.

У другой палавіне 18-га сталецьця пачынае карыстаць беларускай мовай болей-меней прыкметна і каталіцкае духавенства, каб пісаным і вусным, зразумелым для народа словам пашыраць сваю веру. Гаварыла пабеларуску і шляхта, а злашча ў аколіцах, подалека адсунутых ад абпалячаных культурных цэнтраў, як аб тым сьведчыць і Я. Чачот. Ен пісаў, што яшчэ за яго памяцьцю, ці-то на пачатку 19-га сталецьця, старэнькія паны любілі гаманіць пабеларуску, або „пакрывіцку“, як тады казалі. Але мова наша к гэтаму часу усё болей станавілася ў вачох пераможных чужынцоў і сваіх рэнегатаў нечым простым, мужыцкім і сьмешным, асабліва зручным для панскіх жартаў. Гэты пагляд спускаўся з часам ніжэй, у дробна-шляхоцкія, чыноўніцкія і духавенскія масы. Магчыма, што ён, неўспадзеўкі, паддзержываў і разьвіваў хадзячую, вусную і рукапісную, літэратуру тагачасных фацэцій, жартаў і макаранічных, польска-беларускіх вершаў. Літэратура гэтая пайшла пазьней: матар'ялам для белетрыстыкі польскіх і нашых пісьменьнікаў. Прыкладам ці водгукам яе могуць быць такія рэчы, як „Дзядзіна“, „Сьведка“ і інш. Ф. Багушэвіча або „Лямэнт раскаханага“ — макаранічны верш, запісаны А. Рыпінскім у „Беларусі“ і В. Дуніным-Марцінкевічам ў „Пінскай шляхце“.

Л. Кішка.


Л. Кішка.

Народ-жа ў гэтую пару, цярпеўшы лютую паншчыну, жыў сваёю, няўмірушчаю і вечна-сьвежаю народнай творчасьцю ды крыху тою кніжнасьцю ад 17-га сталецьця, як гімны, псальмы, авантурныя казкі і фацэціі. Разумеецца, што кніжная творчасьць, калі ўся яна перакідалася на польскае, ці маскоўскае поле, калі яна рабілася рэнегацкаю, разьвівацца не магла, а ўсё болей зьніжалася і мізарнела. Быў чорны, ганебны заняпад беларускай пісанай думкі. Прыгожай літэратуры ня было, і аб кніжнай мове таго часу мы можам меркаваць толькі па такіх рэчах, як, да прыкладу, „Катэхізм капланскі“ ці „Парахвіяльныя навукі“.