Гісторыя беларускае літэратуры (1921)/II/Нова-шляхоцкія пісьменьнікі/В. Дунін-Марцінкевіч
← Проціўпольскія вершы | В. Дунін-Марцінкевіч Падручнік Аўтар: Максім Гарэцкі 1921 год |
В. Каратынскі → |
Нова - шляхоцкія пісьменьнікі.
(В. Дунін-Марцінкевіч—В. Каратынскі—А. Дарэўскі-Вярыга).
Вінцук Дунін-Марцінкевіч.
(1807 — 1884).
Яго жыцьцё. Вінцук Дунін-Марцінкевіч арадзіўся ў фальварку Панюшкевічы ў Бабруйскім павеце Меншчыны, дзе бацька яго быў рандатарам. Там, на самым беразе Бярэзіны, за некалькі вёрст ад Бабруйска, і ўзгадаваўся малады Вінцук. Сярэднюю школу скончыў ён ў Бабруйску ў 1824 годзе. Дзядзька Вінцука, ксёндз-мэтрапаліт С. Богуш-Сестранцэвіч, аддаў патым яго ў навуку да айцоў базыльянаў у Вільню. Пабыўшы там нядоўга, Марцінкевіч паехаў у Пецярбург, дзе і паступіў на мэдыцынскі факультэт. Але мэдыцына, відаць, яму не спадабалася, ён кінуў унівэрсітэт, вярнуўся дамоў і нейкі час там гасьцяваў. З 1827 года Марцінкевіч пачаў служыць у Менскай духоўнай каталіцкай консысторыі, а з 1829-га году быў, апрача таго, і сябрам менскіх гранічных судоў. У 1831 годзе ён ажаніўся з Юзэфай Бараноўшчынкай. У 1832 годзе перайшоў з консысторыі на службу ў канцэлярыю менскай крымінальнай палаты. На гэтай службе ён цяжка захварэў і пакінуў яе. У 1834 годзе Марцінкевіч ізноў падаўся ў консысторыю, дзе дастаў пасаду перакладчыка папер на маскоўскую мову. Там працаваў да скасаваньня уніі (1839 г.). У 1840 годзе купіў сабе невялічкі двор Люцынку пад Менскам. З гэтай пары жыў то ў Люцынцы, то ў Менску, дзе меў службу пры шляхоцкай дэпутацыі. У 1857 годзе ён заўдавеў, а ў 1858 ажаніўся другі раз з удавою Гружэўскай, пасьля чаго кінуў службу і жыў увесь час у Люцынцы. Глаўная аўторская работа Марцінкевіча прыпадае на час ад 1846 да 1859 году. Памёр 17-га сьнежня (дзекабра) 1884 г. і пахован на могілках пры капліцы ў Тупальшчыне.
Літэратура Марцінкевіча. Пісаў ён папольску і пабеларуску, але славу пісьменьніка далі яму ня польскія, а беларускія творы. Пабеларуску ён ня толькі многа напісаў, але таксама і надрукаваў. Некалькі-ж твораў яго пагінула; некалькі рукапісаў было на сховах (ў А. Ельскага і інш.), і толькі ў астатнія гады яны выдрукаваны.
Двухактовая камэдыя - опэра „Сялянка“ была першым беларускім творам Марцінкевіча. Hanісана яна вершам і прозаю. Паны гавораць папольску, а войт Навум, Ціт і хор мужыкоў — пабеларуску. Зьмешчаныя народныя песьні значна выпраўлены аўторам. Ідэя ў „Сялянцы“ тая, што бог на небе і паноў і мужычкоў зароўна уважаець (як аб гэтым кажаць паном Юлья, пераапранутая пасялянску). Тут першы раз паказаўся марцінкевіцкі сантыменталізм і дыдактычнасьць. Мова дзеючых асоб, што размаўляюць пабеларуску, добрая. У гаворцы войта Навума надта многа сялянскіх прыказак, што часам прыкра кідаецца ў вочы. Наагул-жа „Сялянка“ маець шмат прымет народнай творчасьці, так што некаторыя зьбіраньнікі беларускіх песьняў прыймалі яе памылкова за чыста-народны твор. А была яна даволі пашырана, бо яшчэ ў астатнія гады хадзіла сярод беларускай абпалячанай шляхты ў сьпісках бяз подпісу аўтора. Опэрную музыку да „Сялянкі“ напісаў вядомы польскі композытар-беларус Станіслаў Манюшка, друг Марцінкевіча і таксама родам з Меншчыны. „Сялянка“ была на менскай сцэне і мела вялікі пасьпех. Роль войта Навума згуляў сам Марцінкевіч; ён патым любіў падпісываць свае літаратурныя творы псэўданімам Навум Прыгаворка, ці войт Навум, меў такое празваньне сярод прыяцеляў і любіў яго. Значаньне опэры „Сялянка“ для беларускай літаратуры аказалася ў тым, што польска-беларуская опэра разварушыла беларускія тэндэнцыі сярод шляхты, гэтай значнай часткі нашай тагачаснай інтэлігенцыі.
З часу напісаньня „Сялянкі“ мінуўся дзесятак гадоў. Марцінкевіч жыў найболей у Люцынцы, карыстаў цяпер усімі ўцехамі жыцьця і тымчасам усё бліжэй прыглядаўся да народу. Як чалавек справядлівы, ён відзеў розныя крыўды ў жыцьці прыгоннага сялянства, а як чалавек ад прыроды сантыментальна-романтычны, патрабаваў задаваленьня для свае моральнай чуласьці і знаходзіў яго ў поэтычна-романтычных лятуценьнях. У рэзультаце зьяўляецца яго лепшы твор, повесьць „Гапон“, „у мове беларускага люду напісаная“, (у 1854 г., а надр. у 1855 г.).
У гэтай повесьці аўтор чытаець навуку паном і мужыком. Першым ён даводзіць, якія добрыя, слаўныя у іх сяляне, як трэба іх любіць і жалець, бо іх крыўдзяць панскія прыганятыя, аканомы. Ен навучае паноў, каб пільнавалі за ўчынкамі сваіх злосных паслугачых, бо яны псуюць добрыя панска-мужыцкія адносіны. Другім ён хацеў сказаць і паказаць, што паноў дрэнных таксама няма, што паны—гэта бацькі родныя. Разумеецца, аўтору яшчэ і ў голаў не прыхадзіла, што трэба скасаваць паншчыну. Ва імя свае дыдактычнасьці аўтор старанна паказаў зло ў асобе аканома і лавіў дабро ў асобе Гапона і Кацярынкі. На здоваль сантыменталізму ён ідэалізуець сваіх улюблёных героеў. І няма ў яго такога ліха, каб ня выйшла на добрае; для добрых усё канчаецца дабром, чуцьцё дабра заўсёды задаволена. Добранькія людцы павінны пакутаваць з прыемнасьцю, бо яны за гэта дастануць нейкую асалоду,—не на гэтым сьвеце, дык на тым. Добранькія людцы дужа часта моляцца, спадзяюцца на бога і вераць, што ëн усë відзіць, хоць і ня скора скажаць. І бог памагае. Так, просты мужык Гапон выходзіць на афіцэра, а простая дзяўчына робіца паненкай,—столькі бяды, што гэтак бывае на вялікія тысячы разоў адзін ці два разы.
Сантыменталізм, аднак, не заўсёды толькі шкодзіць. Так, сьвядома-нацыянальны элемент у повесьці не паказан, несьвядомыя пачаткі яго чуюцца ў народным элеменце твора, яны ёсьць у прыхільнасьці да беларускіх парадкаў жыцьця, у тым, што Гапон-афіцэр не адходзіць ад беларускай мужыцкай грамады, а Кацярына-паненка, гаворачы папанску, значыцца, папольску, не адракаецца ад маткінай беларускай гаворкі, а навет бяжыць туды, дзе яна чуецца.
З соцыяльным элементам повесьці яшчэ горшая справа: ён у поўнай залежнасьці ад панскасьці і сантыментальнасьці аўтора. І ўсё-ж трэба адзначыць тую памяркоўную безстароннасьць, з якой Марцінкевіч малюець адваротныя староны прыгоннага жыцьця, хаця карэнь зла шукаець і ня там, дзе трэба. Гэта яшчэ большая заслуга дзеля таго, што навет паступовыя сучасьнікі рабілі яму закіды за „нагату“ жыцьця. Сыракомля заўважыў яму, што ў повесьці „няма эстэтычнага пагляду артысты, няхват заслоны, якая прыкрыла-бы надта жорсткую нагату самае праўды“; Сыракомля ня мог згадзіцца з тым, што Гапон „памшчаецца“ ворагу-аканому.
З тае прычыны, што сантыменталізму ў самым жыцьці ня было, даволі рытарычнымі выйшлі ў повесьці абразы жыцьця і людзей. Сярод дзеючых асоб твора тыпам можна назваць толькі аднаго аканома.
Аканом.—Абраз аканома таму і выйшаў такім жывым, жыцьцёвым, што аўтор не ідэалізаваў яго, а не стараўся і выдумаць штосьці нязвычайна благое, каб увасобіць у ім зло. Ен сабраў і сьпісаў агульныя, тыповыя чырты панскіх аканомаў таго часу, дадаў колькі знакаў жывога чалавека, і вось выйшаў дапраўды мастацкі тып. Аканом, як натура тупая, а маючая вялікую ўладу над закрэпленымі мужыкамі, перш-наперш страшна б‘ецца:
Калі возьмець драць і біць, |
У яго „кнут у жмені аж трашчыць, ён любіць „бразнуць аплявуху“ і „адвесіць сотні дзьве розак.“ Ен пагражае „так задаць нагаëм“, што і „з здароўем ня відацца“, а „хамy“-войту загадуе: "У карк шэльмаў тых гані!" Сялян ён дужа брыдка лаець, пані ён нагла маніць, дзяўчат сялянскіх зводзіць. Ен трус, баіцца адкрытага змаганьня і пускаецца на самы подлы спосаб паквітаваньня. Папаўшыся ў набор, ён прыкідаецца сухотнікам і даець подкуп доктару. Навет выгляд гэтага чалавека ня можа выклікаць ні у кога сымпатыі: са страху ён млеець, а ў злосьці страшна крывіць губы, вочы яго наліваюцца крывëю, а рыжыя вусы паднімаюцца шчэцьцю.
Гапон.—Абраз Гапона найлепей выйшаў там, дзе апісуюцца тыповыя азнакі мужыцкага сына-дзяцюка. А у тое, што Гапону пашчасьціла за пяць гадоў быцьця ў войску выйці на афіцэра, у гэта ня ймецца веры. Абраз Гапона створан з меншай дозай сантыментальнай чуласьці, чымся абраз Кацярынкі, дзеля таго ён выйшаў болей мастацкім. Ен меней ідэалізаваны. Скокі Гапона (ў першай песьні) выдаюць у ім здаровага, жыцьцярадаснага дзяцюка, каторы з усім пылам аддаецца весялосьці. Ен вельмі сьмелая, хоць і простая натура, адзін бароніцца з калом у руках ад груда людзей і рэжаць аканому праўду ў вочы. Ен шчыра і цьвёрда любіць каханую дзяўчыну. Ен не адракаецца ад свайго роднага і „мужыцкім абычаем“ спраўляе вясельле, хоць стаў панам, „чыноў дажыўся“.
Кацярынка.—Абраз Кацярынкі рыторычны, павярхоўна апісаны; мы больш ведаем аб яе выглядзе, чымся аб яе душы. Яе духоўныя вартасьці паказаны чытаньніку на веру, яны помала разглядаюцца ў зьвязку з агульным ходам повесьці. Як абраз сантыментальны, Кацярынка ня можа быць пеўным мастацкім тыпам беларускай сялянскай дзяўчыны з часоў паншчыны. Кацярынка дужа прыгожая, добра скачаць і пяець. Яна верна любіць Гапона і даець аканому добрую адпаведзь. Яна пабожна, прывязана да роднага, цьвёрда ў каханьні і прыязьні, цярпліва ў няшчасьці. Сярод добрых прыметаў, якімі так шчодра надарыў яе аўтор, мала, аднак, якія можна з пеўнасьцю прыняць за нацыянальна-беларускія, і ў гэтым хаваецца загана творчасьці Марцінкевіча. Як узгадавалась Кацярынка, аб тым сказана толькі пара слоў, дык няведама, як і з чаго разьвілісь яе добрыя прыметы, асабліва тыповыя і нацыянальныя.
Бацькі: Mірон і Усьціньня і Грыпіна апісаны кароценька, але ўдачна, з пеўнасьцю, што гэта—старыя беларускія бацькі.
Да вартасьцей повесьці трэба залічыць добрую тэхнічную будову ўсяго твору, яркае, сакавітае і вельмі жывое апісаньне гульні ў карчме, скокаў, набору некрутаў у Магілеве, апісаньне некаторых малюнкаў побыту, прыгоннае работы і вясельля. Толькі ў апісаньні вясельля ёсьць непатрэбны лішак этнографіі. Застаюцца ў памяці кароценькія, але добрыя характарыстыкі доктара, маршалка, пракуpopa.
Верш повесьці сілябічны, па 7 і 8 складоў у радку. Для нашых дзён дасканальнага танічнага вершаскладаньня ён троху шурпаты і вымагае прызвычаенасьці ў чытаньні, а для тых часоў і наагул—ён даволі лёгкі, жывы і гладкі, добра рыфмаваны.
Мова вызначаецца чыстатосьцю народнай гутаркі, хоць і мае, затое, вульгарызмы, як: „Ананія-ж-воўча юха“, або „Як на быдла, напаў зык“, ці „Чупрыны, як шчэць дрыжаць“ і інш. Есьць дзіўныя сказы, як; „Прыбег к карчме на кані.“ Есьць ня толькі полëнізмы, але і вялікарусізмы (браніцца, пашатнуўся, нет, к ней, возьле, жадна (прагавіта) і інш.). Есьць і цікаўныя, цяпер рэдкія беларускія словы. Між іншым трэба зазначыць, што Марцінкевіч піша места, а ня месца, пеўне, а ня пэўне.
Зьмешчаныя пад такім назовам два вершаваных апавяданьні зьвязаны тым, што абодва пераказаны на вечарніцах старым музыкай Ананіям.
Дурны Зьміцер, хоць хітры — першае апавяданьне—маець літаратурнае значаньне зусім невялічкае, але важна, як этап у разьвіцьці творчасьці Марцінкевіча. Ідэалы пісьменніка ў беларуска-мужыцкім пытаньні былі такія няхітрыя й кароткія, што ён усё глаўнае пасьпеў сказаць у „Гапоне“. І вось мы відзім, што першая вечарніца бяз‘ідэйна. І ў ёй маем сантыментальную чуласьць, дыдактычнатьць, ідылічных, прыгонных людцаў і добрых, жартаўлівых панкоў, але няма паважнай ідэі аўтора. Марцінкевіч проста перарабляе на апавяданьні хадзячыя жарты, дадаўшы толькі тутэйшага колёрыту і некалькі запраўдных іменьняў менскіх паноў, навет сваіх прыяцеляў. Гэта сьведчыць, што ён, пісаўшы гэты твор, узыйшоў на ростані, блудзіў на раздарожжы. Літэратурная цана гэтага апавяданьня заключаецца ў апісаньні вечарніц, Менска, характарыстыцы старога Ананіі. Цікавен самы тон і дух апавяданьня і адносіны аўтора да Зьмітра і паноў.
Стаўроўскія дзяды — другое апавяданьне сьведчыць, што Марцінкевіч добраю парою зьвярнуў з дарогі жартаў на новы шлях, у бок беларускай міфолёгіі. Быццам прыкра зрабілася дыдактыку навучаць народ такімі мізэрнымі прыкладамі, як тыя прыгоды, што здараліся з дурным Зьмітрам, быццам здалося яму, што гэта—нягодны спосаб літаратурнай творчасьці. І ён добра зрабіў, пачаўшы пакланеньне дыдактызму ў сюжэтах міфолёгічных і паважнейшых. Можна толькі шкадаваць, што ў кірунку „Стаўроўскіх дзядоў“ Марцінкевіч не разьвіўся. Тут быў-бы вялікі прастор для яго сантыментальнай романтычнасьці і карысьць для нашай чыста-нацыянальнай творчасьці. У „Стаўроўскіх дзядох“ у Марцінкевіча найболей і выяўляюцца пачаткі сьвядома-нацыянальнага чуцьця, хоць, так сказаць, надворна (крывічы-беларусы, слаўны крывіцкі князь Грамабой, гаспадарстваная тэрыторыя і г. д.). Не натуральна толькі, што аб гэтым апавядае аўтор не сам ад сябе, а ўкладае гістарычна-міфолёгічную веду ў вусны неадукаванага Ананіі. З чыста-літэратурнага боку і гэны твор стаіць нявысока. Ізноў глаўным чынам услаўляецца дабро (ў асобе Касі) і караецца зло (у асобе Мархвы). Ізноў добрая, ды павярхоўная характарыстыка беларускай дзяўчыны (Касі), каторая дужа падобна да кацярынкі ў повесьці „Гапон“. Але тут-жа і даволі цікаўная баечная фабула, і прыгожае апісаньне сьвята „дзядоў“, калі прыходзяць Казьляр і Гусьляр ды прыбягаюць дзяды-сабакі, Стаўры і Гаўры. Эпічным прыгажством, сагрэтым беларускай лірычнай мягкасьцю, вызначаецца многа кавалачкаў з гэтага твора. Вось, для прыкладу, апісаньне страў на „дзяды“:
Боршч з саланінай на стол паявіуся, |
Цікаўна характарыстыка, дадзеная князю Грамабою. Гэта ўсё той-жа ідэал добрага пана па Марцінкевічу: „Коратка дзяржаў ён радных паноў, не папушчаў у крыўду бедных мужыкоў.“ Баяліся яго, такога пана, аканомы і камісары. Свайму сваяку, літоўскаму князю Віту, памагаў ён проціў паганскай сілы аж да самай Воршы, а калі варочаўся з вайны, усе яго спатыкалі, як родненькага бацьку. Віт „радасну сьлёзку кулаком абцёр.“ Часта абцірае сьлёзы і Ананія,—гэта ўсё надворныя, але звычайныя прыметы марцынкевіцкага сантыменталізму.
Як відзім, і з міфолёгіі беларускай, дужа вольна зьвязанай з гістарычнымі іменьнямі і назовамі, Марцінкевіч карыстаў ня столькі для заданьняў мастацкіх, сколькі для моральных.
Народная повесьць „Купала“ выйшла ў 1855 годзе ў Менску, разам з польскімі творамі песьняра ў кнізе „Cіekawyś?—przeczytaj!“ Калі Марцінкевіч пісаў свае „Вечарніцы“, ён, пеўна-ж, ня меў за глаўнае заданьне апісаць беларускія вечарніцы. Але пасьля „Вечарніц“ ён троху інэртна, а троху, разумеецца, дзеля розных псыхолëгічных прычын творчасьці, пішаць „Купалу“, адылі „Шчэраўскія дажынкі“, дзе падобнае, так сказаць, апісова-этнографічнае заданьне усё болей вытыкаецца наперад (можа быць і не па добрай волі аўтора). Апісаўшы ў „Купале“, як даўней спраўлялі на Беларусі гэтае нацыянальнае сьвята, аўтор паказуець адносіны паніча і сялянскай дзяўчыны з дыдактычнай разьвязкай. Агатка быццам любіцца з панічом, але сяньня ў іх выйшла прыкрая размова. Паніч, як зусім папсаваная натура, радзіць дзяўчыне, каб ішла за Саўку і гэтак бы ўсе „злыя брэхні“ зрабіла „пустой нябыліцай“, а з ім каб любілася таксама і далей. На вялікую крыўду Агаткі і на яе словы, каб паніч з ёй пабраўся, а не звадзіў і не забаўляўся, ён выказуець такія тыпова-шляхоцкія думкі:
Што-б шляхціц з мужыцкай дачкой ажаніуся? |
Хоць з разьвязкі повесьці відаць, што і сам Марцінкевіч, мусіць, лічыў непамыснай справай пабраньне паніча з мужычкай, аднак, ён горача паўстае проці шляхоцкай думкі, што „ня грэх мужычку на чэсьці забіці“. У гэтым заключаецца літэратурная вартасьць твору з ідэйнага боку.
Гэтая повесьць, складзеная з пролëга (размова пана з войтам Навумам) і дзьвюх карцін (варажба і дажынкі), літэратурную цану мае невялікую: прыгожае пісьменства забіваецца тут этнографіяй. Між іншым, тут найболей, чымся ва ўсіх творах Марцінкевіча, выступае праслаўленьне добрых паноў і сантыментальны пагляд на іх адносіны з мужыкамі. Аўтор аб сваей повесьці кажа: „Бо гэта, браткі, праўда, а ня казка“. Яго словам ахвотна верыцца, відаць, што ён ня столькі тварыў, сколькі проста сьпісываў з жывой запраўднасьці. Прыгожая дзяўчына сіротка Тадорка вельмі падобна да Касі ў „Вечарніцах“, як тая ўзноў-да Кацярынкі ў повесьці „Гапон“. Агатка-ж узята з „Купалы“. Апісаў аўтор жартам самога сябе, як гуляў з Тадоркаю, і ў апісаньні пасьмяяўся з пісара:
Пасьля гульнуу з ею Навум Прыгаворка. |
Карціна частаваньня, калі „паявіўся на шырокі стол цаліком пячоны, прабальшэнны вол“, карціна скокаў з песьнямі, карагоду, паднашэньня дажынковага вянка, — усё гэта напісана з вялікай любасьцю аўтора да рэчы, з захапленьнем красою народнага культа, з колёрытнасьцю і некаторым размахам, — і ў тым літэратурная вартасьць „Шчэраўскіх дажынак“.
Пераклад „Пана Тадэуша“ А. Міцкевіча, зроблены Марцінкевічам, друкавауся ў 1859 годзе ў Вільні „на грошы, што шмат людзёў злажылі, а паміж іх былі і мужычкі“. Дазвол на друкаваньне дадзены цэнзарам Кукальнікам. Як толькі былі надрукаваны дзьве першыя быліцы, на места Кукальніка назначылі новага цэнзара, нейкага Мухіна. Той загадаў арыштаваць іх і спаліць; асталося цэлымі дзьве-тры кніжкі. Дык пераклад пабачыў сьвет толькі пасьля 1905 году.
Прадмова перакладчыка напісана была папольску. У ёй Марцінкевіч піша так: „Аповесьць Адама Міцкевіча „Пан Тадэуш“, што так ясна, так шчыра малюець характар, звычаі і абычаі нашых беларускіх паноў часу Наполеона, ужо цяпер (1859 г.) перакладаецца на маскоўскую мову. Чаму-ж, думаю, наш народ просты, што з гэтымі панамі так блізка жыў, чаму-ж дробная акалічная шляхта, што жывучы ў лясным зацішшы, у хаце, між сабою, сваей роднай ужывае мовы—чаму-ж яна ня мае пазнаць абычаеў сваіх бацькоў? Вось гэта ўсё і нагнала мне думку пералажыць „Пана Тадэуша“ на беларускую мову“… Далей перакладчык жаліцца, што праца яго „у гэтай мове“, каторая мела заахвоціць „нашага беларускага мужыка і бедную шляхту“ да навукі, што яна не знайшла прыяцеляў сярод „тых багатых людзей нашае старонкі, што паводле Бога і сумленьня павінны-б памагчы адкрыць цёмнаму народу вочы“, гэта, значыцца, сярод абпалячаных вялікіх паноў. Далей ён кажа: „І вось я сяньня ахвярую „Пана Тадэуша“, прыбранага ў мужыцкую сярмягу, паном і простаму народу з-над Дняпра, Дзьвіны, Бярэзіны, Сьвіслачы, Вільлі і Нëмна. Можа народ той просты, што з маткай прыродай блізка жывець, прыме гэты гасьцінец ад свайго дудара, што астатнія мінуты свайго жыцьця на карысьць народу аддаець“.
Мова пераклада маець ужо розьніцу з жывой народнай гутаркай, аднак, у гэтым няма заганы, а ёсьць заслуга, бо гэта была амаль ня першая спроба нашых новых пісьменьнікаў перайці ад „простай“ гутаркі на грунт чыста-літэратурны. У лексіконе перакладу троху ёсьць зусім нязвычных для нас чужых слоў, асабліва для абстракцыйных разуменьняў, але ясна відаць, як пільна высцерагаўся ад іх перакладчык і як ён здалеў немалыя труднасьці. Так аб гэтым пісаў і Кіркор: „Перакладчык змог нясходаныя труднасьці. Пераклад ня толькі верны, але мова ўсюдых гарманічная, зразумелая і асабліва мягкая“ („Жив. Рос.“, т. III, стр. 327). Бо шмат кніжных беларускіх слоў з нашай залатой пары і гаспадарстванасьці памёрла, а ў цёмным народзе новых падобных ці ня было ці трудна было адшукаць іх, асабліва аднаму чалавеку, абкружонаму непрыязьню да працы. З мовы ж пераклада мы відзім, як у самога Марцінкевіча разьвіваліся пагляды на літаратурнасьць беларускай мовы. Наагул сказаць, пераклад, як першы ў беларускай літаратуры (другі ёсьць зроблены А. Ельскім) і напісаны ў часе нявысокага яе разьвіцьця, можна уважаць за добры, удачны. Сілябічны верш пераклада слабы, з надта даўгімі радкамі (13 складоў).
Гэтая аднаактовая камэдыя (фарс-водэвіль) малюець нам жыцьцё і панаравы вакалічнай шляхты ў глушы Піншчыны. Сюжэт стары, вядомы кожнай літаратуры: дзеці любяцца, але ня могуць пабрацца, бо бацькі іх вадзяцца. На гэтым фоне Марцінкевіч вельмі задачна і з добрымі жартамі абсьмяяў шляхоцкі гонар, застарэлыя шляхоцкія парадкі, прыхамаці і цемнату, а таксама хабарніцтва маскоўскіх ураднікаў і маскоўскую судовую валакіту. Разам з гэтым добра выстаўлена прыемная прастата шляхоцкага жыцьця ў хатніх справах. Камэдыя напісана надта жыва і сцэнічна. Найлепей змалëваны стара-шляхоцкія партрэты (Ціхон Пратасавіцкі, Іван Цюхай-Ліпскі, Харытон, Куторга), а таксама партрэт „найясьнейшай кароны“ Кручкова і дзелавода Пісулькіна. Адна з вартасьцей камэдыі заключаецца ў тым, што яна паказуець шкоднасьць, сьмяхотнасьць і няжыцьцёвасьць гаспадарствана- і культурна-чужога парадкаваньня на Беларусі. Першы раз „Пінская шляхта“ надрукавана ў 1918 г.
Гэтую сьмяхотную штуку ў 3-х дзеях Марцінкевіч напісаў мешанаю польска-беларускай гутаркаю. Беларускага тэксту было блізка палавіны. На сучасную літаратурную мову „Залёты“ выправіў Я. Лёсік. Композытарка М. Кімонт напісала да іх опэрэтачную музыку. Разгляд „Залётаў“ у зьвязку з крытыкай усяе творчасьці Марцінкевіча добра зрабіў Янка Купала, каторы між іншым пісаў так („Наша Ніва“ за 1915 г., № 5): „Аўтор опэрэткі В. Марцінкевіч, сам шляхціц, шчыра стаяў на варце інтарэсаў гэрбоўнай шляхты, паноў, і хаця бачыў усе іх заганы, усёжткі ў сваіх творах выказываў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваей прыхільнасьці да народу, Марцінкевіч ня мог стаць усей душою на старане дэмосу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсьць мужык: можна даць яму і асьвету, можна пазволіць дайці да сякога-такога дабрабыту, але ня можна дапусьціць яго да раўні з панамі. У яго літаратурных працах гэтая дзяльба панскіх і мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонай нітачкай, асабліва ў творах сцэнічных. Гэтак у „Залётах“ паны і той навет пан з мужыкоў, Сабковіч, павінны гаварыць папольску, а толькі слугі іх гаворяць пабеларуску, — ды ня гледзячы на тое, што ў той час шмат-дзе па якіх дварох паны гаварылі паміж сабой пабеларуску. Марцінкевіч бачыў, што сярод мужыкоў пачынаецца эволюцыя, што колькісотлетняя паншчына не забіла да апошняга ў мужыцкай душы жаданьня падняцца вышэй са свайго паніжэньня, са сваей беднаты-цемнаты. Паяўляюцца сабковічы, тыя сабковічы-мужыкі, што багацеюць дабром з крыўдай для разбагацеўшых на мужыцкім дабры паноў. Колізіі гэтай Марцінкевіч яшчэ ці ня хоча ці ня можа ўразумець, яшчэ аўтора не патрапіла захапіць хваля вызвольнага ветру з захаду. І Сабковіч у „Залётах“ гэта ёсьць шэльма з шэльмаў, узьвялічаны аўторам да нейкага горшага гатунку карыкатуры, а не чалавека з яго добрымі і благімі старонамі. Марцінкевіч ня мог падмеціць другіх сабковічаў, другіх дарабковічаў, дарабковічаў ня золата, а духа! Для тых часоў, для сучасных Марцінкевічу чытачоў і слухачоў, „Залёты“, напэўна, мелі вялікую вартасьць, бо напісаны былі не для шырокага беларускага грамадзянства, а толькі для часткі яго, той касты, што ўмела чытаць і мела за што хадзіць у тэатры. Для цяперашняга беларускага грамадзянства „Залёты“ ёсьць ні болей ні меней як сумны успамін тых часоў, калі людзі думалі і верылі, што ў адных станаў белая косьць у целе, а ў другіх чорная. Былі „залëты“ пакляпаць мужычка белай рукой па зморшчаным твары ды паказаць яму, як гэта нягодна выбівацца з мужыкоў у паны“.
Шмат дробных лірычных вершаў было ў Марцінкевіча, але некаторыя пагінулі, некаторыя захованы ў рукапісаx і, можа быць, абы-дзе ляжаць забытыя, і толькі зусім малая частка іх трапіла ў друк. Сярод такіх ёсьць:
„Павіншаваньне войта Навума ў дзень імянін панны W. S.“ (1854 г.), дзе аўтор сьпісаўшы розныя пажаданьні, між іншым кажа імяніньніцы: {„Пацехай будзь у старасьці бацьком, а маткай роднай сваім мужычком“. Верш напісан з жартамі і ахоплен вясёлым гумарам.
„Верш Навума Прыга воркі на прыезд да места Менска А. Контскага, У. Сыракомлі і С. Манюшкі (1856 г.). І гэты верш напісан падобна да папярэдняга, але з большай паважнасьцю. Ен маець тое значаньне, што сьведчыць аб славянафільстве Марцінкевіча, у каторым пісьменьнік знахадзіў несьвядомы выхад для захаваных пад польскасьцю пачаткаў свайго беларускага нацыянальнага чуцьця. Аўтор кажа: „І нашая ніва вялікімі дударамі уздаволь шчасьліва“.
„Вясна, голад, перапала“ (1860 г.). Гэты верш, як кажуць, захаваўся ў рукапісе самаго Марцінкевіча, але без яго подпісу, а мяркуючы па зьместу і па тэхніцы верша, трудна сказаць з пеўнасьцю, што ён належыць аўторству Марцінкевіча. Верш гэты стаіць у некаторай дзіўной супярэчнасьці з іншымі творамі песьняра і з яго паўсёдным сьветаглядам. Можна думаць, што твор гэты ёсьць частка якой-небудзь анонімнай „мужыцкай гутаркі“, хадзіўшай у народзе (падобна „Гутаркі Данілы з Сьцяпанам“ П. Бахрыма) і трапіўшай у рукі Марцінкевічу, каторы ў зьвязку з перажываным пяродаднем скасаваньня паншчыны выправіў яго на свой лад і пусьціў ізноў у ход без свайго подпісу. А можа і сам аўтор-пан напісаў яго пад якім-небудзь вялікім ўражаньнем, калі на мамэнт адчуў, што спакойная дыдактычнасьць яго твораў нікаліва не парушыць паноў, каб памаглі няшчаснаму народу, што ратунак можа быць толькі пасьля скасаваньня паншчыны. Можна і не знахадзіць тут ніякай супярэчнасьці, бо напісаць у такім тоне мог не правадыр грамады, а толькі чалавек, каторы сам разьвіваецца з разьвіцьцем ідэй у грамадзе (а гэткі быў Марцінкевіч); напісаць мог ня мужык, а пан, якому здавалася, што ён дужа добра разумее і пераказуець мужыцкую душу. Калі дапраўды верш гэты напісан Марцінкевічам, ён маець важнае значаньне для разгляду творчасьці песьняра і для характарыстыкі панскіх настрояў таго часу; ён сьведчыць, што перад рэформай спуджаныя думкі ляцелі шмат далей наўперад, чымся тое спраўдзілася, і патрабавалі абнізіць сваю трывогу нейкай звычайнай жартаўлівасьцю ці рацыяй поступу; ён-жа можаць дапаўняць ілюстрацыю марцінкевіцкай, так сказаць, нядзейнасьці, слабасьці яго нацыянальна-соцыяльнай ідэолёгіі, пры каторай не магло пачацца запраўднае адраджэньне беларусаў, ня гледзячы на суседзтва з шаўчэнкаўскаю Украінаю. Гэты верш Марцінкевіч не друкаваў ды й ня мог надрукаваць, бо заўсёды баяўся папсаваць свае адносіны з панамі, якія жартаўліва-прыхільна пазіралі на яго беларускую творчасьць толькі у такой меры, у якой на тое дазвалялі іхныя панскія інтарэсы.
Агульны пагляд на творчасьць Марцінкевіча. Панскасьць замінала яму глянуць глыбей, са ўсей шчырасьцю, на панска-мужыцкія адносіны і паважна закрануць соцыяльныя проблемы. Як запраўдны пясьняр і дзеля таго найбольш сумленны і чулы чалавек свайго часу, ён толькі найлепей адчуваў пульс жыцьця і патрэбы народу, але, як пан, ён радзіўся і памёр з нічога нявартай соцыяльнай ідэолёгіяй, каторая для мужыкоў мела такі артыкул:
Хваліць толькі бога, шчыра працаваці, |
Ен ідэалізуе сялян, каб збудзіць у паноў спагаднасьць да іх і тым палепшыць горкую мужыцкую долю. Але гэта ёсьць толькі абы-якое замірэньне панскасьці з пясьнярскай ідэйнасьцю, той компроміс, каторы ідзець у Марцінкевіча поруч з некаторай безпрынцыпнасьцю, бо вымагае ад песьняра посьле тых вышэйшых радкоў даволі спакойна, неўзварушона сказаць за мужыкоў:
Будзем роуныя з панамі, |
Не зачапляла творчасьць Марцінкевіча вялікіх агульначалавецкіх проблем. Круг яго ідэй шчыльна абмежаваны. Пісьменьнік дужа любіў беларускую прыроду і беларускае жыцьцё і надта добра ведаў сялянскі побыт. Дзеля таго малюнкі сялянскага жыцьця—няйлепей яму задаліся; гульня ў карчме, вясельле, варажба, дажынкі, купальле-лепшыя часткі яго твораў. Дыдактызм Марцінкевіча стануў і ў добрай і ў благой прыгодзе для творчасьці: дзякуючы яму, пясьняр меў звычайны, але важны ў пісьменстве пагляд, што прыгожая літэратура павінна пабуджаць у людзёх лепшыя староны душы; але пільнуючы дыдактызму, Марцінкевіч траціў на літэратурнасьці. Тыпы у Марцінкевіча нявыразныя. Усе героіні яго повесьцей, добрыя беларускія дзяўчаты, ахарактызаваны агульнымі, рыторычнымі фразамі і дзеля таго сплываюцца ў адзін нявыразны выгляд. Маючы многа падабенства з Чачотам, Марцінкевіч, аднак далёка назадзе кідаець яго ў расточках несьвядома-нацыянальнага чуцьця і ў паглядзе на літэратурнае значаньне беларускае мовы. Даўшы прыклад беларускай повесьці і камэдыі і пераклаўшы „Пана Тадеуша,“ ён першы паказаў, што беларуская мова—мала таго, што не цяжкая, не такая няўломная, як прызвыклі думаць у часе нашага заняпаду, ала што яна—гладкая, гібкая, пявучая, лірычная, багатая на словы і звароты, каторых даволі ёсьць, каб выказаць Адама Міцкевіча. Далёкі ад нашай сучаснай сьвядомасьці, як далёка неба ад зямлі, Марцінкевіч тымчасам сеяў беларускасьць поўнаю жменяю. І яго стродкі судзьдзя Я. Купала з удзячнасьцю пяе аб ім (1910 г.):
Як стораж, стаў сьмела на варце |
Надрукаваў Марцінкевіч пабеларуску болей за ўсіх нашых пісьменьнікаў 19-сталецьця. Кніжкі йшлі ў народ. І, як ведаем, поэт Алесь Гарун няўся пачаткаў кніжнай беларускасьці па выпадкова знойдзенай, падранай кнізе-повесьці „Гапон“ Марцінкевіча.