Першае руні укосьсе
вецер сьцюдзёнасьцю ніжа…
Ў золата сьпелых калосьсяў
ніўка мая апраніся.
Тваю рудую сарочку
з быльля, калючых асотаў
лемех парэзаў, расклочыў,
зьверху прысыпаў пясочкам.
Колькі апошняе сілы,
сілы ўзяла ты ў ратая.
Хай, як туман над асінай,
чорныя думкі растануць.
Бачыш, во хмарка на ўсходзе,
піць захацела збажынка.
Мо‘ дачакаю прыплоду
ў сьвята ліпнёвых зажынаў.
Кожную ценьку саломку,
ломіць якую і птушка,
шчыльна у снопікі зложаць
жонка мая і дачушкі,
Зложаць, каб з поўначы сівер
дзетак каханых палеткаў
ў чорную ноч не асіліў,
як у калішняе лета.
Кукаль зьбяру я асобна,
кукаль пушчу я ды з дымам.
Веру, нязнанай красою
Заўтрага ўсходы уздыбяць.
Першае руні укосьсе
вецер студзёнасьцю ніжа.
Ў золата сьпелых калосьсяў,
ніўка мая, апраніся.
1925 г.
|