Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Што здарылася з Булькаю ў Пяцігорску

Булька і воўк Што здарылася з Булькаю ў Пяцігорску
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Что случилось с Булькой в Пятигорске
Пераклад: Макар Краўцоў
Канец Булькі і Мільтона

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТО ЗДАРЫЛАСЯ з БУЛЬКАЮ ў ПЯЦІГОРСКУ.

З станіцы я паехаў ня проста ў Расею, а спачатку ў Пяцігорск і там прабыў два месяцы. Мільтона я падарыў казаку-паляўнічаму, а Бульку ўзяў з сабою ў Пяцігорск.

Пяцігорск гэтак завецца таму, што ён стаіць на гарэ Бэш-тау. А бэш пататарску значыць пяць, тау — гара. З гэтае гары цячэ гарачая сярчатая вада. Вада гэтая гарачая, як кіпень, і пад месцам, дзе ідзе вада з гары, заўсёды стаіць пара, як над самаварам. Усё месца, дзе стаіць горад, вельмі вясёлае. З гораў цякуць гарачыя крыніцы, пад гарою цячэ рэчка Падкумак. Па гары лясы, навокала палі, а ўдальку заўсёды відно вялікія Каўкаскія горы. На гэтых горах сьнег ніколі не растае і яны заўсёды белыя, як цукер. Адна вялікая гара Эльбрус, як цукровая белая галава, паказваецца зусюль, калі ясная пагода. На гарачыя крыніцы прыяжджаюць лячыцца, і над крыніцамі зроблены альтанкі, паветкі, вакол разьбіты сады і сьцежкі. Раніцамі іграе музыка, і народ п‘е ваду або купаецца і спацыруе.

Самы горад стаіць на гарэ, а пад гарою ёсьць слабада. Я жыў у гэтай слабадзе ў маленькай хатцы. Хатка стаяла на падворку і перад вокнамі быў садочак, а ў садзе стаялі гаспадарскія пчолы — не ў калодах, а ў круглых пляцёнках. Пчолы там гэткія спакойныя, што я заўсёды раніцамі з Булькаю сядзеў у гэтым садочку паміж вульлёў.

Булька хадзіў паміж вульлёў, дзівіўся з пчолаў, слухаў, як яны гудуць, але гэтак асьцярожна хадзіў каля іх, што не перашкаджаў ім і яны яго не чапалі.

Аднаго разу раніцай я вярнуўся дамоў з водаў і сеў піць каву ў садочку. Булька пачаў часаць сабе за вушмі і грымець нашыйнікам. Шум трывожыў пчолы, і я зьняў з Булькі нашыйнік. Крыху пачакаўшы я пачуў з гораду з гары дзіўны і страшны шум. Сабакі брахалі, вылі, пішчалі, людзі крычалі, і шум гэты спушчаўся з гары і падходзіў усё бліжэй і бліжэй да нашае слабады. Булька пакінуў часацца, паклаў сваю шырокую галаву з белымі зубамі паміж пярэднімі белымі лапкамі, паклаў і язык, як яму трэ‘ было, і спакойна ляжаў каля мяне. Калі ён пачуў шум, ёй як быццам зразумеў, што гэта такое, наставіў вушы, вышчарыў зубы, устаў і пачаў гурчаць. Шум збліжаўся. Быццам сабакі з усяго горада вылі, пішчалі і брахалі. Я выйшаў да варот паглядзець, і гаспадыня мае хаты падыйшла таксама, Я спытаўся: „што гэта такое?“ Яна сказала: „гэта калоднікі з вастрогу ходзяць, сабакі б‘юць. Развялося шмат сабак, і гарадзкое начальства загадала біць усе сабакі па месьце“.

— Як, і Бульку заб‘юць калі пападзецца?

— Не, у нашыйніках ня кажуць біць.

У той сам час, як я гаварыў, калоднікі ужо падыйшлі да нашага падворку.

Наперадзе ішлі салдаты, ззаду чатыры калоднікі ў ланцугох. У двух калоднікаў у руках былі доўгія жалезныя крукі і ў двух кіі. Перад нашымі варотамі адзін калоднік кручком зачапіў дворнага сабачку, прыцягнуў яго на сярэдзіну вуліцы, а другі калоднік пачаў біць яго калом. Сабачка пішчаў страшэнна, а калоднікі крычалі штось і сьмяяліся. Калоднік з кручком перакуліў сабачку, і калі ўбачыў, што ён здох, ён выняў кручок і пачаў аглядацца, ці няма яшчэ сабакі.

У гэты час Булька стрымгалоў, як ёй кідаўса на медзвядзя, кінуўся на гэтага калодніка. Я ўспомніў, што ён без нашыйніка, і закрычаў: „Булька, назад!“ і крычаў калоднікам каб яны ня білі Булькі. Але калоднік убачыў Бульку, зарагатаў і кручком спрытна ўдарыў Бульку і зачапіў яго за ляшку. Булька кінуўся проч, але калоднік цягнуў да сябе і крычаў другому: „бі!“ Другі замахнуўся калом і Булька быў бы забіты, але ён рвануўся, скура прарвалася на кульшы, і ён спусьціўшы хвост, з чырвонаю ранаю на назе, стрымгалоў уляцеў у хату, і залез пад маю пасьцель.

Ён выратаваўся тым, што скура ў яго парвалася наскрозь у тым месцы, дзе быў кручок.