Для дзяцей (Талстой, 1928)/Расказы для дзяцей/Канец Булькі і Мільтона

Што здарылася з Булькаю ў Пяцігорску Канец Булькі і Мільтона
Апавяданьне
Аўтар: Леў Талстой
1928 год
Арыгінальная назва: Конец Бульки и Мильтона
Пераклад: Макар Краўцоў
Русак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНЕЦ БУЛЬКІ і МІЛЬТОНА.

Булька і Мільтон кончыліся ў адзін і той самы час. Стары казак ня ўмеў абходзіцца з Мільтонам. Замест таго, каб браць яго з сабою толькі на птушак, ён пачаў вадзіць яго на дзікоў. І ў тую-ж самую восень сякач[1] дзік распароў яго. Ніхто ня ўмеў яго зашыць, і Мільтон здох. Булька таксама нядоўга жыў пасьля таго, як ён выратаваўся ад калоднікаў. Хутка пасьля свайго ўратаваньня ад калоднікаў ён пачаў сумаваць і пачаў лізаць усё, што яму пападалася; ён лізаў мне рукі, але ня так, як раней, калі лашчыўся. Ён лізаў доўга і моцна налягаў языком, а пасьля пачынаў прыхапляць зубамі. Як відаць, яму трэ‘ было кусаць руку, але ён не хацеў. Я пачаў не даваць яму рукі. Тады ён пачаў лізаць мой бот, ножку стала і пасьля кусаць бот або ножку стала. Гэтак цягнулася два дні, а на трэці дзень ён згінуў, і ніхто ня бачыў і ня чуў аб ім.

Украсьць яго нельга было, і ўцячы ад мяне ён ня мог, а здарылася гэта з ім праз шэсьць тыдняў пасьля таго, як яго ўкусіў воўк. Дык значыцца, воўк запраўды быў шалёны. Булька ашалеў і ўцёк. З ім зрабілася тое, што завецца папаляўніцку сьцечка. Кажуць, што шаленства ў тым ёсьць, што ў шалёнае жывёлы ў горле робяцца сударгі. Шалёныя жывёлы хочуць піць і ня могуць, таму што ад вады сударгі робяцца мацнейшымі. Тады яны ад болю і ад смагі шалеюць і пачынаюць кусаць. Мусі ў Булькі пачыналіся гэтыя сударгі, калі ён пачынаў лізаць, а пасьля кусаць маю руку і ножку стала.

Я езьдзіў усюды па акрузе і пытаўся пра Бульку, але ня мог даведацца, дзе ён падзеўся, і як здох. Каб ён бегаў і кусаў, як гэта робяць шалёныя сабакі, дык я пачуў-бы аб ім. А мусі ён забег куды-нібудзь у глуш і адзін памёр там. Паляўнічыя кажуць, што калі з разумным сабакаю зробіцца сьцечка, дык ён уцякае ў палі, або ў лясы і там шукае травы, якое яму трэба, качаецца па росах і сам лечыцца. Мусі Булька ня мог вылячыцца. Ён не вярнуўся і прапаў.


  1. Сякач — двухгадовы дзік з вострым, незагнутым клыком.