Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства (1919)/2

Прадмова Гісторыя беларускага пісьменства
Публіцыстыка
Аўтар: Леанід Леўшчанка
1919 год
В. Дунін-Марцінкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА.

„Ні цурайціся мовы на-
шае беларускае, каб ня
умерці!“.

М. Бурачок.

(Кароткі агляд)

Напружнае змаганне с польшчызнаю і каталіцтвам, якоя цягнулась ад часоу Ягайлы аж да падзелу Польшчы, мела сваім скуткам для Беларусі страту вышэйшых станоу свайго грамадзянства і амаль поунае зністажэнне свае самабытнае культуры.

Народныя массы — переважна селянства — цярпелі прыгон, жылі у вялікіх злыднях і былі зусім пазбаулены усякіх грамадзянскіх і дзержауных правоу. Мешчанства, якоя на пряцягу XVII веку было першым і галоуным абаронцаю нацыянальнае і культурнае нізалежнасьці, пад канец гетага веку збяднела дзеля целага шыху умоу аканамічнага і дзяржаунага характару.

Беларускі нацыянальны дух замірае.

Народная творчасьць з‘яуляіцца як і раней у казках, вершах, апаведаннях, творах лірнікау і старцаў, валачобных песьнях і г. д., але штучная пісьменнасьць, як нацыянальная, ні істнуя. Мейсцовыя беларусы атрымлівалі польскае ці расейскае выхаванне і падлуг таго рабілісь палякамі ці расейцамі. Так беларускі народ страціу Міцкевіча, Кондратовіча (Сыракомлю), Верыгу-Дарэускага і іншых, якія узбагацілі сваімі творамі польскае пісьменство.

На карысьць расейскае культуры працавалі Дастаеускі і Глінка. А бацькаускія гоні зарасталі бадыльнікам, усе далей і далей уплывала у мінуушчыну былая слава і культурны росквіт…

Але народ ні памер. Ні было толькі каму абудзіць яго ад сну, каб зноу ен прачхнууся да новага жыцця. Ні было тыя жывыя вады, аб якой баюць у казках, што яна патрэбна, каб вярнуць жыцце забітаму волату.

І гэтай жыццевай вадой з‘явійуся тэй культурна-грамадзянскі рух, які сам есьць плод вялікае Французкае рэвалюцыі, і вядомы у гісторыі пад прозвішчам романтызму.[1]

Пад яго уплывам пісьменнікі і вучоныя пачалі цікавіцца народным жыццем, збіраць народныя песьні, звучаць яго мову, звычаі, право і наагул усе праявы народнай творчасьці.

Гэтак было і на Беларусі. Яшчэ за часы існавання Віленскага універсітэту сярод тамашніх прафэсароу і студэнтау склауся гурток, сябры якога цікавіліся мейсцоваю люднасьцю і яго жыццем.

Польскія романтыкі (Чэчот, Зан, Одынец, і усяго боляй Міцкевіч), поунаю жменяю чэрпалі з скарбніцы „Поэзыі гмінней“ — па нашаму народнага песьнярства, якую добра ведалі, дзеля выхавання на беларускай весцы, сярод беларускага народнага мора, на грудзях беларускай прыроды.

Моладзі студэнцкай надта падабалісь беларускія песьні, і на усіх вечарынках пеялісь з вялікаю ахвотаю. Есьць пагалоска, што улюбенаю песенькаю Міцкевіча была беларуская „Ой ляцела цяцера ды чераз лес“… Кондратовіч нават пісау трохі па беларуску. Ян Чачот збірау беларускія песьні, сам пісау падобныя да іх і так добра, што яны, дайшоушы да народа, зрабіліся як бы яго уласнымі. Патомныя зборшчыкі песьняў часта ні маглі адрозніць іх ад праудзіва народных.

Выхадзец Рыпіньські выдае у Парыжу у 1840 р. цікавую кніжку: Біалорусь. Кілька слуу о поэзіі простэго люду тэй нашэй провінцыі польскей… дзе між іншых есьць кілька творау на поу-беларускіх. Патым ен жа выдау свой твор ужо чыста беларускі: „Нячысцік, баллада беларуская“. Ян Баршчэускі, (1790-1851) апалячэны беларускі шляхціц, так сама збірау рожныя народныя творы: закляцця, загаворы, гутаркі, пагаворкі, казкі і т. д.

Усе гэта ен выдау пад назваю: „Шляхціц Завальня, чылі Беларусь у фантастычных апавяданнях“. Напісан гэты твор па польску. На беларускай мові дайшлі да нас толькі вершы: „А чым жа твая, дзеванька, галоука занята“ і „Рабункі мужыкоу“. Астатні верш у абрыуках.

Уся гэта праца, ведама, ні тварыла беларускае пісьменнасьці, ня гледзючы на тоя, што сярод вышейпамянутых творау былі і напісаныя па беларуску.

Вышейпамененыя культурныя і грамадзянскія дзеячы лічылі сябе палякамі, хоць і мейсцовымі. Яны шанавалі польскую культуру, працавалі на карысьць ей, і іхняя цікавасьць да беларушчыны вынікала, як падлуг уплыву романтызму з аднаго боку, так і, нісьвядома для саміх сябе, подлуг іхняга беларускага паходження і выхавання сярод беларускага люду — з другога.

Але гэтая праца, переважна этнографічнага зьместу, мела сваю вялікую вагу і карыстную спадшчыну. Яна узбудзіла цікавасьць да мейсцовай люднасьці, яе цеперяшняга жыцця, яе гісторыі і наагул нарыхтавала умовы адраджэння Беларусі.

Толькі дзякуючы працы гэтых пісьменнікау першая ластаука беларускага прыгожага пісьменства: „Энеіда“ сустрэла бачлівасьць паміж ваколічнай шляхтай і асьвечанымі коламі беларускага грамадзянства ужо у пяцідзісятых роках ХІХ веку.

Напісана яна была значна раней. Магчыма с пэунасьцю сказаць, што з‘явілась яна на сьвет у першых роках XIX веку, ці у канцы ХVІІІ, але, як бачылі вышей, знаемасьць 3 ею мейсцовых адукованых кол была доугі час надта малою. Толькі тагды зьвярнулі на яе увагу, колі наагул пад уплывам вышейпамяненых культурных працаунікоу пачалі цікавіцца беларушчынаю. Аутар „Энэіды“ дагэтуль пэуна нівядомы. Па адным ведамасьцям напісау яе Манькоускі, райца магілеускі і патым віцэ-губэрнатар у Віцебску, па другім — нейкі Вінцук Ровіньскі з Смаленшчыны.

„Энеіда“ была напісана пад уплывам такого-ж самага твору украіньскага пісьменніка Котляревськага і вельмі падабалась беларускаму грамадзянству. Яна расходзілась у спісках паміж акалічнае шляхты, мешчанства, вясковае „інтэллігэнцыі“ — у значным ліку. Шмат людзей вучылі адрыукі з яе на памяць, і яшчэ дагэтуль на Беларусі ходзіць яна паміж людзей у рукапісах. На жаль, да гэтага часу ніхто ні парупіуся сабраць яе да паунаты і аддаць у друк.

Усе вышей паменныя напісаныя па беларуску творы, мелі выпадковы характар.

Праудзівым бацькай беларускага сучаснага пісьменства трэба лічыць Вінцука Дунін-Марцінкевіча (яго жыццепіс гл. далей), хуч і ен пісау болей па польску, чым па беларуску. На гэтай мові, як ужо казау я, яны пісалі выпадкова і надта рэдка. Паміж тым, амаль ні водзін твор Марцінкевіча ні абходзіуся без якога небудзь апаведання ці верша, напісаннага выключна беларускаю моваю. Толькі у першай сваей працы „Селянка“ беларуская гутарка мае выпадковы характар. Далей, яго погляд на сваю беларускую працу вельмі рожніуся ад погляду яго сучаснікау. І Каратынські, і Верыга-Дарэускі, і Кондратовіч-Сырокомля — усе гэта выдатныя песьняры польскія. На сваю беларускую працу яны глядзелі, як на забаву, бауленне вольнага ад праудзівай працы часу.

Беларушчына, хоць родная аставалась для іх толькі нейкім цікавым з‘явішчам, нейкім падаткам мейсцоваму патрыотызму, чым сь такім, што дае матэрыял для сьмешных творау, дапасаваных да густу мала асьвечанай „тутэйшай“ шляхты — адным словам, гэта была пісьменнасьць ніжэйшага гатунку.

Марцінкевіч меу іншы погляд на сваю працу. Ен трымауся тае думкі, што песьняр сваімі творамі павінен будзіць у чалавеку лепшыя стораны яго душы, што, зьвертаючы увагу чытачоу на тыя ці іншыя крыуды, якія робяцца простаму народу, магчыма зністожыць іх, што, зрэшта, твор письменніка мусіць намауляць і заахвоціць „нашага беларускага мужыка і бедную шляхту да навукі“.

Марцінкевіч, проч гэтага, вельмі кахау свой родны край, любіу просты народ, спагадывау яго цяжкай долі і з усіх сіл сваіх старауся праканаць памешчыкау-прыгоншчыкау, што мужык есьць такі самы чалавек, як і яны.

Спагадаючы вясковаму люду, Марцінкевіч надта добра звучыу яго жыцце-быцце, усе звычаі і мову; і малюнкі вясковаго жыцця у ва усіх яго праявах складаюць лепшыя часткі творау песьняра. У гэтым легка праканацца прачытаушы нарыс гульні у карчме, ці вяселля з „Гапона“, гадання і дажынак у „Шчэроускіх дажынках“ і г. д.

Трымаючысь такіх паглядау, Марцінкевіч, ведама ні мог пісаць только дзеля таго, каб пасьмешыць каго небудзь.

Наадварот, яго творы мы мусім аднесці да таго напрамку у пісьменстві, які празываіцца „сэнтіменталізмам“ і цалком залічыць у шых „настауніцкіх“.

Зауседы у Марцінкевіча добрае перемагае благоя, хоць часам і церпіць ад яго ліха. Прыкладам, прыгода з Гапонам у аповесьці таго-ж прозвішча, ці с Тадоркаю у „Шчэроускіх дажынках“ ці з Агаткаю у „Купаллі“.

Пракананы у сілу асьветы, Марцінкевіч думау, што і прыгон ні меу бы такога брыдкага выгляду, калі б памешчыкі меней верылі сваім аканомам і болей самі даглядалі за гаспадаркай. Яму здавалася, што усе ліха толькі ат благіх аканомау і управіцеляу, а самыя паны — людзі добрыя і спагадаючыя. Пан павінен быць бацькай для сваіх падданых, а мужыкі павінны любіць пана і слухаца яго, як дзеці.

У жыццю было як раз наадварот. Паны і мужыкі стаялі адны проціу другіх, як два ворагі, і ніякай грамадзянскай згоды, паміж імі ні магло быць пакуль істнавау прыгон. На гэта заплюшчываў вочы Марцінкевіч, і з погляду грамадзянскаго яго творы ніудалыя.

Марцінкевіч радзіуся і памер панам, хоць і шляхетнай уроды, з добраю душой і сьветлым розумам. Гэта панскае паходжання прашкаджала яму глянуць шчыра на сучасныя адносіны памешчыкаў і селян.

Толькі у вершу: „Вясна голад перапала…“ ен крыху закрануу гэтыя адносіны, передбачаючы, у яком становішчу апынуцца паны, калі будзе скасован прыгон.

Калі з боку грамадзянскага развіцця творы Марцінкевіча ні надта карыстны для нас, дык з боку развіцця беларускага пісьменства гэта падатак вялікае вартасьці. Досыць сказаць, што толькі праца Марцінкевіча нарыхтавала для беларускага друкаванага слова, той грунт, які патрэбен для кожнага пісьменства, маючаго вялікія мэты адбудження народных мас.

Пад уплывам Марцінкевіча і мейсцовыя польскія пісьменнікі пачалі другімі вачамі глядзець на беларускую справу.

Ведама, напрыклад, што праслухаушы „п. Тадэуша“ у беларускай мові Вэрыга-Дарэўскі заахвоціуся сам і пераклау „Конрада Валленрода“.

Ні ведама, якім шляхам пайшло б развіцце беларускай пісьменнасьці далей. Увесь час ей пріходзілось змагацца з уплывамі чужых, вельмі моцных культур: польскай з захаду і с усходу расейскай. Але у 1865 р. выйшла забарона беларускага друку, і тым самым адразу гвалтоуна быу устрыманы нацыянальна-культурны рух.

Марцінкевічам каначіцца першая доба беларускага пісьменства. Песьняры гэнае добы у сваіх грамадзянскі-дзяржауных поглядах трымаюцца ні іствуючай шляхецка-хлопскай еднасьці і маняцца уплывам сваіх творау зністожіць благія звычаі і узмацаваць добрыя.

Новая доба беларускага пісьменства пачынаіцца з Мацея Бурчака. Гэты пісьменнік з‘яуляіцца престауніком тае шляхты, якая трымалась надта крайніх — пеуня для таго часу — грамадзянскіх паглядау.

Пракананая у тым, што патрыярхальныя адносіны паміж панамі-прыгоншчыкамі і селянамі-падданымі есьць мана і у жыццю ні істнуя, што прыгон — як яго ні фарбуй, — усе ж такі астаецца нічуваным зьдзекам чалавека над чалавекам, што развіцце краю, палепшення аканамічнаго і культурнага стану вясковага люду магчыма, толькі рышуча парваушы з старым укладам жыцця — гэная шляхта дамагалася скасавання прыгону і перебудавання дзяржауных устаноу на падвалінах лібэральных.

Атсюль выходзіла, што адносіны яе да расейскага ураду былі варожымі. Але, ні гледзючы на свае дэмакратычные пагляды, шляхта гэтая ні мела ніякага падтрымавання ад селянства. Для вясковага люду гэта былі тыя самыя паны, ад якіх ен столькі выцерпеу.

Такім чынам яна хоч-ні-хоч прымушана была зьвертацца на Польшчу і падлуг таго глядзець польскімі вачыма на беларускую справу.

Усе гэтыя варункі мейсцоваго жыцця адбівалісь у творчасьці Мацея Бурачка. Ен ужо не апісывае селянскія вечарніцы, добрых паноу і верных хлопау — не! Ен зауседы резка гавора аб тым, што пан — гэта эксплуататор, што наагул кожны, хто ні працуя, каб дабыць сабе кавалак хлеба, тым самым сідзіць на карку у мужыка і паедае яго працу.

Па малюнку Бурачка пан ні толькі нічога добрага ні робіць мужыку, але наадварот, мала таго, што корміцца ад яго працы, яшчэ і намаўляе яго на благія умыслы, Так, прыкладам, у вершу „Панскае ігрышча“ М. Бурачок апісвае, якое ураження робіць на працуючага мужыка вяселае і гультайскае жыцце паноу:

…Пасьля паны як заселі
За сталамі чыста усе,
Дык пілі, пілі, а елі!
Дык ніхай іх пранясе!
Вот каб гэтак мы гулялі!

І так цілі і так елі, —
Я б зауседы быу на балі
Ад нядзелі да нядзелі!

Наагул, гэты верш есьць зьдзек і абраза для усяго шляхотнаго стану. У другім вершу: „Адказ Юрцы на панскае ігрышча“ М. Бурачок піша:

…А што паны ядуць ласа
І што смачна магуць піць:
Ото соляць свае мяса,
Бо ужо сталі чыста гніць!…

Пакуль паны ні перастануць быць панамі, пакуль яны ні пачнуць працаваць шчыра на карысьць простаму народу, датуль ніякія іхнія установы, па думцы Мацея Бурачка, ні здольны палепшыць жыцце селяніна.

У вершу „Скацінная апека“ М. Бурачок яскрава выкладае, якую крыуду робяць мужыку сваей рупнасцю такія, бытцым, літасцівыя паны, як „сябрукі хаурусу апекі над жывелаю“.

Далей суд прысяжных! Гэта лібэральная установа сустрэла вялікую прыхільнасьць у грамадзянскіх колах. Але як ставіцца да яе М. Бурачок, магчыма убачыць, прачытаушы верш: „У судзе“.

І здаецца, што яго пагляд быу бліжэй да народнага, чым пагляды лібэралау.

Так сама скасавання уніі. Сколькі перацярпеу бяздольны беларус-селянін за сваю веру ад езуітау, гэта і выказаць ні магчыма. Столькі зьлеку, зневагі, пакуты, бадай ні воднаму народу на сьвеці, апроч мабыць, жыдоу, ні выпала на долю, як народу беларускаму. Скуткам усіх захадау каталіцкіх было тоя, што частка нашаго народу пераварацілася на вунію. Вунія існавала ні адзін дзесятак гадоу. Як-ні-як, але яна зрабілась верай часткі беларусау, і з гэтым павінен лічыцца усякі урад, калі ен дэмакратычны і паважае душу народа. Але у Расеі ніколі ні зважалі на чалавека. Пры Міколаі I пачалі казацкімі нагаямі ды пастоямі перавертываць беларусау-вуніятау на праваславных і перевярнулі… на католікау-палякау. І тут М. Бурачок у вершах „Хресьбіны Мацюка“ і „Свая зямля“ малюе настрой, які будзіуся у душы народа ад такія рупнасьці паноу i чыноунікау. Пад уплывам гэтых „шчыра-рускіх“ захадау каля вуніятау радыкальная шляхта мейсцовая, ужо і так апалячаная, з вялікаю ахвотаю павертала свой твар да Польшчы. У адраджэнню старажытняе Рэчы Паспалітае яна бачыла спасення свае ад расейскага уціску і бязпрауя.

Ведама, што пры таком паглядзі трэба было заплюшчываць вочы на тоя, што тварылася у гэнай славутнай Рэчы Паспалітай с простым народам, і, такім чынам, супярэчыць уласным дэмакратычным поглядам.

Варожыя адносіны да Расеі і цяга на берагі Віслы прымусілі переказіць і гістарычныя падзеі. Так, у прадмові да „Дудкі Беларускай“ М. Бурачок піша: „…С прадвеку як наша зямелька з Літвою злучылася, так і з Польшчаю з‘едналася дабравольная, дык усе яе Беларусью звалі“. Мы добра ведаем, якоя гэта была „дабравольнае“ злучэнне і да чаго яно давяло і Беларусь і Польшчу!

Німа чаго казаць, што польскія сымпатыі нічагусенька ні памаглі у здзійсненню тых пажаданяу, якія манілася дасягнуць радыкальная „інтэлігенцыя“. Наадворот, пасьля паустання 1863 року, пачынаіцца рупная праца дзеля абрусення краю. Падлуг таго зараз з замахам на усе праявы польскае культуры зністажаюцца амаль да шчэнту первясткі культуры самабытнае беларускае. Адначасна з працаю расейскіх урадауцау пачынаіцца „навуковая“ навала на беларушчыну. З‘яуляюцца працы Кояловіча, Батюшкова, маючыя мэтаю праканаць расейскае грамадзянства, што „тутэйшы“ народ нічым ні розніцца ад маскоускага, што якія-кольвек асобнасьці яго гутаркі і звычаяу есьць толькі скутак польскага уплыву. Усе гэныя варункі рабілі працу над адраджэннем беларускага нацыянальнага руху надта цяжкаю. Досыць паведаць, што кніжкі М. Бурачка мусілі друкавацца за межамі дзяржавы Расейскае у Кракаві і Пазнані, а зборнік песьняу другога песьняра беларускага — Янки Лучыны, (Івана Неслухоускага) сучасніка М. Бурачка, трохі маладзейшага ад яго, пашанцавала выдаць толькі дзякуючы таму, што патрапілі праканаць цэнзара, быцым гэта вершы на баугарскай мові!

У зборнік, пад прозвішчам „Вязанка“, увайшла толькі вельмі нізначная частка напісаных праз яго вершау. Большасьць іх досі істнуя у рукапісах, ляжыць па кніжніцах прыватных асоб і чакае свайго часу, каб быць надрукаванымі.

Я. Лучына трымауся нааугул тых самых грамадзянскіх паглядау, што і М. Бурачок. Ен так сама быу шчырым „народнікам“ і ворагам прыгону і усіх яго скуткау. Так сама, як і Бурачок, меу нахіл да польскай „оріэнтацыі“. Але у яго творах меняй запалу і больш безпасредняга пачуцця да прыроды.

Па сваей песьнярскай здольнасьці ен ні рауня Бурачку, але і у яго есьць досыць прыгожых вершау і па формі і па зьместу. Вось, прыкладам, верш, якім пачынаіцца „Вязанка“:

Ні я пяю — народ Божы
Дау мне у песьні лад прыгожы,
Бо на сэрцу маю путы
І з народам імі скуты.
З ім я зліуся з добрай волі,
Чы то у долі, чы у нядолі.
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асіна грудзь трасецца.
Чы пра радасьць чую весьці,
Усе у грудзь хаваю дзесьці.
Мне гаворыць веска, хата,
Мне гаворыць сэрца брата.
Рад збіраю, што пачую,
У грудзі сваей нашу я,
Аж, як траука на кургані,
Яно узыйдзя — песняй стане.

Із гетага верша мы бачым, што Я. Лучына зусім хоча з‘еднацца з народам, досягнуць таго, каб праз яго песьні гаварыу сам народ.

Сам ен лічыць себя народным песьняром, чым сі падобным да грецкіх рапсодау. І, пеуня, што па складу і зьместу яго вершы зусім простыя і, адначасна с тым, здольныя закрануць сэрца і узварушыць у душы лепшыя чалавечыя пачуцця.

Трэйці песьняр гэнай добы — Ядвігін Ш. (Антон Левіцкі) дажыу да нашае пары і пабачыу свае творы друкаванымі ужо пасьля 1905 року.

Паходзючы з дробнае шляхты, як і першыя песьняры, ен аднака ні далучаіцца цалком да двух папярэдніх ні па сваім грамадзянскі—дзержауным паглядам, ні па напрамку сваей пісьменскае працы. Але розніцца ен і ад дзеячоў „Маладое Беларусі“ якія выступілі на грамадзянскую і пісьменскую ніву ужо у часы рэволюцыйнага руху 1905-06 pp.

Стаіць ен, ні раунуючы, як капец, на мяжы двух пакаленняу, сьцярагучы спадшчыну мінулага і стрымаючы памылковыя крокі сучаснага.

Але, каб уразумець характар яго творчасьці, якая мела мейсца пры значна іншых умовах, чым творчасьць Бурачка і Лучыны, трэба уявіць сабе, якія скуткі мела праца гэтых пісьменнікау, і пры якіх умовах пачауся і буйнеу апошні культурна-нацыянальны рух на Беларусі.

Паустанне у Польшы і яго адбітак на Літве і Беларусі скончылася, як ведама, поуным грамленнем „радыкальнае“ шляхты.

Селяне ані крануліся, каб падтрымаць гэную „панскую“ выдумку. Усе агітацыйныя лісты, як, напрыклад, „Гутарка старога дзеда“. „Перадсмертны разгавор пустыльніна Пятра“, „Мужыцкая прауда“ можна сказаць, ні мелі ніякага уплыву на селян. Доуга трыманы у паняверцы народ ні верыу ніякім пасулам аб будучым салодкім жыццю у нізалежнай дэмакратычнай Польшчы і сьмеяуся над абецанкамі вольнасьці і братніх адносін з боку шляхты, кпіу з таго, як паны уцякалі „до лясу“ і ахвоча памагау казакам лавіць „бунтароу“.

Гэта было поунае зністажэння шляхецкі-радыкальных надзей і пажаданняу а разам з тым і „народніцкага“ напрамку беларускага пісьменства. Пакуль ні прачнуліся народныя масы, пісьменнасць беларуская шляхецкага вырабу, хуч шчыра демакратычная і надта радыкальная на свайму напрамку, ні мела ні уплыву, ні пашырення. Мімаволі хочыцца перавярнуць словы Маркса; „вызвалення працуючага люду можа быць створана толькі праз яго самаго“ на гэткія; „вызвалення прыгнечанага народу можа быць толькі задачаю шырокіх, праудзіва-народных мас.“

Але беларускі народ спау магільным сном.

Для шырокага народнага руху ні прыйшоу час. Шляхта усякага колеру і напрамку пераводзілась дзеля грамадзянскі—эканамічных умоу. З аднаго боку яна пазбаулялася сваіх маенткаў, якія пераходзілі у рукі купцоу, з другога канчальна зракалася свайго беларускага паходжэння і пераходзіла у стан палякаў ці расейцау.

Так, ці неяк, але опошнія падваліны шляхецка-беларускага руху суздром руйнавалісь. І зноу беларускі рух замірае на доугіе гады.

Але культурная спадшчына робіць сваю працу. Студэнтская моладзь беларуская гуртуіцца у розныя суполкі, колы, грамады па унівэрсітэтскіх мейсцох Расеі: Кіеві, Харкаві, Маскве і асабліва Петраградзі. На пасядзеннях гэтых гурткоу чутна беларуская гутарка, ідуць размовы аб выдавецтві беларускіх пісьменнікау, ля прафэссарау, чытаючых курсы аб Літоускай дзержаве, западнорускай мові і г. д. складаюцца гурткі — і так паволі кратаіцца беларускі рух, чакаючы лепшых часоу.

На Беларусі пасьля Мурауеускае навальніцы пачынаіцца болей спакойная пара. Пачынаіцца праудзіва навучнае звучэння краю. У розных выданнях урадовага характару як, „Виленскій вѣстник“ і розныя „Губернскія вѣдомости“ побач з этнографічным матэрыялам, часамі вялікае вартасьці, друкуюцца беларускія вершы і апавядання часта штучныя, але ні выкінутыя цанзураю, якая уважала іх за этнаграфічны матэрыял. Вось у гэтыя часы і выступіу Ядвігін Ш.

Стары напрамак „настауніцка-публістычны“, запаведаны Марцінкевічам і Бурчаком, ужо аджыу свае. Каб паставіць беларускае пісьменства на ногі, треба было даваць творы, вартыя с погляду мастацтва, здольныя зьвярнуць на сябе увагу беларускае дэнацыяналізованае „інтэлігенцыі“, патрапіць закрануць яе заснуушае нацыянальнае пачуцце.

Творы Ядвігіна Ш. маюць рознае абліччо. Із яго гумарыстычных апавяданяу лепшыя — гэта пераклады народных казак. Тут народная творчасьць і уласная надта хораша дапасуюць адна да воднай.

Мало мастацкімі лічу я такія сьмешныя апавядання яго, як „Важная фіга“, „3 маленькім білецікам“. Але малюнкі з вясковага жыцця надта добры па формі і па зьместу. Чытач сам у гэтымъ можа праканацца, пазнаеміушысь у гэтым зборніку с апавяданням „Гаротная“.

Такім чынам Ядвігін Ш. сваімі творамі паставіу беларускую пісьменнасьць на шлях праудзівага мастацкага адбітку жыцця. Без усякіх „навук“ і „напрамку“ Ядвігі Ш. апісвае нінадмалеванае жыцце, як яно есьць, і гэта рабіло лепшы уплыу, чым самыя радыкальныя думкі, прыбраныя у вопратку верша.

Годы вялікай навальніцы, першага дмуху рэволюцыі, 1905-1906 р.р. прабудзілі і Беларусь. Зямельнае пытанне, якоя ні здоляу вырашыць самадзержауны урад за доугія часы свайго панавання, ні страціла сваей войстрасьці і дагэтуль. Але у 1905-1906 р.р. яно было знакам селянскага руху. Селяне, мо першы раз у жыццю, пачулі, што яны: „жыцця валадары“.

Як ведама, селянскі рух скончыуся нічым. Вясковы люд апынууся у тым жа становішчу, як і раней, але для народнага самапазнання рэвалюцыйная завіруха зрабіла шмат.

Яшчэ боляй адукавала яго палітыка Дурново-Столыпіна.

Святлейшыя галовы паміж вясковаю моладзью, атрымаушыя якую кольвек асьвету робяцца сьвядомымі рэволюцыянерамі. Яны ідуць на веску, як вучыцелі па школах, працуюць па спажыучым суполкам і усюдых, дзе толькі есьць магчымасьць, шыраць думку аб патрэбі арганізацыі і нацыянальнага адраджэння.

Гэтую працу па кутках Беларусі аб‘еднау выйшаушы у канцы 1906 р. першы беларускі штодзеннік „Наша Доля“, які адразу узяу шчыра демакратычны напрамак і сустрэу прыхільныя адносіны ад усіх хуч трохі асьвечаных беларусау. Але праз колькі месяцау ен быу зачынен Урадам за „вредное направленіе“. Нізабарам выйшау новы штодзеннік „Наша Ніва“, каторы патрапіў дацягнуць да самае вайны і толькі ужо у час вайны быу спыняны Урадам.

„Наша Ніва“ з‘явілася тым праудзівым асяродкам, да каторага цягнулася усе сьветлае, маладое, шчырае на Беларусі. Супрацоунікамі гэнаго штодзенніка былі яго ж чытачы із простаго сермяжнага люду. З самых глухіх куткоу Беларусі насылалісь да рэдакціі вершы, апавядання, проста допісы — і такім чынам сам народ прыймау учасьць у стварэнню шчыра-народнага пісьменства. Хутка над грамадой супрацоунікау паднялісь выдатныя песьняры: Якуб Колас, Янка Купала, Карусь Каганець, Цетка, Цішка Гартны, Бядуля, Алесь Гарун, А. Пауловіч і шмат іншых. Па за межамі Беларусі у гетыя гады пачау сваю пісьменную працу М. Богдановіч.

За вылучэннем Богдановіча, Пауловіча і Бядулі, рэшта песьняроу паходзіць із самай глебы народу. Усе гэта дзеці простых селян — земляробау; свае дзяцінныя і маладыя гады яны правялі на весцы, жывучы пры такіх жа варунках, як і іхнія бацькі.

Ні дзіва, што зьместам амаль ні усіх творау гэтых пісьменнікам з‘яуляіцца жыцце селяніна-беларуса, з усімі радасьцямі і смуткамі, з усімі яго пажаданнямі.

Асноуная думка усяго новага пісьменства — гэта узнання беларусам у самым сябе чалавека.

У першым вершу „Мужык“, якім пачау сваю пісьменную працу Я. Купала у расейскім штодзенніку „Сѣверозападный Край“, ен піша:

„… Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, братцы ні забуду,
Што чаловек я, хоць мужык…“

I вось пытання аб тым, што зроблена, ці робіцца для мужыка-чалавека, ні дае супакоіцца, ні дае затрымацца нашым песьнярам на „поэзіи чистаго искусства“.

„… Што насып размыла жвіровы?
Што спаць мне у зямлі ні дае?
Чаго кажаны тут і совы
Зьляцелісь на косьці мае?
Проч, гадзіны, сліуні, рапухі,
Хоць згіньця у праметнай на дне.
Благія і добрыя духі
Прыбліжціся жыва ка мне!
Так спаць ні ахвота век цэлы;
Мне хочэцца ведаць, пачуць,
Што чутна на сьвеці на белым.
Патомкі мае як жывуць.
Ці досыць ім хлеба, да хлеба,
Як добра ім плаціць зямля.
Ці ласкі ад сьвету, ад неба
Ні маюць, як некалі я.

Ці песьні пяюць, ці як мухі
У цянетах гніюць павука.
І усе гаварыця мне духі,
Што зробленна для мужыка.

Так пытае цень мужыка у „Адвечнай песьні“ Купалы. Але ні Колас, ні Купала, наагул ніхто із новых пісьменнікау, ні спадзіваіцца, што вызвалення народу можа быць паміма яго самаго. І ад шчырага сэрца ад глыбокага праканання, што адзін праудзівы шлях вызвалення, гэта развіцце грамадзянскае працы— усе яны клічуць да яе.

Асаблівая энэргія чуіцца у вершах Цеткі і Цішкі Гартнага (3. Жылуновіча) предстаунікоў беларускага мейскага працоунага руху, беларускага пролетарыяту.

Але первясткі пролетарскага руху на Беларусі яшчэ надта кволыя ды і неаткуль гэтаму руху набрацца моцы, калі у нашым краю бадай што ні істнуя буйнай фабрычнай прамысловасьці. Народ селянін, старажытны славянін — жыхар пушч і балот, народ — араты, стварыушы вельмі багатую лірыку, народ ціхі, з задуменнай душою, вырадзіу і песьняроу падобных да сябе: Маркотная лірыка перемагая у іх другія роды пісьменства. У сваіх лірычных творах яны выліваюць усе пачуцця сваей душы: кахання да роднага краю, свае мары аб будучыні, сваю маркотнасьць, сум, пажадания, смутак аб гаротнай долі краіны сваей.

Цяжкая, што і казаць, дарога беларускага адрадження. Збудзілася ад векавечнага сну толькі жменя нашага народу. Нават у нашы часы вялікія і грозныя навальніцы, калі рэвалюцыя да самага дна узварушыла людцкоя мора, вялізныя масы народныя астаюцца у страшэннай цемры. Кратаюцца яны, ні раунуючы, як сляпыя краты, шукаючы абмацкам лепшое долі і ніведама куды вынесе іх рэволюцыйная хвіля. Але ведама адно, што народ наш, як нацыя ужо ні згіне. Ен дайшоу, — прауда, пакуль яшчэ толькі у нізначным ліку — да самасьвядомасьці. Ен радзіу сваіх уласных песьняроу, кроу ад яго крыві, косьць ад косьці яго, і якая розніца у настроі новай пісьменнасьці і старой!

Старая пісьменнасьць — шляхецкая па персональнаму складу песьняроу і народная па свайму напрамку — подлуг гэтыхъ умоу стаяла на мыльным грунці. Народу яна была нідаступнай дзеля яго малай асьветы і варожых адносін да паноу. Шляхта ж ахвотаю чытала цікавыя і сьмешныя апавядання із вясковага жыцця, але зусім ні згаджалася разважаць пытання, каторыя датаркаліся яе кроуных інтэрэсау.

І шляхецкая пісьменнасьць загібла без пары, ні маючы падтрымку і бачлівасьці. Новая пісьменства стаіць грунтоуна. Яно ні мае ніякай прычыны звертацца адразу да паноу працоунага люду.

З панамі нічога супольнага новая пісьменства ні мае, нічога ад іх ні спадзівіцца. Уся ідэолегія старыя, нават радыкальныя, шляхты далека ад пажаданняу і мэт беларускага руху, як далека неба ад зямлі.

Новая пісьменства у самыя цяжкія часы свайго істнавання ні шукала прытулку у царстві мар; наадварот, заусяды цьверда і сьмела глядзела у вочы усякаму ліху.

Яно адверта кажа прауду пра сучаснае жыцце, пра становішча народу і ні усыпляе яго энергіі байкай пра салодкую будучыну.

Што кажыш мне, паэт, а праудзі тэй, што будзе.
Мне сэрца кроіцца ад крыуды нашых дзен!
А бачу добра й сам: ідуць да прауды людзі,
Расьцець яе жаунер і шырыцца загон.
Марудна братачкі! І покуль сонца узыйдзя,
Дык вочы выесьць нам салоная раса,
І покуль першы дзень людскога шчасьця прыйдзе,
Мільены сэрц праткyе гароты злой каса.


Пакінь, пакінь спеваць, а праудзі тэй, што у небі!
Яна чужая намъ, таемныхъ прауда сіл;
Яна ні сходзіць нам у канечнае патрэбі,
Калі пакутны дзень так довяг і ні міл.


Прашу цябе, мой брат, сьпевай аб нашым горы,
Аб тым што есьць цяпер і што дауней было,
І што на усякі твар, кладзець як плуг разоры,
І што у мільенах душ, разоры правяло.
Прашу цябе, сьпевай аб горы песьнь адну ты
І наш гаротны лес рабі яшче цяжей,
Тагды, пабачыш сам, парвуцца духа путы
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.

(„Поэту“ А. Гарун. „Матчын дар“).

Кіеу. Люты 1919 р.

Лявон Леуш.


  1. Замета: У гэтим артыкулу німа змогі разгледзіць, што такоя романтызм. Хто гэтым цікавіцца, таму я прапаную узяць які небудзь добры падручнік па гісторыі прыгожага пісьменства, ці кніжкі, якія маюць сваею мэтаю тлумачыць гэтае пытання, прыкладам: Котлярэвські: „Поэзія мировой скорбі“, Коган: „Романтизм в западно-европейской литературѣ“.