Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства (1919)/3
← Гісторыя беларускага пісьменства | В. Дунін-Марцінкевіч Публіцыстыка Аўтар: Леанід Леўшчанка 1919 год |
„У карчме“ з аповесьці „Гапон“ → |
Вінцук Дунін-Марцінкевіч.
В. Марцінкевіч радзіуся у 1807 р. Бацька — дробны шляхціц — быу пасэсарам у Бабруйскам павеці у Меншчыні, дзе арандаваў фольварк Панюшкевічы. У гэтым фольварку і правеу свае дзяцінные і школьные рокі малады Вінцук, пакуль ня скончыу сяредняй школы у Бабруйску, у 1824. Каб атрымаць Вышейшую адукацыю, ен с пачатку паехау у Вільню, а патым у Пецярбург, але, ні скончыуші універсітэту вярнууся да дому і пачаў служыць у Менскіх урадовых установах аж да 1840 р., калі ен здоляу купіць маленькі фольварк Люцынку пад Менскам дзе і пражыу да сваей смерці у сакавіку (марту) 1855 р. Марцінкевіч пісау па польску боляй, як па беларуску, але ні польскія творы яго, а беларускія дабылі яму славу пісьменніка. У гэтых астатніх ен выявіу досыць вялікую творчую здольнасьць і артыстычнае пачуцце, тагды як польскія яго творы нічога цікавага ні маюць. У гэтым, здаецца, магчыма бачыць, як праз чужую, польскую культуру прабіуся прыродны беларускі дух.
Першым творам Марцінкевіча была „Селянка“ опера у двох дзеях, музыку да якой напісау Ст. Монюшка. У гэтым твору па беларуску гавораць толькі селяне; большасьць асоб ужывае польскую мову. Але потым з‘яуляіцца „Гапон“ адзін з лепшых творау Марцінкевіча, напісаны выключна беларускай мовай. Далей Марцінкевіч надрукавау: „Вечарніцы“, „Купалля“, „Шчэроускія дажынкі“, некалькі вершау і переклад першых двух быліц вялікага твору А. Міцкевіча „Пан Тадеуш“. Далейшая выдауніцкая праца Марцінкевіча скончалася дзеля забароны у 1859 р. беларускага друку. Але у рукопісах есьць яшче шмат яго творау. Паміж іншымі „Пінская шляхта“, якая была надрукавана першы раз толькі у прайшоушым року у „Вольнай Беларусі“.