Збор твораў (Бядуля, 1937)/I/На раніцу з неба пакралі ўсе зоркі

У зімовы дзень *** На раніцу з неба пакралі ўсе зоркі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
*** Начлежнікі пяюць. Над вогнішчам туман
Іншыя публікацыі гэтага твора: На раніцу з неба пакралі ўсе зоркі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗   ∗

На раніцу з неба пакралі ўсе зоркі
І ноч пабляднела ў цяплыні.
Пад грэбляю кончылі жабы гаворкі,
Шпакі не крычалі над млынам.

Згубіла зарніца чырвоную хустку
На ночным вясёлым гулянні.
Паветра было так пахуча і густа,
Расу вышывала паляна.

І хаты і гумны ў тумане патоплі,
У вэлюмы іх абгарнулі.
На лісцях кляноў запаліліся кроплі,
Расло кукаванне зязюлі.

Прытульна, бы ў хаце, было пад туманам.
Дымілі азімы ля гаю.
Заснула ля крушні пад мшалым парканам
Пастушка — бабуля старая.

Бы корч пажаўцелы — крывы і кароткі —
Тут выкалупалі лапаткай.
У твар калі глянеш — няйначай стагодка,
А з росту — малое дзіцятка.

І нюхала камень худая цялушка.
Дзяўблі гнілы корч гусяняты.
Над дзічкай звінела маленькая птушка,
І пахла дымком гаркаватым.

Пасадзец, 1910 г.