Збор твораў (Бядуля, 1937)/II/Ганулька

З песень зімы Ганулька
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Вясной
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ганулька.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАНУЛЬКА

То не жаўранак над гаем,
То Гануленька спявае,
Каля рэчкі-весялушкі
Пяе песні, нібы птушка:

„Набяру я збан вадзіцы,
Буду мыцца, весяліцца.
Расплятаці буду косы,
Басаножкаю — на росы“.

„Як рассеюцца туманы,
У люстэрка-рэчку гляну
На свой белы твар дзявочы,
На васількавыя вочы“.

„Назбяру шмат кветак белых,
Назбяру шмат ягад спелых
І пайду я пуцявінай
Па зялёнай па лагчыне“.

„І пайду цяністым борам,
Сонцаграйным касагорам.
Там схаваюся далёка
Ад зайздроснага ад вока“.

„Там на пасеках мядовых,
Там у пушчах у хваёвых
Прыпаду да мшыстай горкі,
Там сустрэнуся з Ягоркам“.

Так Гануленька спявае
І на кладачку ступае.
Кладка крэхча ля парэчкі.
Бух — Ганулька упала ў рэчку.

Застагнаў чарот зялёны,
Закружыўся вір шалёны,
Кружаць кругі, зыбяць зыбкі,
Устрывожыліся рыбкі.

Праз дзён колькі пад ракітай
Знайшлі людзі збан разбіты.
Хоць шукалі многа часу,
А дзяўчына не знайшлася.

Каля рэчкі стаў Ягорка.
Хлопцу сумна, хлопцу горка.
Ён на чулых гуслях грае
І з грамадай размаўляе:

„Не тапчыце дробнай роскі,
Дробна роска — яе слёзкі.
Вы не рвіце незабудкаў,
Незабудкі — яе грудкі“.

„Не чапайце тут парэчкі,
Васількоў ля гэтай рэчкі:
Куст парэчкі — стан дзявочы,
Васількі — Ганулькі вочы“.

„Не касіце кволай траўкі,
Не чапайце птушкі-грайкі:
Квола траўка — яе волас,
Спевы птушкі — яе голас“.

Менск, 1917 г.