Панясу кавалю
Скарб-саху я сваю.
Ён ачысціць нарог
На вялікіх агнёх.
Молат гучна грымне —
Ржа-луска адпадзе.
Скарб-саха, не на жарт,
Будзе мець моцны гарт.
На шнурах-пустырах,
На здзічэлых палях
Буду глебу раўняць,
Буду поле араць.
Шыр запахне раллёй,
Жыватворчай зямлёй.
Там, дзе страхі былі,
Дзе гарматы раўлі,
Там, дзе смерці садом
Папяліўся агнём,
Дзе дыміла расой
Чалавечай крывёй,
Пад стагнаннем зямля, —
Пойдзе праца мая.
Што прайшло, то — нішто,
Я ўзмацнею у раз сто.
Загарыцца ў грудзях,
Заіскрыцца ў вачах.
Устрахну галавой,
Узмахну я рукой,
Запяю з зор да зор
На бязмежны прастор.
Менск, 1922 г.
|