Збор твораў (Бядуля, 1937)/V/Шамшавілі

*** Ветракі, навакол ветракі Шамшавілі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1937 год
Ноч расла, як горны сон
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шамшавілі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШАМШАВІЛІ

Мора сініцца сінім алоўкам.
Ідзе берагам чорнавалосая.
Як дзіцё, мне ківае галоўкай,
А вачыма глядзіць, як дарослая.

Мігаціць чорнаморскаю чайкай,
Пахне ружай і кволай магноліяй,
Спрытна грае усмешкаю-грайкай,
Нешта кажа забаўна-вясёлае.

І гавора, гавора, гавора:
Гуды пчол, шэпт травы, буры грокаты,
Лёгкі свіст, звон галін, шумы мора,
Часам чуеш арліныя клёкаты.

Высыпае з скалістых заховаў
Усе водгукі сонцам аблітыя.
Не дарма-ж яе родная мова
Мае болей за семдзесят літараў.

Нібы хвалі, за хвілямі хвілі
Паплылі пад гамонку бяседніцы:
І завецца — Маро Шамшавілі,
І жыве недалёка у крэўніцы.

Яна доч бедняка, комсамолка,
А вучыцца пайшла за настаўніцу.
Мора сініцца сінім алоўкам,
Вечным летам краіна тут славіцца.

Лета вечнае толькі празвалі:
Надышло гэта лета з Советамі.
А раней, як князі балявалі,
Горш зімы былі дні вечна летнія.

Яе вочы мяне варажылі.
Я глядзеў ёй у ясныя зоранькі.
Потым выразаў я „Шамшавілі“
На кійку сваім вострым сцізорыкам.

Гагры, 14/III 1926 г.