Пытаў ручаёчак
Сірату-вярбіну,
Што над ім стаяла,
Зьнізіўшы галіны,
Да вады галоўку
Зьвесіўшы самотна,
Ды з паўднёвым ветрам
Зюкала журботна:
„Адкажы мне, вербачка,
Адкажы мне, мілая,
Чаго ты ўсё смуцішся,
Журышся, пахілая?
Без пары, бяз восені
З галавы-каронанькі
Ты раняеш лісьцейка,
Свой убор зялёненькі?
І аб чым так жаласна
З ветрыкам шапочаш ты,
Бы стаміцца-згрызьціся
Хочаш ты знарочыста? Кудры твае пышныя
Жоўкнуць, высякаюцца,
А лісточкі кволыя
Па зямлі качаюцца.
Адкажы мне, вербачка,
Адкажы мне, мілая,
Чаго зажурылася,
Смутная, зьнясілая?“
Зашумела ціха,
Жаласна вярбіна:
„Горка мне, мой любы,
Горка, сіраціне!
Цяжка маім ножкам —
Цісьне іх каменьне,
А твая вадзіца
Зрэзала карэньне.
Грунт мой пад нагамі
Зрыла-раскапала,
Сокі майго сэрца
Усе яна забрала.
Моладасьць сваю я
Марна загубіла…
Ой, нашто-ж так шчыра
Я цябе любіла?“
1910 г.
|