Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.
А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.
У нагах трава
Нізка сьцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.
Ўглыб зямлі вайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!
Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
Лапы крэпкія.
Комель — слуп-скала,
Дыша сілаю,
А ўгар зірнеш —
Шапка валіцца.
Дуж ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Мнга бур ты зьнёс
На вяку сваім!
Налятаў віхор
З навальніцаю,
Ды ня гнуўся ты
Перад бураю!..
Гэй ты, дуб стары,
Вартаўнік лугоў!
Аддае твой шум
Сьпевам-музыкай.
А пра што шуміш
І аб чым пяеш,
Пра то ведаюць
Ветры вольныя,
Што з табой вядуць
Мову сталую
Ў летні добры час
Або восеньню.
Я падслухаю
Гэты шум лістоў,
А з іх гутаркі
Песьня зложыцца.
1910 г.
|