Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Першы гром

Дуб Першы гром
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Ноч прад навальніцай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы гром.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ ГРОМ

Голасам моцы, ціха і важна
Гром пракаціўся ўгары.
Луг адазваўся грому працяжна,
Лес адгукнуўся стары,

Гай страсянуўся, дрыгнула поле,
Долы той гук панясьлі.
Ў гэтым раскаце чуецца воля,
Чуецца радасьць зямлі.

Ў грукаце гэтым многа ёсьць сілы,
Чуецца моц і прастор…
Першыя громы! Сэрцу вы мілы,
Люб мне ваш сьмех паміж гор.

Міл майму сэрцу гоман далёкі,
Водгук вясёлы і шум.
Гром ты магутны, гром адзінокі!
Колькі ўскатурхаў ты дум!

Моцна мяне ты клічаш на волю —
Цяжка бяз волі мне тут.
Кланяйся, громе, роднаму полю,
Родны вітай ты мой кут!

1910 г.