Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/II/Ноч прад навальніцай

Першы гром Ноч прад навальніцай
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
На лузе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч перад навальніцай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ ПРАД НАВАЛЬНІЦАЙ

Стаў чырван месяц круглаліцы,
І зоркі боязна дрыжаць,
А там крыжуюцца зарніцы,
Бы косяць неба-сенажаць.

Бурліць крыніца агнявая,
Бы нейкі грозны віхар-вір,
І бляскі-іскры разьлівае,
Як залаты агністы жвір.

Замоўк дзянны клапотны голас,
Усюды сон, спакой ляжыць.
На ніве чутка дрэмле колас,
І ліст на дрэве ня дрыжыць.

Люблю я ночы той час дзіўны,
Калі прастор, абняты сном,
Пабудзіць голас пераліўны —
Далёкіх хмар магутны гром.

Калі працягла заракоча,
Гугухне голас угары,
І шыба ў вокнах забразгоча,
І гоман пойдзе па бары.

А хмара грозна націскае,
Маланка неба баразьніць.
А ночка сьпіць, а ноч ня знае,
Што зараз бура зашуміць.

1910 г.