Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Профэсару Б. Эпімах-Шыпіле

Памяці С. Палуяна Профэсару Б. Эпімах-Шыпіле
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Памяці Т. Шаўчэнкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прафэсару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРОФЭСАРУ Б. ЭПІМАХ-ШЫПІЛЕ
З НОВЫМ 1910 ГОДАМ
[1]

Дружным ходам, год за годам
Зважна ўдаль ідзе, брыдзе:
То заплача, то заскача
Ў вечным ходзе, ў чарадзе.

І „дзевяты“ сходзе з хаты,
Кіне наша поле, луг;
Як на слова, годзік новы
Новых дзён вядзе ланцуг.

Зрокся трону і кароны
Сумны, трудны той „Стары“,
„Новы“ сядзе на пасадзе
Да сваёй гуляць пары.

Што прыносе: ці калосьсе,
Ці благое зельле нам?
Сіл ня маю, не згадаю:
Як пяройдзе — скажа сам.

З гэтым „Новым“ шчырым словам
Я віншую ў добры час:
Жычу Вам я несканана
Год бяз ліку жыць між нас!

Між сваімі ці чужымі
Жыць ды шчасьця нажываць;
Далей знаньня прасьвітане,
Як дагэтуль, засяваць!

Бо далёка, з рукі лёгкай,
Вольны, ясны мкне прасьвет;
Будзе ўнуку жыць ня штука,
Лягчэй будзе, як жыў дзед.

Глянуць зоры на прасторы,
Сонца стопіць путаў лёд;
К нам у сваты, з хат у хаты
Сьмела гляне новы ўсход.

Так, хто праўдай, чынам, радай
Ходзе спольна ў грамадзе,
Гоне ўпрочкі цемру ночкі,
Як ніколі, як нідзе.

За ўсю-ж працу ні палацаў,
Ані скарбаў не чакай;
Толькі будзе славы ў людзе,
Славіць будзе родны край!

А хтось гікне, дзіка рыкне
На бліск сонцавы жывы, —
Гэта стогны гадзін чорных,
На сьвітаньні крык савы.

Дружным ходам, год за годам,
Чараду затопе дзён,
З імі зводы, непагоды,
З імі ўсё міне, як сон.



  1. Б. Эпімах-Шыпіла — беларускі культурны дзеяч, які сваімі малымі заработкамі падтрымліваў беларускіх пісьменьнікаў у крытычныя моманты іх жыцьця. Рэд.