Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Па жыцьцёвай пуцявіне

Рвуцца сілы… Па жыцьцёвай пуцявіне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З васеньніх напеваў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па жыцьцёвай пуцявіне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПА ЖЫЦЬЦЁВАЙ ПУЦЯВІНЕ

Па жыцьцёвай па цярністай
Пуцявіне йду,
А за мной мая нядоля
Гоне ў сьлед бяду.

Бяда чорная такая
Сунецца, бяжыць,
Сьлёзы, жаласьць насылае,
Аж трудненька жыць.

Смутна, смутна, цурком сьлёзы
Льлюцца з-пад павек,
Хоць-бы йшла ўжо сьмерць-магіла,
Чымся так жыць век!

Эй, пайду я ў бор шумячы,
Песьню запяю,
Перад лесам выльлю скаргу
Горкую сваю.

Дзе ты доля, дзе ты воля?
Ня знаць, ня чуваць;
Глуха стогнуць дубы, хвойкі,
Галіны трашчаць.

Каб, здаецца, абняў елку,
Сагрэў-бы сабой,
А з людзьмі так неяк зімна,
Жудка, божа мой.

Акавала сонца праўды
Няпраўды зіма,
І як жыці, што чыніці?
Разгадкі няма.

Толькі чорная нядоля
Сунецца, плыве,
Хоць змагаюцца з ёй, гоняць,
А яна жыве.