Тут далёка, ў чужой старане,
Ўсякі раз, як збліжаецца ноч,
Сэрца больлю сьціскаецца мне,
І спакой недзе коціцца проч.
Думы цяжкія роем снуюць,
Капашацца чмяльмі ў галаве,
Сноў спазнаць залатых не даюць,
Кожна мучыць, к загубе заве.
Ўсё, што чахне, ня меў долі ў чым,
Чорнай п‘яўкай сьлізгоча ў душы…
Аб жыцьці беспраглядным сваім
Разважаю я ў гэтай цішы.
Ах, салодкі ўспамін не адзін
Шалясьціць, як вяроўкаю, кат…
Столькі іх, гэтых мілых часін!
А забыці іх сілы няхват.
Гэй, ты, гэй, прамінуўшы мой час!
Гэй, ты, гэй, мой цяперашні дзень!
Што я меў, што я маю ад вас?
Дзе прасьвету хоць цень — бледны цень?
Роднай песьні вясёлы напеў
Ня ўзлунаў над калыскай маей;
Супраціўны скрозь мучыць павеў,
Як за хлебам пашоў да людзей
Гоняць, гналі, дзе гнаці маглі,
Як шалёных ганяюць сабак;
На сваёй, ах, на роднай зямлі
Сустракаўся я з сонейкам так.
На зямлі, што дзед, прадзед сьлязьмі
І гарачай крывёй паліваў,
Ўнук — ужо між чужымі людзьмі —
Тэй зямлі трох аршын не дастаў.
Што-ж? — разгулівай, сыты чужак,
Між забраных крыжоў, курганоў,
Брат скаваны ня згіне і так:
Ён другіх пашукае братоў.
Гэй ты, краю халодны, чужы,
Прытулі бесхацінца к сабе:
Ён цябе, як і роднай мяжы,
Не забудзе ў прадсьмертнай кляцьбе.
Ты, дзяўчына чужая, закрый
Па скананьні мне зрэнкі мае,
Ты, чужы друг, мне яміну рый,
Віхр чужы хай памінкі сьпяе.
Крыж пастаўце, як ставіце ўсім, —
Мае путы павесьце на ім;
Мае сьлёзы з магілы расой
Выйдуць путы зьядаці іржой.
|