Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Бацькаўшчыне/Шлях мой…

Зоркі Шлях мой…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Дзе ты, шчасьце маё?..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шлях мой…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХ МОЙ

Шлях мой ня сьцелецца сонцам і кветкамі,
Гладкай, павабнай ня лёг раўніной, —
Паміж няўдалымі ўецца палеткамі,
Ўецца зімой і вясной.

Вечар і ночка закрылі мне раніцу,
Ўхуталі плесьняй, сівым туманом,
Даль-жа нязбытаю казкай туманіцца,
Казкай, нягаданым сном.

Вера ў дзень заўтрашні сілай няведамай
Думы гартуе ісьці, не чакаць,
Хоць-бы там злыдні плот ставілі бедамі,
Бедамі клікалі спаць.

Зойдзе брат сьцежку мне, путамі звонячы,
Пут гэтых толькі ня бачачы сам:
„Дзе ты ідзеш?“ — запытаецца, гонячы.
„Далей!“ — адказ яму дам.

Далей і далей праз выдмы няплодныя,
Ўсё непакорна, шукаючы ўсё,
Покі ня згаснуць прасьветачы зводныя,
Покі ня згасьне жыцьцё!..