Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Для яе/Заручыны

З табою… Заручыны
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Доўгажданая
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заручыны (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАРУЧЫНЫ

Далёкай, нялёгкай сьцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой,
Як цар і царыца;
Шурпаты няжаты сох верас ля ног,
Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох
Над цёмнай крыніцай.

На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясьмела раса, як сьляза,
На лісьцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў,
І шумам задумам законы пісаў
Ў нягаданых словах.

Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшыя пні,
Як варта на стражы,
І ціха суліхай сьціскаўся, плыў цень,
За горы, за моры адходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.

Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
І поўнач на помач, палохаці сны,
Нязначна падклікаў.
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў…
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
Бяз памяці, дзіка…