Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Груша

Вярба Груша
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Дзьве таполі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Груша (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГРУША

Калышыцца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільёны.

Шпакі на ёй чырыкаюць,
І белкі часам скачуць,
І сонца дарыць сьпекамі,
І хмары дажджом плачуць.

Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То з небам, то з зямлёю.

Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці,
Хоць мо‘ аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.

Хоць будзе мо‘ расказываць
Аб долі, аб багацьці,
З даўнейшага, прашоўшага
Пыл забыцьця зьмятаці…

О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці…