Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/На склоне лета

Адцьвітаньне На склоне лета
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
З асеньніх напеваў
Іншыя публікацыі гэтага твора: На склоне лета.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СКЛОНЕ ЛЕТА

Пусьцее поле, моўкне птушка,
Скідае жоўты лісьць бяроза,
Нямее песьня-весялушка,
Ліюцца з неба каплі-сьлёзы.

У полі глуха вецер сьвішча
І ў комін з шумам далятае.
Ні то жыцьцё, ні пажарышча,
Ні то пагібельнасьць якая!

А ў сэрцы, сэрцы неспакойным,
Жаль так і ўеўся з пусткай гэтай;
Снуюцца думы роем ройным:
О, як ты страшны мне, склон лета!

Была вясна, і ўсё на сьвеце
Жыло, цьвіло — і вось ня стала…
Няма вясны, заплач па леце;
Нуда ва ўсім запанавала.

Такая-ж доля наша, людзі:
Жыві ды пекайся ўсёй сілай;
Праходзяць годы, чахнуць грудзі,
Бач, і дапекаўся магілы.