Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Па межах родных/Явар

Явар і каліна Явар
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Дуб
Іншыя публікацыі гэтага твора: Явар (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯВАР

За пакутнай за гарою
Ўзьнёсься явар адзінокі
І ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі.
Колькі, бедны, крыўды мае?
Колькі жалю ў гальным шуме:
Хто падгледзе, ўсё згадае,
Ўсё прачуе ў соннай думе?
Смуцен явар. Змагаць-біцца
Сіл замала з непагодай —
Па лісточку, па галінцы
Ўсё губляе з кожным годам.
Гэй, і явар жыў на дзіва,
Паглядаў у сьвет з адвагай,
Быў ён князем гэтых ніваў,
На ўсім сьвеце меў павагу.
Ад узгорку да узгорку —
Ці там сонейка, ці вейка,
Ці-то соладка, ці горка —
Помніць явара жалейка.
І ў дзень будні і ў нядзелю
Ён з людзямі са сваімі.
Колькі песень аб ім сьпелі?
Колькі ў песьнях яго імя?
Зьбеглі леты за лятамі.
Як ня нашы, нашы песьні;
І мы самі, як ня самі.
А наш явар? Аж балесьне…
За пакутнай за гарою
Плача хмурны, адзінокі
І ківае галавою,
Ўсё ківае ў сьвет далёкі…