Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Сваім і чужым/Ён і яна

У вучылішча Ён і яна
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Падымайся, ўставай!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ён і яна (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЁН І ЯНА

Гэткай пары на сьвеце
Роўных ім ня было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ёй да твару ўсё шло.

Без яго ёй ня жыці,
А яму без яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.

Не чапалі іх мукі,
І ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі —
Толькі знай, толькі бач!

Слава йшла полем-борам,
І то йшла ня‘ бы як —
Ажна цёмненькім зорам
Было зайздрасна так.

Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць:
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх — не згадаць!

Так жылі, многа сьцёрлі
Лет сваіх маладых;
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.

Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
І нідзе, і ніхто.

Толькі чулыя людзі
Ўзьнесьлі насып з зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі:

„Дзьве душы бога просяць,
Каб хоць так бедным ім
На тым сьвеце жылося,
Як тут з імі жывым.

Бо жыла так прыгожа
Гэта пара адна:
Ён быў Голад-нябожа,
А Няволя — яна“.