Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пяшчанай сьцежкай
З навукай новаю к людзям.
Праціўны вецер лез у вочы
І плачам пеў, як дзіцянё,
Зьвяр‘ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганьнё.
А ён, ня знаючы граніцаў,
Ішоў хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд сьвяты агонь.
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла-б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць,
Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.
Аж так дасяг — аквечан хвалай —
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
Народ, змарнеўшы таго краю
Свайго на‘т, імені ня знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў.
Галовы людзі пахіліўшы
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.
Прарок — пасол сьвятла — ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:
Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманеце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!
Глядзеце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі тэй зямлі.
Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі-б полымем зары?
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.
На зло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход
І дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
І знаю, што было, што будзе,
І вас у крыўды не аддам“.
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
— Па колькі-ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
...........
|