Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Мая вера

Блізкім і далёкім Мая вера
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Песьняй толькі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая вера (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ВЕРА

Ня веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам ня веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.

Ня веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.

Ня веру ў фокусьнікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных сьлепакоў.

Ня веру ў каменны багоўні,
Ў людзкой асьвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
Жывому духу ланцугі.

Ні за якую плату, меру
Ня дамся гэтай варажбе…
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.