Збор твораў (Купала, 1925—1932)/V/III/Мой цень

Вечар Мой цень
Верш
Аўтар: Янка Купала
1928 год
Нашто?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой цень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЙ ЦЕНЬ

Як прыдзе дзень майго збаўленьня,
З крывавых церняў вызваленьне, —
А веру, прыдзе гэткі дзень, —
З імглы адвечнасьці паўстане
І крыжам стане на кургане
Майго жыцьця бясьсьмертны цень.

Бяз воч, бяз косьці, жыл і сэрца,
Сам крыж, на крыж ён абапрэцца,
І, ўвесь удумаўшыся ў даль,
Сачыць пачне ўвесь ад пачатку
Мой шлях, якім шоў да астатку,
Які мне толькі кінуў жаль.

Сачыці будзе, як арліца
Дабычу сочыць над крыніцай,
Чаму з жыцьцём ня ўмеў я жыць;
І наракаць, клясьці ня будзе,
Што я, што мне зрабілі людзі,
Ня будзе плакаць ён і выць.

Ня будзе нават уздыхаці, —
Адно мо‘ вырвецца пракляцьце,
Якім я жыў ад малку лет,
Адно сам аб сабе цень скажа
Крыжом, адвечнай сваёй стражы:
Каб не радзіўся лепш на сьвет!..