Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/I/З бяды і нуды

За што?.. З бяды і нуды
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
З надзеяй гаротнай…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь бяды і нуды.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З БЯДЫ І НУДЫ

Не даеш ты, бяда,
Мне спакойна цярпець,
Не даеш ты, нуда,
Песьні весела пець,

Мучце-ж, мучце мяне,
Не баюся я вас, —
Хай сьвет цэлы дрыгне,
Я ўжо выжыў свой час.

Не разбудзіць мне дум
Ні сьлязіна, ні сьмех,
Зьменнай радасьці шум
Не навее пацех.

Сіратой па зямлі
Снуючы бяспуцьця;
Мяне путы змаглі
Абрыднога жыцьця.

Мая моладасьць сьпіць
Пад пялёнкаю мук,
Аджывіць, узманіць
Няма чым думак, рук.

Дык-жа мучце мацней
Ты — бяда, ты нуда!
З вамі дружбы маей
Не размые вада.

Сейце кожнай парой
Больш цярпеньня, трывог
Снуйце зданьні за мной —
Па маіх, па сьлядох.

Забірайце ў мяне —
Як вам думкі ўзбрыдуць —
Калі можна яшчэ
Ў мяне ўзяць што нібудзь.

Не баюся я вас…
А прыдзе бедаку
Надта трудненькі час —
Я ў магілу ўцяку.

4-VII—1907 г.