Не клянеце мяне,
Што так смутна пяю,
Бо і так там на дне
Душу змучыў сваю.
Бо і так, бы ў агні,
Кроў у сэрцу кіпіць,
Мукаў сьцелюцца дні,
Сон аб шчасьці бяжыць.
Цяжкіх дум, горкіх дум
Зваяваць не магу,
Людзкі плач, скаргаў шум
Ловіць мысьль на бягу.
Не магу маску ўзьдзець,
Крывіць роднай душой,
Песьні весела пець,
Калі смуцен брат мой.
Калі столькі бяды,
Столькі гора і сьлёз
Бачу ўкруг заўсягды,
Столькі й сам перанёс!
Вось стаіць удава,
Ляхманы на плячох,
У шрамох галава,
Туман нейкі ў вачох.
Працягае руку:
„Дайце хлебачка мне,
Пашкадуйце ўдаву,
Згінуў муж на вайне“.
А тут сьлёзы кап-кап!
Абмахнула рукой…
Ну, будзь, браце, ня слаб,
З бяды сьмейся чужой!
Вось гуляе багач,
А палац той дрыжыць,
А пад брамаю плач —
Там сіротка стаіць.
Ня уздойме ўжо рук,
Мароз целам трасе,
Ногі снуцца у крук,
Вецер скаргі нясе:
„Раз ішоў тут народ,
Песьні дзіўныя пеў,
Пеў ісьці напярод,
Сьмерці ў вочы глядзеў.
„Тата з імі пайшоў —
І дагэтуль няма,
А тут холад тне кроў,
Сыпе сьнегам зіма,
„З хаты выгналі вон;
Няма есьці чаго,
Правясьці ночку, сон
Няма дзе у каго“.
І тут сьлёзы кап-кап!
Абмахнула рукой…
Ну, будзь, браце, ня слаб,
З бяды сьмейся чужой!
Вось зноў нешта чуваць, —
Стаў дзядок пад вакном,
З плечаў торбы вісяць,
Бок падпёр кастылём.
І так песьню вядзе —
Голас хрыплы такі —
Аб сваёй аб бядзе,
Рукі жме ў кулакі:
„Сорак год я служыў,
Сілу змог без пары, —
Стаў служыць — молад быў;
Цяпер гляньце — стары.
„Эх, служыў пану я,
Працаваў за пяцёх,
Працаваў за каня,
Рана ўстаў, позна лёг.
„І араў, і касіў,
І канавы капаў,
Пушчу сек і вазіў,
Ня раз по ўху дастаў
„Шла работа агнём…
Пан-жа, ведама, жыў:
Багацеў з кожным днём,
Смачна еў, смачна піў.
А я чахнуў, бядак,
Галадаў, мёрз, як воўк,
І служыў верна так,
А цяпер“… І замоўк.
Толькі сьлёзы кап-кап!
Абмахнуў іх рукой…
Ну, будзь, браце, ня слаб,
З бяды сьмейся чужой!
Дый ня сьмейся з мяне,
Што так смутна пяю,
Бо і так там на дне
Душу змучыў сваю.
15-IV—1906 г.
|