НА БЕЛ. ВЫД. СУПОЛКУ „ЗАГЛЯНЕ СОНЦА І Ў НАША АКОНЦА“
Што і мы аб чымсь дбаем, — выдавецкую маем
Суполку ад прошлага лета,
Дый ажно „Загляне сонца і ў наша аконца“
Таварыства ахрышчана гэта.
Але ўсё йшчэ цямноты… Як да кожнай работы,
Ня надта сьпяшыць мы ахвочы;
Знаць, пакуль гэта „сонца“ гляне ў наша аконца
Начная раса выесьць вочы.
Горы абяцаці —
Ня споўніць крыхі —
Не сьвятыя лепяць
Гэткія гаршкі.
Ёсьць у нас „суполка“ —
Цешся, беларус,
Тваёй мовай кніжак
Надрукуе стус.
Ой, сьпяшыць суполка
Кніжкі выдаваць,
Хіба на тым сьвеце
Будзем іх чытаць.
1907 г.
Вось так хлопец, вось так ён,
Слухай яго, голь!
На славах — магутны слонь,
А на дзеле — моль.
Праўда, што ня ўмее красьць,
Дык лжэ горай баб, —
Абяцанак горы дасьць,
А выканаць слаб.
Пражыве ён многа лет,
Вечна сыт і рад,
І пяройдзе нават сьвет,
Дый ня вернецца-ж назад.
25-VII 1906 г.
Ён і работнік грамадзянскі,
Мужыцкі пан і служка панскі,
І антыквар, і археолёг,
І бібліолёг, і філёлёг,
І быў-бы слаўным ён зусім,
Каб быў чым-колечы адным.
1918 г.
То беларус, то палячок,
А чым папраўдзе не згадаць.
Паслухай, гладкі панічок:
Пашто так скурай гандляваць?
1913 г.
Ў кавярні водзіць рэй і лад,
Бывач яе заўсёдны, шчыры,
Сатыры піша там на ўсіх,
А сам — сьмяшнейшы ад сатыры.
18-X 1913 г.
Варшаўскіх брукаў марны франт,
Пусты на словах, хлюст, падант,
На дзеле — невук, дылетант,
А як поэта — ў прэйскурант
Гадзішся толькі, мой ты франт.
18-X 1915 г.
Мо‘ чалавекам з рук, з вачэй
Цябе, панок, і дразьняць недзе,
Дый людзкага ў душы тваей
Ня чуў, каб хто калі што ўгледзеў.
1907 г.
Любіць ён работу,
Нават — аж да поту, —
Але між суседзяў,
На куце, ў бяседзе.
1908 г.
Што клёпкі трэцяй не стае
У галаве яго,
То гэта, родныя мае,
Чуў шмат я ад каго.
Але каб ў пекле аж на дне
Сядзеў, хто лгаць пасьмеў:
Ён іх і з роду, верце мне,
Ніводнае ня меў.
1908 г.
Пасаромся, дэпутаце,
Хоць сваёй чорнай бялізны,
Ты-ж другой, кром Беларусі,
Не павінен мець айчызны.
А калі так вельмі хочаш
Мець і мачыху кром маткі,
То йдзі вон ад нас, шаноўны!
Забірай свае манаткі.
Замест пасьвіцца над праўдай,
Пасьвіць душы йдзі ў загіне,
Хоць табе йдзе лепш да твару
Пасьвіць крадзеныя сьвіньні.
1908 г.
|