Збор твораў (Купала, 1925—1932)/VI/II/І што я ёй зрабіў такое?

Гутарка аб кепскай гаспадыні І што я ёй зрабіў такое?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1932 год
Для насьценнай газэты Б.Дз.В.
Іншыя публікацыі гэтага твора: І што я ёй зрабіў такое?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ШТО Я ЁЙ ЗРАБІЎ ТАКОЕ?

І што я ёй зрабіў такое?
Душа ў душу жылі ўвесь час,
Цяпер-жа вышла безгалоўе,
Хоць не кажы аб ім пры нас.

Хлапец я здатны і дастатні,
Сякі-такі прыбытак ёсьць.
Таксама ў працы не астатні
І не ўпадаю вельмі ў злосьць.

Сустрэў яе (каб лепей — багнасьць);
Мо‘ за гумном, мо‘ і ў гумне,
І пацягнула раптам магнасьць
Да ёй мяне, яе ка мне.

З тых дат мы сталі, як у змове,
Страчацца з ёй-а дзе і як, —
Аб гэтым богу ды карове,
Як кажуць, ведаць так ці сяк.

Аб гэтым вам найлепей скажа
За ручаём зялёны лог,
Шумлівы лес, што лёс нам важыў,
Ды ў пуні ўтоптаны мурог.

А не адзін дзянёк і ночку
Мы правялі сярод пацех,
Мы нават езьдзілі ўдваёчку
З сваёй красуняй на начлег.

Калі-ж бывала за работу
Якую бралася яна, —
Я памагаў ёй ў ахвоту,
Каб любасьць ня была дарма.

Зьвіваў ёй ніткі — для прынады —
На матавіла з верацён,
А як яна палола грады,
Выносіў зельле з баразён.

Калі на лузе грэбла сена,
Я за яе насіў пласты.
А як нагрэбла звыш калена,
Я сам варочаў вал таўсты.

Снапы ў жніво насіў у мэтлі, —
А ўсё, каб ласкавей была —
Ня раз ёй комінак расьсьветліў
Калі вячэраць з поля йшла.

Выкручваць памагаў бялізну,
Ды шмат яшчэ чаго і ў чым…
І так характар яе вызнаў,
Што і ня сьніў аб чым благім.

Мяне стан звабіў перагібны,
Так да яе прыліп красы, —
Купіў пярсьцёначак ёй срыбны
Касьнік чырвоны да касы.

Купіў ёй хустачку і жычку,
Шнуроўку ў талю падабраў,
А раз паркалю на спаднічку
Ў коопэрацыі набраў.

Набраў ёй нават і тавару
На чаравічкі — напавер…
Аж тут як дасьць яна мне жару
Што й не да ног яе цяпер!

На ліха ў Менску ў „пішчытрэсьце“
Стаўляў ёй піва і сітро,
Каб гэта бліжай яе сесьці,
Каб ня нудзілася нутро!

За ўсе пяшчоты і празэнты,
За стрэчу першую ў гумне
Адным слаўцом, як тым лянцэтам,
Зарэзала ўсяго мяне.

Раз неяк тулю яе абмацкам
Чаму-ж, як туляць, ня туліць, —
А тут яна мне торк зьнянацку:
— Час алімэнты ўжо плаціць!

— Пашто лямэнты нам з табою? —
Кажу, але які тут сказ?
............
І што я ёй зрабіў такое
Душа ў душу жылі ўвесь час.

24-VI—1926 г.
Акопы.