З кепскай гаспадыняй
Кепска жыць, вядома, —
Ані з ёю ў людзі,
Ані з ёю дома.
Ня жыцьцё, а мука,
Хоць скачы ты жабай,
Калі ды ня ўдасца
Табе твая баба.
Чалавек спакойны
Я па сваім складу,
Але-ж ня стрываеш,
Як няма дзе ладу.
Нават пабажуся,
Што ў ніякім чыне,
Не крану і пальцам
Добрай гаспадыні.
Але ўжо аб кепскай
Аніяк ня змоўчу,
Хоць мо‘ і дастану —
Ў вочы, ці за вочы.
Вось яна ў хаце,
Гаспадыня наша,
Выглядам, хадзьбою
Нават пеўня страша,
Як зірнуць, здаецца,
Ня брыдкая з твару, —
І той стан, як трэба,
І ў грудзях шмат жару.
Але як там далей.
Так і гэтак глянеш, —
Нікне ўся павабнасьць,
Любіць перастанеш.
Вось пачнем мы зьнізу,
Па сваёй прастоце, —
Ногі за калена
У гразі, ў балоце.
А калі абута,
Каб ня секлі блохі,
З лытак без падвязак
Зьехалі панчохі.
Перад у спадніцы
Ўвесь зафлюндран з долу,
Цыцалямі з заду
Цягнуцца брынзолы.
Чуць ліпіць на целе
З вузлоў паясьніца,
Ажно кожнай хвілі,
Валіцца спадніца.
А кафтан надзене
Плямы ад заціркі,
Дзіркі ў кожным локці
І на грудзёх дзіркі.
Гэтак і кашулю
Бачыш ты адкрыта
І яна ўся ў дзірках
Ды дзён сто ня мыта,
Валасы страхою,
Ў валасох, як маку…
Век, знаць, не часаны,
Косаў ані знаку,
Глянь цяпер у хату
Гэтай гаспадыні,
Хто жыве — ня ўцяміш —
Ці людзі, ці сьвіньні.
Па куткох і столі
Павуціньня густа,
Гразі на падлозе —
Ў паўаршына луста.
Зьбіта, як стог сена,
Ў качарэжнік сьмецьце, —
Вон ня выкідана
Мабыць з таголецьця.
Пад нагамі венік,
Чапяла ў запеччы,
За парогам вілкі,
А ўсё недарэчы.
Кіснуць не памыты
Ў лыжачніку лыжкі,
Дзе папала — у нелад
Саганы і міскі.
На стале абрус той,
Як у бот ануча,
Не пасьцель на ложку,
А так — рызаў куча.
А пад ложкам важна
Хлеў цялё зрабіла,
Парасяты тут-жа, —
Проста глянуць міла.
Пад сталом скавыча,
Як-бы чаго плакаў.
З апараным бокам
Галодны сабака.
З перабітым задам
Кот начыньне ліжа,
Побач з ім і певень
Хлеб у дзюбу ніжа.
Дзеці пустапасам
Лазяць сабе самі,
Па вушы ў балоце,
З голымі пупамі.
Пад паўдня ўстала
Гэта гаспадыня,
Працірае вочы,
А сон і ня гіне.
Засланку адклала,
Пашчапала смолку,
Дроваў за чалесьнік
Кінула бяз толку.
Неяк падпаліла
У печы гэтак дровы,
Аж паплыў на хату
Пах смалы яловай.
Гаршкі паўстаўляла
І так варыць, варыць;
Каб хаця ўдалося, —
Ціха, сонна марыць.
Але як заўсёды,
Ня судзіла доля:
Як чэмер — капуста,
Зацірка — бяз солі.
Прыцягнула дзежку
З рошчынай на лаву, —
Ўкісла ці ня ўкісла —
Не яе тут справа.
Рук не закасаўшы,
Нават не памыўшы,
Месіць цеста, месіць,
А пот льле, як з мышы.
Потым гэта цеста
З вялікай бядою
Пасадзіла ў печку —
Сядзі на здароўе!
У каго закалец
Усяго на палец
Па яе-ж законе —
На ўсе дзьве далоні.
А пайшла карову
Падаіць да хлева,
Вымя не памыла,
Досіць права-лева.
Цягне цыцку, цягне,
Малако пурыцца —
Болей за даёнку,
Або на спадніцу.
Потым сабе села
З прасьніцай на зэдлі, —
Што пацягне нітку —
Рвецца ад кудзелі.
Так і гэтак тыцне
Ды кляне уголас,
Нітка-ж то як палец.
То цяней за волас.
Спрала, насукала
Пачынак за тыдзень,
Дый той змарнаваўся:
Зблытаў, мабыць, злыдзень.
Але-ж нейк за зімку
Са сьцяну напрала, —
Кужаль ды на зрэб‘е
Перамеркавала.
Удалося з часам
І паставіць кросны;
З пядзю за дзень вытчэ,
А болей дык млосна.
Выткаўшы, бяліла,
Але так на сьціркі,
Пашто бяліць надта,
І так будуць дзіркі.
Ну, а пойдзе ў грады, —
Поліць, як з пахмельля:
Вырве бурак, моркву,
А пакіне зельле.
У жніво таксама
Ўсё йдзе не па мысьлі,
Як-бы падстаўляе
Хто нагу сумысьле.
Чуць сярпом ківае,
Праклінае гоні,
Вышай за калена
Вырасла іржоньне.
А сноп калі зьвяжа —
Як пабэрсаў нехта:
Ніяк не згадаеш,
Дзе камель, дзе верх той.
Гэтак яна ў працы,
Гэтак яна ў хаце,
З языком затое
Не раўня, нам браце.
Ой, на гэту справу
Ня гультай, ня зломак,
І прыйсьці да слова
Век ня дасьць нікому.
А як створыць плёткі, —
Ўсіх пасварыць зводна:
З роднай жонкай — мужа,
Брата — з сястрой роднай.
...........
Гэткіх гаспадыняў
Няма ў Беларусі,
Дык даруйце, цёткі,
Што крыху пахлусіў.
|