Зорнасьць (1927)/З краіны гор/Каўказ

Чакаю я лістоў Каўказ
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1927 год
Зурна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каўказ (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАУКАЗ

Мара аб краі я гэтым марыў,
Хацеў я бачыць край чар — Каўказ,
Дзе Дэман колісь з красой-Тамарай
Вялі аб жыцьці чароўны сказ.

Цяпер стаю я на вышы ўзгор'я
З красой абшараў, нібы абрус,
Адкуль відзён мне ўзор Пяцьгор'я,
Адкуль відзён мне сівы Эльбрус.

Я повен сілы ў чароўным краі,
Дзе зырка сонца ўдзень пячэ,
А ўночы вецер зурной іграе
Ды месяц полаг празрысты тчэ.

Прастор цудоўны шмат родзіць думак,
Улівае ў сэрца ён сілы шмат.
Між гор бруіцца, журчыць Падкумак —
Ніколі ўпынку яму няма.

З-пад гораў рвуцца упартай плыньню
Руччы-крыніцы жывой вады, —
Калі нап‘ешся — боль сэрца гіне
І гіне змрочнасьць нямой жуды.

І вось я повен усім сугуччам,
Што тут разьліта, што тут жыве:
І сьпее, сьпее напеў жывучы;
А радасьць песьні сьпяваць заве.

Заве і кліча, як постаць жніва.
Здаецца, колас паклон мне б‘е.
Вярнуся хутка я к роднай ніве
І к новай працы й барацьбе.

Кіславодзк, 1925 г.