Зорным шляхам (1932)/Новая Беларусь/У баявы марш мы выйшлі…
← ⁂ (Годзе песьні пяяць аб нудзе!..) | ⁂ (У баявы марш мы выйшлі…) Абразок Аўтар: Хведар Ільяшэвіч 1932 год |
⁂ (Хмары чорныя зьвісьлі над намі…) → |
∗
∗ ∗ |
У баявы марш мы выйшлі. Ідзем па вялікай, адвечнай дарозе гісторыі. Часта, зазыўка, грымуча пяе наш ход. Калісьці паўсталі мы з далёкае, дымнае крыві. Цяпер мы йдзем. Бура, запал — гэта мы! гэта мы! Кожны крок пяе ў нашым сэрцы напеўнай перамогай. Наперад! Наперад! Мы ўзьняліся па зову прапрадзедаўскай крыві й вітаем далёкую дарогу. За намі — цемра вякоў. Прад намі — сонечныя шляхі. Кожны крок дрыжыць у нашым сэрцы. Далей! Далей! кліча рытм нашага ходу. Хто слабы, хто нядужы — набярыся сілы з крыніцы нашага запалу. А загінуў — ня жаль. Шлях праходзілі мы. Вясеньнія песьні, як птушкі. Мільённы крок. Мы творым, мы творым новую Беларусь! Нас многа, нас многа! У баявы марш мы выйшлі. З загледжаным зрокам, з творчаю дрожжу ў руках — мы творым, мы йдзем. Ветры, сонца, дождж нам спрыяюць. Часта, зазыўка, грымуча пяе наш ход. Наперад! Наперад! Далей!