Казкі (1923)/Гордая іголка
← Якая-ж тут сумлеўка | Гордая іголка Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен 1923 год Арыгінальная назва: Stoppenaalen (1845) Пераклад: Вацлаў Ластоўскі |
Пяро і каламар → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цыравальная іголка. |
ГОРДАЯ ІГОЛКА.
Жыла калісь на сьвеце таўстая іголка, Але яна лічыла сябе вельмі тонкай.
—„Глядзіце, дзяржыце мяне добра!“—сказала іголка, зьвертаючыся да пальцаў, каторыя хацелі яе ўзяць. — „Ня выкіньце мяне! Калі звалюся я—ніхто тады мяне ня знойдзе. Ці-ж вы не бачыце, якая я тонкая.
—„Супакойся,“— сказалі пальцы, абхапіўшы яе навокал.
—„Глядзіце-ж, я сягоньня ня толькі сама, са мной мая слуга“—сказала іголка, цягнучы за сабой доўгую нітку.
Пальцы пакіравалі іголкай проста ў разарваны бот, на каторым трэба было зашыць лопнуўшую скуру.
—„Якая грубая праца!“ — сказала іголка.—Я не пралезу, я зламлюся, я зламлюся!“
І запраўды, яна зламалася.
—„Ну, не казала я!“—наракае яна.—„Я-ж гэткая далікатная!“
Тады кухарка, ў пальцах каторай іголка зламалася, дарабіла да яе з ляку галоўку і стала зашпіляць ёю хустку.
—„Ну, вось я засьцібка“—сказала іголка.—„Я даўно ведала, што дайду вялікае чэсьці. Я даўно ведала, што я не прападу. Ды ці-ж гэтакія прападаюць калі!“
І яна горда кідала погляды ва ўсе староны.
—„Пазвольце ў вас папытацца,—зьвярнулася да яе суседка — шпілька, — ці вы ня з золата? У вас гэткі пацягаючы выгляд і цікаўная галоўка! Толькі яна ў вас чамусьці маленькая“…
Тады наша іголка скоса глянула на шпільку і так высока задзерла сваю галаву, што выскачыла з хусткі і трапіла ў вадасьцечную канаву, якую ў гэту пару чысьціла кухарка.
—„Ага!Значыцца, цяпёр мы будзем падарожнічаць!“—сказала іголка.—„Каб толькі мы не заблудзіліся.“
І яна, запраўды, заблудзілася.
—„Я лішне далікатная для гэтага сьвету“—думала яна, лежачы ў канаве.—„Але я ведаю сваю вартасьць і гэта мяне супакоівае,
Цэлыя кучкі трэсачак, саломінак, аскубачкаў старых газэт пераплывалі цераз яе.
—„Глядзіце, як плыве ўся гэта драбяза!“—кажа іголка,—і яны не бачаць, хто пад імі! Я тутака! Чуеце? Я!.. Вось плыве трэсачка; яна нешчасьлівая напэўна думае толькі аб самой сабе, І ня ведае, што ўнізе ляжу я, гэткая далікатная іголка. А, вось, і саломінка нясецца некуды. Бач, як круціцца! Якая яна неасьцярожная. Эй, ты, глядзі, а то якраз сгукнешся аб камень.
—„А, аскубак газэціны!.. Нават і яна задаецца! Ужо даўно ўсе забыліся аб табе. Адна я магу быць спакойнай, цярплівай. Я ведаю сабе цану і дзеля таго буду гордай і важнай!“
Раз угледзіла яна, што каля яе нешта блішчыць. Іголка падумала, што гэта дарагі камень. Вышла, што гэта было простае шкло ад піўной бутэлькі. Іголка, зьдзіўленая палысклівасьцю шкла распачала з ім гутарку:
—„Вы напэўна, дарагі камень?“—пыталася яна.
—„Блізка каля таго,“—адказала шкло.
І кожды з іх думаў, што мае справу з важнай асобай.
—„Я жыла ў скрынцы ў аднэй паненкі. Гэна паненка была кухарка. На кождай руцэ было ў яе па пяць пальцаў. Страшна капрысныя былі гэныя пальцы. Іх было пяць родных братоў. Але ўсе яны горда дзяржалі сябе, ня гледзячы на тое, што былі ўсе рознага росту. Канцавы—вялікі палец, кароткі і таўсты, заўсёды дзяржаўся збоку; але ён заўсёды казаў, што калі хто-небудзь страціць яго, таго ня возьмуць на ваенную службу. Другі палец пробаваў то пражаніну, то гарчыцу; ён паказваў на сонца і на месяц. Трэці глядзеў цераз плечы іншых. Чацьвёрты насіў залаты паяс, а апошні зусім нічога не рабіў і вельмі гэтым пышаўся. Толькі гэта ў іх была адна лахва і больш нічога. Гэта мяне разазлавала і я пакінула іх.“
Ў гэты момант ў вадасьцечную. канаву налілі вады. Вада пацякла цераз берагі і пацягнула за сабой шкло разам з іголкай.
—„Ну, ўрэшце, і мы крануліся,“—сказала іголка.
Шкло паплыло далей, але іголка застанавілася ў ручавіне.
—„Будзе!—сказала яна,—больш не крануся ні на крок: я задалікатная і маю права пышацца гэтым.“
І яна засталася лежаць у канаве.
Раз дзеці, ўлезшы ў канаву, сталі капацца ў ёй.
Яны знаходзілі там старыя цьвякі, медзяныя бляшкі і падобныя да гэтага дарагія рэчы.
Праца, праўда, была брудная, але дзеці былі здаволены і цешыліся знаходкамі.
—„Ой-ой-ой“—закрычаў адзін, укалоўшыся аб іголку.
—„Вось гадаўка!“
—„Зусім я не гадаўка! Я далікатная паненка“—сказала іголка.
Але ніхто яе ня слухаў.
—„Вось плыве шалупа ад яйка“,—сказалі дзеці і ўторкнулі іголку ў шалупку.
—„Ну, ў добрую пару, — сказала яна! Цяпер, мяне ўсе ўгледзяць“.
—„Крак“,—крыкнула шалупа.
Цераз яе праехаў воз.
—„Божа, як мне душна!“ — сказала іголка.— „Я зусім зламалася“.
Але яна не зламалася, хоць воз і пераехаў праз яе. Яна, як і перш, лежала ўдоўжкі ў ручавіне.
Ну, і дзякаваць Богу,—ніхай сабе ляжыць.