Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Першы пэрыяд

Пэрыяды гісторыі Беларусі Першы пэрыяд гісторыі Беларусі. (IX—XIII ст.)
Падручнік
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1927 год
Другі пэрыяд гісторыі Беларусі. (XIII—XVI ст.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Першы пэрыяд гісторыі Беларусі.
(ІХ–ХІІІ ст.).



Старажытныя насельнікі Беларусі.

У ІХ-м сталецьці землі, заняты ўсходнімі славянамі, дзяліліся па рэчных сыстэмах і гандлёвых цэнтрах на чатыры кавалкі. На поўначы, пасярод вазёр і лясоў, цэнтруючыся ўкола Ільменя, лягла зямля Наўгародзкіх славянаў. Далёка на ўсход цягнуліся гэтыя землі, даходзячы аж да Уральскіх гораў. Кіраваў імі „гаспадзін вялікі Ноўгарад“. Пад усходнімі землямі Ноўгарада, паміж Волгаю і Акою ляглі землі што цягнуліся да Ростава Вялікага і да Суздалі. Значную роль будзе мець гэты кавалак толькі з пачатку ХІІІ-га сталецьця. На паўдні, па сярэднім і ніжэйшым Дняпру, уваходзячы аж у сьцепы, лягла Дняпроўская Русь, зцэнтрованая ўкола багатага Кіева. Гісторыя гэтага кавалку нам добра вядома з агульных курсаў расейскай гісторыі, якая разглядала жыцьцё амаль-што яго аднаго. Паміж заходнімі — Наўгародзкімі і Кіеўскімі землямі, па вышэйшай Заходняй Дзьвіне і вышэйшаму Дняпру з Прыпяцьцю, Бярэзінаю і Сожам ляглі землі будучай Беларусі, каторыя цэнтраваліся ўвакола гораду Полацку. Гэта ёсьць так званая Полацкая Русь.

Насельнікамі вышэйпаказванай тэрыторыі (Полацкай), былі тры усходняславянскія пляменьні: Крывічы, Дрыговічы і Радзімічы. Сярод Крывічоў і Дрыговічаў жылі яшчэ літвіны, напр. Ятвягі, на ўсходзе — Голядзь.

Найвялікшым пляменьнем былі Крывічы, каторыя жылі па вярхох рэкаў Заходняй Дзьвіны, Дняпра і Ловаці. Што датычыць назову „Крывічы“, то адны вучоныя гавораць, што Крывіча так назвалі за тое, што ён быў хітры, дзьвёхдушны, крывадушны чалавек. Другія вучоныя вядуць імя Крывіча ад слова „кроў“, тады назву „Крывічы“ магчыма разумець „сваякі па крыві“, кроўныя. Раскіданыя па шырокім абшары, Крывічы сваім назовам як-бы падкрэсьлівалі сваё родзтва. Дрыговічы расьсяліліся паміж Прыпяцьцю і Заходняй Дзьвіною. Сярэдзіна сялібы Дрыговічаў супадае з нашай Меншчынай. Яны жылі пасярод лясоў і балотаў, дзе шмат было трасінаў, інакш кажучы, дрыгвы. Адсюль і пашло іх імя. Пасьля іх толькі ў Меншчыне засталося больш, як 30 тысячаў курганаў-могільнікаў. Радзімічы былі невялікім племем і жылі па абадвым берагох Сожа. Яны прышлі сюды пазьней Крывічоў і Дрыгавічаў з ляшскай (польскай) стараны. Летапіс гаворыць аб іх так: „Бяста бо два брата в Лясех: Радим, а другій Вятка и пришедша седоста Радим на Соже, и прозвавшася Радимичи, а Вятко седе с родом своим по Оце, от него-ж прозвашася Вятичи“.

Кіеўскі летапісец так малюе жыцьцё нашых прародзічаў: „Живяху в лесе, яко-ж всякій зверь, ядуще все нечисто, и срамословие в них пред отцы и пред снохами; и брацы не бываху в них, но игрища межю селы“ і г.д. Па гэтай летапіснай ведамасьці выходзіць, што нашыя продкі ня мелі ніякай культуры і жылі ў лесе, як некая жывёла. Што датычыць чужаземных сьведкаў, то яны ў адзін голас гавораць аб тым, што ўсходнія славяны і тады мелі ўжо нейкую культуру. Так гавораць візантыйскія аўтары — Пракопі, Маўрыкі, Канстанты Чырвонародны і арабскі аўтар Масудзі. Той самый летапіс, які чорнаю фарбаю малюе культурны быт нашых продкаў, дзе звесткі аб многіх гарадох, якія былі раскіданы па тагачаснай Полацкай Русі. А мы ведаем, што прысутнасьць у народа гарадоў гаворыць таксама і аб культурнасьці народу. Аб гэтым-жа маўчком гавораць могільнікі-курганы, якія асталіся да нашых часоў па ўсім нашым краю. Раскопкі курганоў даюць шмат матэр’ялаў, каб намаляваць культуру Крывічоў, Дрыговічаў і Радзімічаў.

З раскопак мы бачым, што пляменьні будучага беларускага народу, не зважаючы на сваю бліскасьць па крыві і па суседзтву, мелі ня зусім сходныя звычаі. Так, напрыклад, кожнае з іх па свайму асабліваму звычаю хавала нябожчыкаў. Крывічы палілі труп, попел зьбіралі ў пасудзіну, якую потым пакрывалі насыпам. Укола насыпа капалі равок і курган, абводзілі стужкай з каменьня. Дрыговічы клалі сваіх нябошчыкаў на зямлі і насыпалі над імі курганы. Радзімічы да Х сталецьця сваіх нябошчыкаў палілі, а пасьля гэтага часу клалі памершага на ложка, пасыпанае попелам і над ім рабілі насып. Уклад хаўтурны крывіцкі быў найскладнейшы; гэтае гаворыць аб тым, што і культура іх павінна была быць вышэйшаю.

Па тых рэчах, што знаходзяцца па курганох, ясна, што дзяцы нашыя нясквапны былі да вайны, ім больш падабалася мірная праца: земляробства, зьвералоўства і гандаль. Яны ўмелі ўжо ткаць на кроснах, ведалі бандарскую і ганчарную справу. Былі між імі людзі заможныя, якія любілі хораша прыбрацца. На шыі яны насілі маністы з шкляных пацерак, часам бронзавых і серабраных, з рознымі падвескамі, добра апрацованымі. Відаць, што пацеркі, вельмі штучна зробленыя, дзесь купляліся. Беларус нашага часу ня можа прыбрацца так багата і цікава, як маглі прыбірацца яго продкі, каторыя па летапісу „живяху в лесе, яко-ж всякий звер“. Праф. Завітневіч аб кургановых рэчах гаворыць так: „Курганные предметы Полесься по своему материалу ценнее, а по форме разнообразнее, затейливее, а иногда даже изящнее нынешних“. І няма тут ніякага дзіва. Нашу бацькаўшчыну багаціў вялікі водны шлях з Варагаў ў Візантыю, па катораму йшоў сусьветны гандаль таго часу. У гэтым гандлі працавалі і мелі немалы заработак і нашыя прародічы. Цікава тое, што некаторыя рэчы, якія ўжываліся тады, ужываюцца і цяпер беларусамі нашага часу. Жыхар кургановага Палесься меў звычай падпяразвацца раменным паскам з шкуратовым кашэлікам, у каторым ён хаваў крэсала, крамень, губку і ножык. Наш беларус некаторых паветаў Горадзеншчыны, Магілёўшчыны і Меншчыны таксама носіць пры сабе у кашэліку на рамяным паску такія самыя рэчы; толькі ён і дадаў да іх, як чалавек нашае культуры, яшчэ тытунь і люльку[1].

Чым аб’ясьніць тое, што зьвестка летапісу аб някультурнасьці нашых прародзічаў так непадобна на зьвесткі чужаземных сьведкаў і курганоў? Трэба памятаць, што хто-б ні быў аўтар летапісу, ён быў манах, прадстаўнік новай культуры і новай веры, якая прасочвалася ў нашыя лясы. Пэўна, што ўсё тое, што насіла на сябе ад’знакі не яго культуры, аўтар лічыў някультурным. Шлюб, учынены згодна звычаяў паганскай веры, яго не здавольваў, і летапісец піша, што ў продкаў нашых „брацы не бываху“. Калі продкі нашы ў постны па звычаю хрысьціянства дзень елі скаромнае па свайму звычаю, манах-летапісец кажа, што яны елі ўсё нячыстае. Такія здарэньні ацэнкі культуры ў гісторыі людзей мы бачым часта. Вядома, нам напрыклад, што рымляне звалі першых хрысьціянаў бязбожнікамі за тое, што яны верылі ў свайго нявіднаго бога, а ня іх — рымлянаў, — багоў; звалі распуснымі за тое, што ў хрысьціянаў была свая, а не паганская мораль і г. д. Нават і ў наш час мы бачым нешта падобнае.




Дзяржаўна-палітычныя справы.

З палавіны ІХ-га сталецьця сярод усходніх славянаў пачынаецца дзяржаўна-грамадзянская арганізацыя. Пляменьні Крывічоў, Дрыговічаў і Радзімічаў ідуць па тым-жа гісторычным шляху. Будуецца гаспадарства і тут. Яшчэ да закліканьня вядомых нам князёў-варагаў (862) пачалі тут складацца воласьці — княствы. Вёскі валасьцёў цягнулі, як да цэнтру, да бліжэйшага гораду. Чым большы і багацейшы быў горад, тым большую тэрыторыю вясковую канцэнтраваў ён ўкола сябе. Разумеецца, воласьці былі самыя рознастайныя абшарамі сваіх тэрыторыяў. Найвялікшымі паміж іх лічыліся: Полацкая, Смаленская і Тураўская. У летапісе, апроч іх, ўспамінаюцца яшчэ і другія воласьці з меншай тэрыторыяй, напрыклад: Віцебская, Аршанская, Друцкая, Мсьціслаўская, Ізяслаўская, Слуцкая, Наваградзкая, Нясьвіская, Менская, Пінская, Мазырская, Сьвіслацкая і іншыя.

На чале воласьцёў у ваяўніцкіх справах стаялі асобныя князі, каторыя былі нябольш, як роданачальнікамі, а часам толькі прадстаўнікамі пляменьняў або родаў. Князі-роданачальнікі былі, такім спосабам, мясцовымі людзьмі. Князі-прадстаўнікі былі прышлым элемэнтам. Як пападаў гэты прышлы элемэнт ў мясцовае жыцьцё, мы бачым, напрыклад, з летапіснага паданьня аб закліканьні князёў-варагаў[2]. Валасныя князі мелі выканаўчую ўладу ў сваім княстве: яны баранілі тэрыторыю воласьці і яе маетнасьць, рабілі са сваёю дружынаю паходы ў чужыя землі, чынілі суд, пільнавалі гандлёвыя шляхі і караваны.

Заканадаўчая ўлада ў воласьці належала да веча, або да народнага сходу. Веча зьбіралася ў найгалаўнейшым горадзе воласьці-княства. Веча запрашала князя, гадзілася з ім, калі князь нарушаў пастаўленыя яму ўмовы, яно „паказвала князю путь“, іначай кажучы, адбірала ад яго княжацкую ўладу. Веча выдавала ўсялякія пастановы для насельнікаў воласьці, абірала ўраднікаў на патрэбныя пасады, адбірала ў іх даныя пасады. Веча абвяшчала войны і рабіла згоду з суседзямі. Улада веча шырылася ня толькі на горад, але і на ўсю воласьць, якая цэнтравалася ўкола гораду; на тыя гарады і вёскі, якія былі параскіданы па ўсяму княству. Пры гэтым меншыя ў воласьці гарады лічыліся прыгарадамі галоўнага гораду. Кіеўскі летапісец так гаворыць аб уладзе веча: „Новгородци изначала, и Смольняне, и Кияне, и Полочане, и вся власти (воласьці), яко-же на дому, на веча сходятся; на что-же старейшии сдумают, на тым і пригороды станут“. Веча мела ў воласьці магутную сілу. Усякі жыхар воласьці павінен быў слухаць яго голасу, у тым ліку і князь, які быў, як мы казалі вышэй, толькі наемнікам веча.

Звычай вечавога народапраўства істнаваў, як у Кіеўшчыне, так і ў Полаччыне, з незапомных часоў. Як рабіліся справы на вечах, мы мала ведаем, бо ад вечавых сабраньняў не асталося да нашага часу аніякіх пісаных дакумэнтаў. Па тых невялічкіх зьвестках, якія мы маем, на вечавы сход жыхары зьбіраліся па звону асобнага вечавога звону, каторы вісеў на плошчы найгалаўнейшага гораду княства. Па гэтаму звону з усіх канцоў гораду йшлі, як мяшчане гораду, так і тыя вясковыя насельнікі воласьці, якія ў гэты час былі ў горадзе па сваіх справах. Права голасу на сходзе мелі ўсе свабодныя дарослыя людзі, незалежныя гаспадары. Сабраным людзям найперш апавядалася та справа, на якую веча павінна было даць той ці іншы адказ. Апавяданьне справы рабілася ці князем воласьці, ці якім небудзь ураднікам, ці проста якім небудзь старым чалавекам. Потым ішло абгаварваньне справы. Веча адказвала прамоўцу гоманам. Пэўна, што асобных галасоў ня лічылі, а толькі па слуху адгадвалі, што ўхваляе большасьць веча. Іншы раз выпадала так, што большасьць веча была нязначная і меншасьць не хацела адступіцца ад сваей мэты. Тады справа даходзіла да бойкі, і аднагалоснасьць дасягалася сілком: меншасьці затыкалі рот кулаком, і яе голасоў ня было чутно.

Наймагутнейшым было веча ў Полацку. Тут яно істнавала з незапомных часоў аж да канца ХV-га стагодзьдзя, (1498 г.), калі гораду было дарована Майдэборскае права. Князь у Полацку юрыдычна ня меў амаль што ніякай сілы. Вага яго залежала ад яго індывідуальных здольнасьцяў. Ен і яго дружына нават і жылі ня ў самым горадзе, а ў некалькіх вёрстах ад гораду, у вёсцы Бельчыцах, дзе былі для яго пабудованы палацы. Князь і яго дружына ня мелі права купляць і мець ў Полацку нярухомую маемасьць. Таксама было ў Ноўгарадзе і Пскове. Трэба ад’значыць, што становішча наўгародзкіх князёў было больш пэўнае, чым князёў полацкіх. Справа ў тым, што наўгародцы звычайна абіралі сабе князя з роду Кіеўскіх Яраславічаў. Пакрыўджаны вечам наўгародзкі князь мог знайсьці сабе дапамогу ад сваіх кіеўскіх родзічаў і ад кіеўскага вялікага князя, каторы быў найстарэйшым ў родзе і павінен быў бараніць малодшых сваіх родзічаў. Што датычыць да полацкіх князёў, то яны нікому не маглі паскардзіцца на сваю крыўду. Жылі яны асобным ад Кіеўскіх князёў жыцьцём і нават найчасьцей былі ў спрэчках з імі. Страціўшы па якіх небудзь прычынах свой пасад ў Полацкай воласьці, князь павінен быў бегчы на чужую старану, да чужых людзей. Такой стараною звычайна была Літва. Патрэбна аднак-жа сказаць, што палачане любілі і паважалі род сваіх князёў Ізяславічаў і баранілі іх, а разам з імі і сябе, ад крыўды князёў чужога роду, напрыклад, Яраславічаў Кіеўскіх.

Полацак быў найгалаўнейшым горадам воласьці. Усе другія гарады яе былі залежныя ад Полацку і лічыліся яго прыгарадамі. Такімі прыгарадамі былі, напрыклад, Менск, Віцебск, Барысаў, Стрэжаў, Усьвят, Друцк і інш. Гэтая залежнасьць датычыла толькі надворных справаў. У сваіх хатніх справах усе прыгарады былі незалежнымі і кіраваліся сваімі вечамі і князямі.



Змаганьне Полаччыны з Кіеўшчынай.

У часы закліканьня варагаў (862) Полаччына мела сваіх мясцовых князёў, аб каторых гаворыць адна з скандынаўскіх сагаў — Адмундава сага. Гэтых князёў мы ня ведаем па іменьнях. Ужо і тады былі нейкія спрэчкі між Полацкім і Кіеўскім цэнтрамі. Варагі Аскольд і Дзір, родзічы закліканых варагаў, захапілі ўладу ў Кіеве. Асеўшы тут, яны хутка ўвайшлі ў мясцовыя інтарэсы. У Ніканаўскім летапісу мы чытаем: „Аскольд і Дир воеваша Полочан ий многое зло им сотвориша“. Аскольда і Дзіра ў Кіеве зьмяніў Алег (879–912). Гэты першы гістарычна-праўдзівы кіеўскі князь пачаў цэнтраваць каля Кіева рознастайныя плямёны. Ен накладаў на іх дань, адкуль і слова „падданы“. У ліку другіх падданых плямёнаў Іпатаўскі летапіс называе і Крывічоў. Разам з Крывічамі пайшоў потым Алег на Смаленск і ўзяў без змаганьня. „Олег прия город Смоленск и посади в нем муж свой“. Аб падданьні Алегу Полацку і Дрыговічаў у летапісе зьвестак няма, але магчыма думаць, што і гэтыя землі былі ў нейкай залежнасьці ад Кіева. Так, напрыклад, летапіс, гаворачы аб „укладах“, якія браў Алег з Візантыі, называе „уклад“ ня толькі на Смаленск, але і на Полацак. „Укладам“ называўся ваенны здабытак, каторы прысылаўся Кіеўскаму князю з Візантыі. Зьвярнуўшы ўвагу на тое, што Смаленск і Полацак мелі свае асобныя ўклады, мы павінны прызнаць, што яны былі не рабамі Кіева, а яго супольнікамі ў змаганьні з Візантыяй. Гэты факт пацьвярджаецца тым, што у паходах Алега 907 і 944 году на Візантыю па летапісу, Смаленск і Полацак прыймалі ўчасьце. Праўда, Алег у далучаных гарадох ставіў сваіх „мужэй“, але яны былі ня столькі ўраднікамі, сколькі прадстаўнікамі эканамічных інтарэсаў Кіеўскага князя. Справы гарадоў і воласьцяў па звычаю вялі мясцовыя вечы і князі „под Ольгом суще“.

Пры наступніках Алега (Ігар, Вольга, Сьвятаслаў 912–972) залежнасьць Полаччыны ад Кіева паступова ўсё падае. У апошнюю чэцьверць Х-га стагодзьдзя ў Полацку ўжо незалежна княжыць Рагвалод. Магчыма думаць, што Рагвалод быў патомкам тых мясцовых полацкіх князёў, якія раней былі ў Полацку. Гэта пацьвярджаецца чыста славянскім імем самога Рагвалода і дачкі яго Рагнеды[3].

Рагвалод скарыстаў спрэчкі, якія йшлі паміж сынамі Сьвятаслава — Яраполкам, Алегам і Ўладзімерам. Ён значна пашырыў Полаччыну, дадаўшы да яе Тураўскае княства, каторае раней залежала ад Кіева. У сваіх спрэчках сыны Сьвятаслава, Яраполк і Ўладзімер, шукалі сабе дапамогі з боку Рагвалода. Дзеля гэтай мэты абадва браты дамагаліся рукі дачкі Рагвалодавай Рагнеды, каб палітычны зьвязак зацьвярдзіць сваяцтвам. Маладыя князі заслалі сватоў да Полацкай князеўны. Летапіс гаворыць, што Рагнеда, даведаўшыся, што Ўладзімер быў сынам Сьвятаслава і рабыні, не хацела быць жонкаю рабыніча і з пагордай адказала так: „не хочу разути рабынича, а за Ярополка иду“. Калі Ўладзімеру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 годзе пайшоў паходам на Полацак, разьбіў полацкае войска, зруйнаваў горад, забіў Рагвалода і яго двох сыноў, а Рагнеду забраў у Кіеў і прымусіў быць сваею жонкаю. Ад яе ён меў чатырох сыноў і дзьве дачкі; старшы з сыноў быў Ізяслаў.

Нават тут, у палацы Кіеўекага князя йшоў працяг спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам. Водгукі гэтай спрэчкі адчуваюцца ў кіеўскім летапісе. Паданьне гаворыць аб тым, што Рагнеда не магла забыцца сваей крыўды і хацела раз забіць Ўладзімера. Ён хапіўся за меч, каб засячы гордую палачанку, але маленькі Ізяслаў стаў таксама з мечам на заслону сваей маткі. Гэткі маленькі абаронец так спадабаўся Ўладзімеру, што ён даў яму насьледнае Полацкае княства. А для Рагнеды ён збудаваў каля Менску новае места Ізяслаўе і адаслаў яе туды на жыцьцё (987). Калі мы паміж радкоў нерачытаем гэтае паданьне, то пабачым, што для Кіеўскага князя было ня зусім бясьпечна дзяржаць каля сябе нават і жонку, калі яна была шчыраю палачанкаю. Ад Ізяслава і пачынаецца род гістарычных полацкіх князёў, каторыя завуцца Ізяславічамі. Поруч з гэтым часта летапіс называе полацкіх князёў „Рагвалодавымі ўнукамі“. Спрэчка паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю ня скончылася пры Ўладземіры з высылкаю Рагнеды. Яны прыняла толькі другую форму, ня выходзячы з сям’і вялікага князя кіеўскага. У летапісе мы чытаем адно апавяданьне, каторае на першы пагляд, як-бы і не дае матар’ялаў да нашага пытаньня, але, ўгледзеўшыся ў каторае, мы бачым працяг Кіеўска-Полацкага змаганьня. Мы разумеем тут барацьбу, якая йшла паміж Ўладзімерам і Яраславам Кіеўскім з аднаго боку і Яраполкам Тураўскім з другога боку. Трэба разабрацца у гэтай гісторыі, бо яна ня ёсьць такая ясная, як здаецца.

У часы Рагвалода Тураўская воласьць належала да Полацку. Ўладзімер Кіеўскі, перамогшы Рагволада, прылучыў Тураў з яго землямі да Кіева, як асобную воласьць вялікакняскага пасаду. Разумеецца, што мясцовыя дрыговіцкія князі тураўскія згубілі сваю незалежнасьць. Тураў зьвяртаў на сябе ўвагу вялікага князя Кіеўскага, як быўшая воласьць Полаччыны. Апроч таго, Тураў быў на Прыпяці, каторая была водным шляхам на Захад. Заходнія ўплывы былі магчымы, як у Тураве, так і ўва ўсей Полаччыне, дзякуючы такім рэкам, як Заходняя Дзьвіна, Нёман і Прыпяць. Гэтыя заходнія ўплывы рабілі Тураў тыповаю воласьцю Полаччыны. Што датычыць да Кіеўшчыны, то яна мела яўна выразны, чыста — Візантыйскі, усходна-паўднёвы кірунак.

Калі мы зьвернем увагу на гэтую зьяву, то зразумеем, чаму Кіеўскія князі заўсёды на тураўскім пасадзе дзяржаць намесьнікамі сваіх старшых сыноў. Так было і ў часы Уладзімера. Намесьнікам тут сядзеў Сьватополк Ўладзімеравіч, каторы павінен быў па думцы бацькі праводзіць ў жыцьцё краю кіеўскі, паўдзённа-візантыйскі кірунак. Але Сьвятаполк ня спраўдзіў надзеяў Ўладзімера. Ен хутка стаў паддавацца заходняму ўплыву. Ен, як вядома, ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава І, каторая была хрысціянкай заходняга абраду. З ёю да Тураўскага князя-намесьніка прыехаў заходні біскуп Рэйнбэрн. Апіраючыся на тураўцаў, якія добра памяталі незалежнасьць Тураўшчыны ад Кіеўшчыны, а таксама спадзяючыся на дапамогу ад свайго цесьця Баляслава, Сьвятаполк замысьліў аддзяліцца ад Кіеўшчыны. Ўладзімер, даведаўшыся аб плянах старшага сына, раптам напаў на яго, схапіў яго, жонку і біскупа, і ўсіх пасадзіў у „паруб“. Разумеецца, што пасьля ўсяго гэтага Сьвятаполк ўжо ня мог быць тураўскім князем.

Пасьля сьмерці Ўладзімера Сьвятаполк павінен быў, як старэйшы ў родзе, заняць кіеўскі велікакняскі пасад. Паміж ім і братамі, каторыя былі ўзгадаваны ў другім кірунку, пачалася барацьба. Кіеўскі летапісец, каторы стаяў на ўсходня-хрысьціянскім, чыста-візантыйскім грунце і бачыў у асобе Сьвятополка чалавека другога кірунку, чорнаю фарбаю малюе гэтага князя. Ен вінаваціць яго ў сьмерці братоў Барыса і Глеба, у тым, што ён нават хацеў загубіць усіх братоў, і ўрэшце дае яму прозьвішча „Акаянны“.

Справа кончылася так: браты з Яраславам на чале перамаглі Сьвятаполка. Ен павінен быў выгнанцам бадзяцца па чужых краёх, пакуль і не загінуў недзе на чужыне, за тое, што быў у сваей бацькаўшчыне-Кіеўшчыне прадстаўніком іншага кірунку.

А спрэчкі паміж Полаччынай і Кіеўшчынай ідуць сваей чаргой. Яраслаў Мудры змагаецца з Барыславам Полацкім, Ізяславічам, дзядзька з пляменьнікам. Спрэчка пачынаецца за Ноўгарад, каторы быў паўночным ключом вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі. Хто меў гэты ключ, той меў магчымасьць замкнуць і адчыніць шлях тагочаснага багацьця і культуры. Апроч таго, спрэчка йдзе за валоданьне двама гарадамі — Віцебскам і Усьвятам. Гэтыя гарады мелі таксама, вялікую каштоўнасьць. Той, хто валодаў імі, валодаў ключамі ад вышэйшага Падзьвіньня і меў надта важную частку вялікага шляху, гдзе былі волакі між Дзьвіной і Дняпром. Спрэчка паміж Кіевам і Полацкам скончылася тым, што Яраслаў адмовіўся ад пратэнзіі на Віцебск і Усьвят. Такім чынам, пытаньне аб Ноўгарадзе ня было выяўлена. З часу Брачыслава спрэчкі сталі няўпыннымі і безперарыўнымі. Кіеўскія Яраславічы ўвесь час змагаюцца з полацкімі Ізяславічамі. Апроч старой Рагвалодавай і Рагнедзінай крыўды, паміж гэтымі цэнтрамі лягло суперніцтва за ўплыў на Ноўгарад, за пяршынство ўвасходня-славянскім сьвеце. Разгар змаганьня выпадае на часы князяваньня ў Полацку Брачыславага сына Ўсяслава.



Усяслаў Полацкі. (1044–1101).

Пачэснае месца ў гісторыі Полаччыны здабыў Рагвалодаў прапраўнук Усяслаў. Шчыра працаваў гэты князь дзеля лепшай долі свайго роднага краю. Крывёю і потам сваім здабываў ён славу для свае бацькаўшчыны і бараніў яе ад ворагаў. Ня ведаў ён праз ўсё сваё доўгае жыцьцё, што такое адпачынак. І адкуль толькі ўзялося столькі палітычнага розуму, нявычарпанай знэргіі і жвавасьці у гэтага працаўніка. Сучасныя з ім людзі ніяк не маглі згадзіцца з тым, што гэта быў звычайны, просты чалавек. Ці можа просты чалавек мець такую энэргію, такую сілу і жвавасьць? І народ быў пераконаны ў тым, што Усяслаў — чараўнік, што ён можа рыскаць ваўком за соткі вёрстаў. Хадзіла сярод людзей легенда, што і радзіўся ён ад чарадзейства: што ад нараджэньня меў ён на галаве асобы радзімы знак, ад якога і залежала ўся яго дзіўная нечалавечая сіла. Каб ня кідаўся людзям у вочы гэты знак, князь-чарадзей заўсёды насіў на галаве павязку.

Як чараўніка, малюе Ўсяслава і Вешчы Баян і пясьняр „Слова аб палку Ігаравым“. Ен так сьпявае аб князі: „Ўсяслаў — князь людзям суды судзіў, князём гарады парадкаваў а ўначы сам ваўком рыскаў: з Кіева ён дасягаў да Тмутаракані да першых пеўняў, ваўком перацінаючы шлях вялікаму Сонцу — Хорсу. У Полацку ў сьвятой Зофіі званы звоняць на заутраню, а ён у Кіеве званы гэтыя чуе. Хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў. Яму-то і Баян Вешчы раней яшчэ прыказку сьпяяў: ні хітраму, ні гараздаму, ні птушцы лятучай суда божага не пазбыцца“. Сваім розумам, сваім непакорным, бурным, мятучымся духам князь-чараўнік надоўга астаўся ў народным успамінку. Народ складаў аб ім казкі, пяяў песьні, казаў прыказкі. З усяго гэтага пясьняр Слова і зрабіў свой малюнак. Як у Полаччыне, так і ў Кіеўшчыне добра ведалі ўсе гэтага чалавека з вешчым духам у харобрым целе.

Пакуль яшчэ быў жывы Яраслаў Мудры, Усяслаў быў у згодзе з паўднёвымі князямі. Пасьля сьмерці Яраслава (1054 г.) у валасьцёх Кіеўшчыны сталі князяваць яго сыны, разабраўшы асобныя гарады па старшэнству. На кіеўскі пасад сеў найстаршы сын Ізяслаў з тытулам вялікага князя, на Чарнігаўскі пасад сеў Сьвятаслаў, на Пераяслаўскі — Усевалад і г. д. У першыя часы з імі Ўсяслаў жыў згодна, нават быў супольнікам у некаторых ваяўніцкіх справах паўднёвых князёў. На поўдні ў гэты час зьявіўся, на зьмену разьбітых печанегаў, новы мангольскі народ — Полаўцы. Асеўшы на сьцяпох, Полаўцы зьвярнулі на сябе ўвагу Кіеўшчыны, пагражаючы ёй кожны мамэнт. Так было аж да 60-х гадоў. З гэтага часу ізноў пачынаецца змаганьне Полаччыны і Кіеўшчыны, каторае цягнецца аж да сьмерці князя Ўсяслава. Прычыны змаганьня добра нам невядомы. Магчыма думаць, што і цяпер, як і пры Брачыславе, сварка пачалася за валоданьне Ноўгарадам.

Ноўгарад у той час належаў да Кіеўшчыны. З гэтым ніяк не магла згадзіцца Полаччына. У 1067-м годзе Ўсяслаў „вонзи стрекала і отвори врата Новуграду“. Узяўшы ў Ноўгарадзе шмат здабычы, вярнуўся Ўсяслаў у Полацак. Даведаўшыся аб гэтым, паўднёвыя князі: Ізяслаў Кіеўскі, Сьвятаслаў Чарнігаўскі і Ўсевалад Пераяслаўскі згадзіліся паміж сабою памсьціцца Полаччыне. Яны сабралі вялікую ўзброеную сілу і пашлі паходам на Менск, каторы у той час быў адным з багацейшых прыгарадаў Полацку. Ня гледзячы на абарону, Менск яны забралі. Забраўшы ў багатым горадзе шмат здабычы, павялі яны свае войскі далей па рэчцы Нямізе, цякучай у Сьвіслач, і тут сустрэліся з войскам Ўсяслававым. Маленькая рэчка 3-га сакавіка 1067-га году бачыла на берагох сваіх страшэнную бітву. Аб тым, што тут было, так пяе пясьняр Слова аб Ігаравым палку: „На Немизе снопы стелют головами, молотят цепами булатными, на току жизнь кладут, веют душу от тела. Немиги кровавы бераги ня житом были посеяны, а костьми сынов русских“. Рэчка Няміга цяпер высахла. Па рыцьве яе ідзе Няміская вуліца ў Менску. Часам вясною напаўняецца вадою Няміга і ўспамінае сваё мінулае.

Дрэнна скончылася гэтая Няміская бойка для сыноў Полаччыны. Большая частка іх палягла тут, як снапы на полі, і не вярнуліся яны да хат сваіх. Ўсяслаў быў разьбіты. Але немалыя былі страты і кіеўскіх Яраславічаў. Замест таго, каб скарыстаць пабеду і гнаць далей разьбітых палачан, яны павінны былі праз нейкі час заклікаць да сябе Усяслава, каб зрабіць з ім згоду. Усяслаў з двама сынамі і невялікаю дружынаю прышоў у кіеўскі лагер, не спадзяючыся, што паўднёвыя князі ўмысьлілі злачынства. Яны схапілі яго і сыноў, закавалі іх у моцныя кайданы і адвязьлі ў палон у Кіеў. Смутна было на сэрцы палоннага князя, каторы сядзеў ў ланцугох у кіеўскім парубе пад велікакняскімі палацамі. Душа яго вітала на роднай Полаччыне. Відаць, шмат ён думаў аб тым, што там робіцца, калі раніцаю ў турме чуў, як у далёкім родным Полацку ў сьвятой Зофіі званы звоняць на заутраню. І звалі яго гэтыя званы на бацькаўшчыну.

Нядоўга аднак-жа таміўся князь-чарадзей у палоне. Чары яго былі сільней ланцугоў і праз сьцены турмы йшлі па Кіеву да народу Кіеўскага. Небясьпечны быў полацкі палоньнік для магутнага князя Кіеўскага.

На другі год палону Ізяслаў Кіеўскі павінен быў ісьці паходам на полаўцаў, каторыя пачалі руйнаваць паўднёвыя землі. Полаўцы разьбілі яго, і вярнуўся ён да дому з ганьбаю. Тады ўзбунтаваліся кіяўляне, вызвалі з парубу князя-чарадзея і запрасілі яго на Кіеўскі пасад замест Ізяслава, нарушыўшы гэтым правы другіх паўднёвых князёў. Здаецца чаго больш было жадаць Усяславу? З сумнай турмы падняўся ён на залатакованы Кіеўскі велікакняскі пасад, на той самы пасад, які быў так жаданым для ўсіх паўднёвых князёў. Навокала была багацьце, пашана; зьзяла паўднёвае сонца Украіны. Так вось не! Як і раней у парубе, звалі яго званы, якія званілі у сьвятой Зофіі ў Полацку. І гучна відаць званілі яны ў сэрцы князя Полаччыны, калі ён толькі сем месяцаў здалеў праседзець на Кіеўскім пасадзе. Цягнула яго далёкая Полаччына, пакрытая смугаю туманаў, але блізкая яго сэрцу. З паходу з-пад Белграду ўцёк полацкі князь-чарадзей на сваю бацькаўшчыну. Усе гэтыя падзеі так апісвае пясьняр Слова аб Ігаравым палку: „Кінуў жэраб’е Ўсяслаў, даткнуўся пікаю да залатога пасаду кіеўскага. І пабег ён зьверам лютым ад іх аб поўначы з Белграду, і зьнік у сіняй смузе“.

І пайшло зноў змаганьне паміж „Рагваложымі ўнукамі“ Ізяславічамі і Кіеўскімі Яраславічамі, пасярод каторых ужо ўзрасла новая працавітая і даравітая асоба — Ўладзімер Манамах, Сын Ўсевалада Пераяслаўсага. Шмат бяды прынёс Полаччыне гэты, добра вядомы нам, вялікі князь Кіеўшчыны. Пад яго кіраўніцтвам злучаюцца паўднёвыя князі, каб руйнаваць і нішчыць нашу бацькаўшчыну, каб палоньнікамі, узятымі з яе абшару, запаўняць паўднёвыя рынкі. Два разы Яраславічы праганялі Ўсяслава з пасаду Полацкага, але ён зноў і зноў садзіўся на ім, бо яго паддзержваў народ полацкі.

Апошні паход на Полацкую зямлю адбыўся ў 1084 годзе. Ўладзімер Манамах сабраў вялізнае войска і павёў яго на поўнач. Дайшлі да Менску. Горад быў узяты і зруйнованы дарэшты. Ваякі Уладзімера, як кажа летапіс, „не оставивши ний челянина, ни скотины, вся разграбиша. и пожгоша“. Доўга пасьля Менск памінаў нядобрым словам Кіеўскага князя Манамаха.

Гэтым паходам, здаецца, і закончылася барацьба Усяслава з Яраславічамі. Полацкі князь быў ужо вельмі стары. Цяжкае, поўнае працы і барацьбы, жыцьцё засьмірыла яго буйную душу: „хоць і вешчы дух у харобрым целе, але надта бяды ён відзеў“. Пасьля 57-годняга князяваньня пашоў гэты працаўнік спачываць у сырую зямельку свае пакутнае бацькаўшчыны, каторую ён так шанаваў і любіў. Пад 1101-м годам у летапісе запісана: „Преставися Всеслав Полотьский князь, месяца априля в 14 дзень, в 9 час дне, в среду“.

Усяславу мы павінны даць пачэснае месца ў гісторыі нашага краю. Яго праца не прайшла марна. Ен павялічыў тэрыторыю Полаччыны, прылучыўшы да яе шмат новых асабных княстваў.



Полаччына пасьля Усяслава.

Пасьля сьмерці князя-чарадзея Полаччына пачынае хіліцца данізу. Гаспадарства пачынае хварэць. Прыгарады Полацку вядуць змаганьне з іх галоўным кіруючым горадам, а таксама і паміж сабою. На чале гарадоў, якія спрачаюцца, становяцца асобныя князі Рагвалодавага роду і вядуць змаганьне, як адзін з адным, так і ўсе разам — з старэйшым Полацкім князем. У кожным горадзе на вечы ідуць спрэчкі паміж багацейшымі і бяднейшымі станамі грамадзянства. Адным словам, па абшарах Полацкай тэрыторыі ідзе нейкая палітычная і грамадзянская барацьба. З тых скупых вестак, якія прыпадкова маюцца ў летапісах, няма ніякай магчымасьці даць падробны малюнак гэтай хатняй барацьбы і выясьніць яе прычыны.

А адначасна з гэтым ідзе працяг таго змаганьня Полацкай воласьці з воласьцю Кіеўскай, каторае пачалося яшчэ з часу Рагволода. Ўладзімер Манамах, каторы і раней выказаў сябе, як люты вораг Полаччыны, зноў робіць паходы на Полацкую зямлю. Ен руйнуе такія гарады, як Менск, Друцк, Воршу, Капыль і інш. Бачучы, што ў Полаччыне магчыма дастаць вялікі здабытак, Кіеўскія князі нават злучаюцца, што з імі рэдка бывае, і ў 1127-м годзе робяць хаўрусны паход. Зьнішчаны агнём і мечам такія гарады, як Полацак, Лагойск, Ізяслаў і інш. Урэшце Кіеўскі вялікі князь Мсьціслаў (ў 1129-м годзе) выгнаў з Полацку, Менску і інш. гарадоў Ізяславічаў і іх падручных князёў, а на іх месца пасадзіў сваіх сыноў і родзічаў. Вечы павінны былі згадзіцца з гэтым, бо на баку новых князёў была сіла зброі. Гэтыя чужынцы-князі фатыгуюцца толькі аб тым, каб як найбольш выкарыстаць з забранага краю.

Увесь край дайшоў да руіны. Гарады і вёскі пусьцелі. Забраныя, заціснутыя эканамічна, насельнікі зямлі забіраліся ў няволю. Іх потым тысячамі прадавалі на нявольнічых рынках, як у славянскіх землях, так і ў далёкай Азіі. Пашырыўся нявольнічы гандаль, ад якога карысталі чужынцы-князі і мясцовыя капіталістыя, інтарэсы каторых зышліся з інтарэсамі князёў. Такім спосабам мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная палітычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысьць, руйнавалі край.

Але і народнай цярплівасьці часам прыходзіць канец. Так было і ў Полаччыне. Па летапісу ў 1132 годзе разгарэлася народная помста, паднялося паўстаньне. Яно ахапіла вялікія народныя масы. Народ выгнаў чужынцаў-князёў і іх прыхільнікаў. У Полацку сабралася веча і ўхваліла вярнуць на бацькаўшчыну выгнаных Кіеўскімі князямі дзедзічаў Полацкага пасаду, Рагвалодавых унукаў. Мабыць, добры ўспамінак застаўся ў народзе аб сваіх былых князёх, калі ў цяжкі час жыцьця думаў ён аб іх і зьвярнуўся да іх, каб адбудаваць дзяржаву. Зазваныя народным рухам і вечам, вярнуліся Ізяслававічы на Полацкую Русь. Гадоў з 50 (ад 1132 да 1180 году) зноў кіравалі ў Полацкай воласьці Рагвалодавы ўнукі. З князёў гэтага часу патрэбна ад’значыць унука чарадзея — Ўсяслава, Васілька Рагвалодавіча і яго сына Усяслава Васільковіча. Заціхлі дамовыя войны і спрэчкі. Край пачаў ад’жываць, народ зноў прыняўся за працу. Прыпыніліся і паходы з Кіеўшчыны; Кіеўская воласьць не пасылала больш на Полаччыну сваіх каршуноў за здабыткам. Ей было цяпер не да паходаў. Там настаў час асаблівага ўціску паўднёвых качаўнікоў-полаўцаў і ўсе сілы Кіеўшчыны павінны былі адцягнуцца на поўдзень. Ня спыняліся там адначасна і хатнія спрэчкі паміж асобнымі воласьцямі і князямі. Ад гэтых бедаў беглі людзі з Кіеўшчыны, хто ў Полаччыну, хто ў Наўгародзкія землі, хто на паўночны ўсход, у Растова-Суздальскую тэрыторыю. Асабліва многа народу пайшло на паўночны ўсход. Першымі сталі асядаць там некаторыя з кіеўскіх князёў, якія шукалі спакайнейшага месца. Ужо Уладзімер Манамах быў адным з такіх князёў. Князі задзержваюць тут бежанцаў з кіеўшчыны, арганізуюць іх, як эканамічна, так і палітычна. Утвараюцца новыя адносіны паміж насяленьнем і князем. Тут гаспадаром жыцьця становіцца князь, Юры Даўгарукі, потым яго сын Андрэй Багалюбскі. Яны найбольш разьвярнулі тут сваю княска-гаспадарчую працу. Хоць яны і Кіеўскія князі, але традыцыі Кіева ўжо чужыя для іх. Расьце і ўзмацняецца тая Ростава-Суздальская тэрыторыя Русі, якая дагэтуль ня мела вялікага значэньня. Усе сілы гэтай тэрыторыі ідуць на яе ўзрост, і ёй цяпер не да Полаччыны. Усё гэта давала Полаччыне магчымасьць зноў прыняцца за згодную працу і адпачываць ад таго цяжкога жыцьця, якое выпала на яе долю ў першай трэці ХІІ стагодзьдзя.

Пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча, у 1180-м годзе мы бачым у гісторыі Полаччыны надта цікавае здарэньне. Летапіс апісвае яго так. Ўсяслаў Васільковіч быў дужа ўлюблены народам князь. Меў ён пашану ня толькі ад князёў Полацкай вямлі, але і ад простага люду. Усе яго паважалі за яго розум, справядлівасьць і дабрату, і называлі нават вялікім. Калі ён памёр, то веча пераконанае ў тым, што другога такога князя немагчыма знайсьці, каб не зьняважыць нябожчыка, не абрала ніякага князя і ўхваліла ў Полацку рэспубліку. Замест князя абралі 30 старшын, каторыя і кіравалі рэспублікай некалькі гадоў, да 1190 году.

Немагчыма згадзіцца з тым, што рэспубліка ў Полацку ўтварылася толькі дзеля таго, што веча не знайшло годнага кандыдата на месца князя. Ня можна згадзіцца і з тым, што веча не абрала князя толькі затым, што яно ніяк не магло кіравацца ў лініях родзтва князёў. Мы ведаем, што веча ня лічыла для сябе абавязковым, пры абраньні князя, кіравацца яго старшэнствам. Князем абіраўся той, хто больш здавольваў умовам веча. Трэба такім спосабам шукаць другіх, больш грунтоўных прычын для такой палітычнай падзеі, як перамена формы кіраваньня.

Каб дайсьці да прычыны заснаваньня рэспублікі ў Полаччыне, зьвернемся да параўнаўчага мэтоду. Мы зробім адзін успамінак з паданьняў даўняй Эльляды, каторы вельмі падобны да нашага паданьня і ўжо выяўлены гістарычнаю навукаю.

Быў калісь у Аттыцы, у незапомныя часы, адзін цар, на імя Кодр. Народ вельмі любіў яго за яго добрае, справядлівае кіраваньне. І вось, адзін раз напалі на Аттыку ворагі, ад каторых ніяк ня можна было абараніцца. Тады людзі зьвярнуліся да боскай дапамогі. Аракул даў такі адказ: адзержыць верх тая старана, дзе загіне цар. Калі гэты адказ перадалі Кодру, ён задумаў зрабіць ахвяру для свайго народу. Апрануўся ён у лахманы, павесіў на плечы жабрацкую торбу і, зусім непадобны да цара, пашоў у варожы стан. Тут ён сумысьля пачаў нейкія спрэчкі. Ворагі, ня ведаючы, што гэты жабрак ёсьць афінскі цар, у спрэчцы забілі яго. Тут толькі яны даведаліся аб боскім прыказе і аб тым, хто такі ёсьць забіты жабрак. Пасьля гэтага, не спадзяючыся перамагчы афінян, бо з іх боку згінуў цар, ворагі самі адыйшлі ад Аттыкі. А Афіняне, вызваліўшыся ад непрыяцеляў па ахвяры свайго цара, на сходзе зрабілі пастанову, каб не абіраць цара, бо другога такога цара, як Кодр, немагчыма знайсьці. Такім спосабам у Аттыцы была заложана рэспубліка. Трэба толькі ад’значыць, што рэспубліка гэта была не дэмократычная, а арыстократычная.

Гістарычная навука ў гэтым наіўным паданьні ўгледзела далёкі водгук барацьбы за ўладу багацейшых і заможнейшых станаў гаспадарства з царамі, каторыя абмяжоўвалі іх ўплыў. Цары былі тым небясьпечны для арыстакратаў, што яны часта апіраліся на дэмос, на просты люд. Паміж іншым, у Афінах дэмос нядоўга цярпеў арыстакратычную рэспубліку. Ен згрупаваўся ўкола Пізістрата, і аддаў яму дзяржаўную ўладу. Для народу была больш прыемна дэмократычная ўлада аднаго, чым арыстакратычная ўлада некалькіх асобаў (олігархія).

Трэба думаць, што гэтак сама была справа і ў Полаччыне. Скарыстаўшы сьмерць князя, каторы быў ўлюблены і паважаны народам, трыццаць багацейшых баяраў павярнулі веча нейкім спосабам у свой бок, — і захапілі ў свае рукі палітычную ўладу. Просты народ ня быў здаволены такою рэспублікаю, бо яна не дала яму месца ў справах дзяржавы. Арыстакраты, злучыўшы з палітычнай сілай эканамічную і ня маючы пагрозы сабе з боку князя, які апіраўся на масы простага люду, рабілі, што хацелі, а хацелі — што было карысна толькі ім. Абурэньне народу ў 1190-м годзе кончыла гэтую рэспубліку, каторая істнавала толькі 9 гадоў.



Хрысьціянства і прасьвета.

Нам добра вядома, як пашыралася хрысьціянства ў Кіеўскай Русі. Уладзімер, зрабіўшыся хрысьціянінам, выдаў прыказ зьнішчыць ідалаў: адных пасячы, другіх спаліць. Асабліва ён зьдзекаваўся над Пяруном. Яго прывязалі да конскага хваста, пацягнулі ў Днепр, — і па дарозе слугі князевы білі яго батамі. Потым бога кінулі ў раку і басакамі вялі яго аж да парогаў, каб ён ня выплыў. Веруючыя людзі плакалі, бягучы за зьняважаным богам і крычалі: „выдыбай, божа!“ Потым князь запатрабаваў, каб усе прышлі да ракі прыняць хрышчэньне, абвесьціўшы, што невыкананьне гэтага прыказу будзе прызнана, як супраціўленьне княскай уладзе. Жыхары павінны былі паслухацца загаду. У некаторых мясцох была барацьба дзьвёх вераў, — і хрысьціянства пашыралася агнём і мечам.

Аб тым, як пашырылася хрысьціянства ў Полацкай Русі, мы маем таксама некаторыя весткі. Прыняўшы хрысьціянства, у тым-жа годзе (988) Уладзімер успомніў і аб сваей апальнай жонцы ў Полаччыне. Ен прыслаў у Ізяслаў, дзе жыла Рагнеда, сваіх пасланцоў, каторыя ад імя князя перадалі ёй такія словы: „аз убо ныне крещен есьмь и приях веру и закон христіанскій; подобает мне едину имети жену, юже поял в христіанстве. Избери себе от вельмож моих, егоже хощеши да сочетаю тя ему“. З гэтай весткі мы бачым, што Ўладзімер больш зацікаўлены ліквідаваньнем сваіх паганскіх шлюбных зьвязкаў, чым пашырэньнем у Полаччыне хрысьціянства. Выслухаўшы пасланцоў, Рагнеда ў кароткіх словах так адказала свайму быўшаму чалавеку: „быв княгинею, могу-ли быть рабою у слуги твоего?“ Ўладзімера гэты адказ не здаволіў, бо ён не ліквідаваў шлюбнай справы. Праз нейкі час зноў ідуць ад яго пасланцы да Рагнеды і прапануюць ёй прыняць хрысьціянства. Яна згадзілася і нават прыняла манашаскі пострыг пад імем Анастасіі. Для новапастрыжанай манахіні-княгіні быў пабудаваны манастыр, у каторым яна і пражыла некалькі гадоў да скананьня ў 1000 годзе. Ведама таксама, што ў гэты самы час у Полацку была яшчэ адна хрысьціянская царква. Гэтае летапіснае паданьне гаворыць нам аб тым, што кіеўскі князь вельмі цікавіўся верай Рагнеды. У такога палітыка, як Ўладзімер, гэтая зацікаўленнасьць была не так рэлігійнага, як палітычнага кірунку. Ён турбаваўся не аб тым, каб яго апальная жонка знайшла пэўнае месца ў нябесным царстве, а аб тым, каб злучыць Полацкую воласьць з Кіеўскай у рэлігійных адносінах, а ў царкоўных адносінах паддаць яе кіеўскаму мітрапаліту. Ува ўсякім разе, трэба ад’значыць, што ў Полаччыне кіеўскі князь не выдаваў прыказаў аб абавязковым для ўсіх прыняцьці хрысьціянства, як у Кіеве, і не змагаўся сілай з паганствам.

Што датычыць да Ізяслава, сына Рагнеды, то магчыма, думаць, што ён згодна, а ня сілком пашыраў новую веру ў Полаччыне. Адзін, праўда ўжо пазьнейшы летапіс так малюе характар князя: гэты князь быў рахманы, ласкавы і міласэрны; ён паважаў духоўны і манашаскі стан і вельмі любіў чытаць сьвятое пісаньне. Такі характар князя, як нельга лепей быў здатны для згоднага, паступовага пашырэньня хриысьціянства.

Калі зьявіліся першыя хрысьціяне ў Полаччыне, трудно дазнацца. Гэта пытаньне, пакуль што, яшчэ ня выяўлена гісторыкамі. Есьць паданьні, што ўжо ў ІХ стагодзьдзі тут былі хрысьціяне. Пад гэтымі паданьнямі ёсьць пэўныя гістарычныя асновы. Землі Беларусі былі разложаны на вялікім водным шляху з Варагаў ў Грэкі. Па гэтым шляху йшлі жывыя гандлёвыя зносіны, як з усходня-хрысьціянскай Візантыяй, так і з заходнімі хрысьціянскімі народамі. Гандляры, як варагі, так і славяне, вязьлі па гэтым вялікім шляху ня толькі чужаземныя тавары, але і чужаземную хрысьціянскую культуру і веру.

Усе гэтыя зьвесткі гавораць нам аб тым, што новая вера ня прыйшла сюды, як вера, што змагалася за сваю бытнасьць агнём і мечам. Хрысьціянскія пагляды прасачваліся ў жыцьцё, як і ўся культура, згодным паступовым шляхам. Часам яны выціскалі з быту грамадзянства старыя паганскія пагляды, а яшчэ часьцей зьліваліся з імі. Політэістычная паганская вера ня ставіла ніякіх перашкод для Бога і сьвятых новай веры, бо яна прызнавала, што істнуе не адзін Бог, а многа. Прызнаць новых багоў было для яе магчымым тым больш, што гэтых новых багоў яна малявала падобнымі да сваіх старых багоў. Сьвяты прарок Ільля стаў падобен да Пяруна, сьвяты Улас да Велеса і г. д. Такім спосабам утварылася яшчэ з часоў сівай даўнасьці тое дваяверра, якое істнуе і ў сучаснай нам Беларусі. Наша вёска і дагэтуль носіць па сваіх рэлігійных поглядах пячатку далёкага мінулага. Тут згодна ўжываецца старое славянскае паганства з усходнім і заходнім хрысьціянствам.

Кніжная прасьвета ў Полаччыне з самага пачатку стала ў гьвявак з хрысьціянскай верай. Укола царквы групавалася тады тыхчасовая адукаваная інтэлігэнцыя. Так было ня толькі ў Полаччыне, але і ў Кіеўшчыне, і ў Заходняй Эўропе, і ў Візантыі. Прасьвета ўсяго хрысьціянскага сьвету насіла тады царкоўны кірунак, і шмат патрэбна было часу змагацца прасьвеце за сваю незалежнасьць ад царквы. Рэлігійнымі і культурна-прасьветнымі цэнтрамі былі манастыры. У іх, або пры іх, істнавалі як-бы школы, пісаліся і перапісваліся кнігі, групаваліся людзі прасьветы. У народ кніжная прасьвета не пранікала так, як у нашыя часы. Народ жыў сваім жыцьцём і тварыў сваю культуру. Ён сьпясваў свае песьні і быліны, баяў байкі, гутарыў пагаворкі і прыслоўі, складаў легенды і другія творы. Культура народу ня была пісьменнаю культураю, а перадавалася з вуснаў у вусны. З прадстаўнікоў кніжнай прасьветы першага пэрыяду гісторыі Беларусі мы павінны ад’значыць у Смаленску — Клімэнта Смаляціча, у Тураве — Кірыла Тураўскага, у Полацку — княжну Прадславу-Еўфрасіньню.

Клімэнт Смаляціч жыў у першай палавіне ХІІ-га стагодзьдзя. Як кажа летапіс, гэта быў кніжнік, якога ня было на ўсёй Русі. Жыў ён у манастыры, але больш быў вучоным, чым манахам. У яго келіі поруч з кнігамі сьвятога пісаньня мажліва было знайсьці і мірскія кнігі, напрыклад, кнігі антычных аўтараў: Гомэра, Плятона і Арыстотэля. Ён добра ўчытваўся ў сьвецкую літэратуру і бачыў, што ў ёй ёсьць шмат чаго такога, на што трэба зьвярнуць увагу і без чаго ня можна добра зразумець сьвятога пісаньня. Па яго пагляду антычныя аўтары былі прадвесьнікамі хрысьціянскіх ідэяў сярод паганскіх народаў, таксама, як старазаветныя прарокі сярод габрэяў.

Па зьвестках, якія дайшлі да нас, Клімэнт быў вельмі працавіты і пладавіты аўтар: ён напісаў шмат кнігаў, казаньняў, лістоў, тлумачэньняў і г. д. З усіх гэтых матэр’ялаў да нашага часу дайшоў толькі адзін ліст, напісаны Клімэнтам нейкаму смаленскаму сьвяшчэньніку. Гэты ліст мае вялікую каштоўнасьць затым, што ён сьведчыць кірунак мысьлі Клімэнта і яго сучасьнікаў. Мы бачым, што тыхчасовае грамадзянства цікавілася навукова-рэлігійнымі пытаньнямі, а з іх асабліва пытаньнямі аб тым, як разумець і тлумачыць сьвятое пісаньне. Адны гаварылі, што разумець Біблію трэба так, як пісана, г. з. літэральна. Другія не здавальняліся такім тлумачэньнем і гаварылі, што зразумець сьвятыя кнігі магчыма, толькі пры дапамозе сьвецкай навукі, напрыклад, антычных аўтараў. Звычайна, што такое тлумачэньне ўжо не магло быць літэральным. Сам Клімэнт, як гэта відно з кірунку яго мысьлі, дзяржаўся гэтага пагляду. Паміж спрэчнымі старонамі спрытна йшла полеміка, у якую, памімаволі, ўцягвалася і мясцовае грамадзянства.

Другі прадстаўнік кніжнай прасьветы ў Полаччыне, Кірыл Тураўскі, жыў таксама ў ХІІ стагодзьдзі. Гэта быў ня столькі кабінэтны вучоны, як Клімэнт, сколькі выдатны царкоўны прамовец. Імя яго мы спатыкаем у агульных курсах гісторыі рускай літэратуры старэйшага пэрыяду. Усе прамовы Кірыла даюць нам добрыя прыклады царкоўнага красамоўства. Сучасьнікі далі яму назоў рускага Золатавуснага, і гэты назоў з поўным правам астаецца за ім і да нашага часу. Проф. Галубінскі, выдатны вучоны па гісторыі рускай царквы, так характызуе яго казаньні: „Казаньні Кірыла Тураўскага, ня маючы нічога агульнага з другімі сучаснымі яму казаньнямі і навучэньнямі, яўляюць сабою зусім самыя аратарскія творы, як казаньні сучасных нам вучоных — царкоўных і прамоўцаў. Калі-б перакласьці іх на сучасную літэратурную мову і сказаць, што яны належаць якому-небудзь сучаснаму прамоўцу, то, можа, толькі добры знавец справы зацеміць гэты абман“. Кірыл добра ведаў сучасную яму, як заходнюю, так і візантыйскую літэратуру, што відно са зьместу яго прамоваў. Ен гаварыў свае казаньні такою мовай, што пэўна нязначная частка народу магла зразумець іх. Але ўсё-ж, ня гледзячы на гэта, яго добра ведалі ня толькі ў Полаччыне і Тураўшчыне, але і ўва ўсёй Русі, як выдатнаго царкоўнага прамоўца.

Прадслава-Еўфрасіньня, княжна Полацкая, жыла таксама у ХІІ-м стагодзьдзі. Яна была ўнучкаю вядомага нам Полацкага князя-чарадзея Ўсяслава Брачыславіча. Як кажуць паданьні, яна сваім хараством і розумам стаяла вышэй за усіх сваіх таварышкаў. Жаніхі дабіваліся рукі князеўны, але яна адмаўлялася выйсьці замуж. Бацькі яе хацелі выдаць яе замуж сілком. Даведаўшыся аб гэтым, яна патаёмна пакінула родную сям’ю і ўцякла да жаноцкага манастыра, на чале каторага стаяла яе цётка. Калі бацькі даведаліёя аб тым, на што прамяняла іх дачка княскія палацы, яны пачалі прасіць яе вярнуцца дамоў. Ня гледзячы на гэтае, Прадславе ўсё-ж такі ўдалося астацца ў манастыры, — і яна праз нейкі час нават прыняла пострыг. Яшчэ жывучы ў бацькоў, Прадслава любіла аддаваць свой адпачынак чытаньню кнігаў. Кніга ў тыя часы была рэдкаю зьяваю ў грамадзянстве. Яшчэ і тады, каб мець успадабаную кнігу, Прадслава з вялікім стараньнем перапісвала яе. Прыняўшы манашаскі пострыг, яна ўвесь час працавала над перапіскаю кнігаў. Укола яе пачалі гуртавацца другія спагадчыкі прасьветы і кнігі; апроч таго, яна сама зьбірала ў манастыры перапішчыкаў і перапішчыцаў. І вось, такім спосабам, той манастыр, дзе жыла і працавала Прадслава-Еўфрасіньня, стаў тым цэнтрам, ад каторага кнігі разыходзіліся ўва ўсе бакі. Шмат кніжных людзей, дзякуючы працы манастыра, дасталі магчымасьць чытаць кнігу, і прасьвета шырылася ў нашай бацькаўшчыне. Праца Еўфрасіньні была, такім чынам, тым дапаўненьнем да працы вучоных, без якога навука ня можа стаць культурным здабыткам шырокіх колаў грамадзянства.



Гандаль і соцыяльны склад грамадзянства.

Сярод другіх промыслаў у жыцьці старажытнай Русі першае месца займаў гандаль. Магчымасьць гандлю і яго разьвіцьцё залежалі ад таго, што праз Русь таго часу па рэках праходзіў важны гандлёвы шлях. Гэта ёсьць так званы „водны пуць з Варяг у Грэкі“. Летапісец так апісвае гэтую гандлёвую артэрыю краю: „Бе путь из Варяг в Греки и з Грек по Днепру, и верх Днепра волок до Ловоти, и по Ловоти внити в Ильмень озеро великое, из него-же озера потечеть Волхов и втечет в озеро великое Нево, і с того озера внидеть устье в море Варяжское, и по тому морю ити до Рима, а от Рима прити по тому-же морю ко Царю-городу, а от Царя-города прити в Понт-море, в него-ж втечет Днепр река“.

Калі мы на географічнай карце пройдзём па шляху,які апісан тут, то пабачым, што летапісец добра ведае „великий водный путь“, — гандлёвую артэрыю краю. Гэта — пэўна вялікі шлях, які цягнецца на некалькі тысячаў вёрстаў. Ен апаясвае з заходу ўсю Эўропу па морах і Атлянтычнаму акіяну і перарэзвае ўсходнюю Эўропу па рэках з паўдня на поўнач. На гэтым шляху ляжыць шмат дзяржаваў, шмат гандлёвых прыморскіх і прырэчных цэнтраў. Народ, пануючы на гэтым шляху, ёсьць — норманы-варагі, каторых добра ведаюць усе народы таго часу. Норманы — і гандляры і ваякі. Гэта дала ім магчымасьць быць першымі на шляху. Дзе можна, яны — першыя розумам і досьледам гандляра, дзе ня можна, яны — першыя сваею зброяю і фізычна-ваеннаю сілаю. Добра ведаюць норманаў-варагаў і ўсходнія славяне. Калі яны клічуць іх на сваю зямлю для арганізацыйнай працы, „княжыць і валадзець“, то абмылкі ня робяць.

Вялікі гандлёвы шлях багаціў тыя землі, праз якія праходзіў, у тым ліку і Русь Полацкую. У Полаччыне была важная частка шляху. Справа ў тым, што паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной, а таксама і паміж Заходняй Дзьвіной і Ловацьцю былі волакі. Тут водны шлях перарываўся, тавары трэба было перагружаць, пераладоўваць і „валачы“ па сушы. У такіх мясцох тавар задзержваўся, а ўкола тавару задзержваліся людзі і іх праца. Волакі былі месцам складаў тавараў, зграмаджэньня гандляроў, і разам з гэтым і капіталу. Капітал, у сваю чаргу, цягнуў да сябе тых людзей, якія шукалі заробку. Усё гэта рабіла волакі цэннымі пунктамі для тэрыторыі. Апрач таго у Полаччыне водны шлях разыходзіўся. Адзін яго кірунак ішоў на поўнач; гэта той кірунак, які апісаны ў летапісу. Другі яго кірунак ішоў на захад, па Заходняй Дзьвіне да Рыскай затокі і значна скарачаў дарогу ў Заходнюю Эўропу. Гэты факт таксама быў карысны для Полаччыны, бо даваў ён як-бы двохкалейны шлях замест звычайнага аднакалейнага.

Усё вышэйпаданае значна пашырыла гандлёвыя звароты Полаччыны параўнаўча з іншымі тэрыторыямі. Тут было шмат багатых гарадоў, найбагацейшымі з якіх былі Смаленск і Полацак. Смаленск панаваў на паўночнай галіне воднаго шляху, а Полацак на заходняй. Апроч іх, мы ведаем шмат другіх гарадоў, каторыя былі, хоць і ня так багаты, але ўсё-ж такі концэнтравалі вакол сябе значныя гандлёвыя звароты, напр. Менск, Віцебск, Усьвят, Тураў і інш. Усходнія тавары па водным шляху праз гарады Полаччыны йшлі на поўнач і на захад — у Наўгародзкую Русь, да латышоў, фінаў і немцаў; з захаду тавары йшлі на ўсход і на поўдзень — да баўгараў па сярэдняй Волзе[4], ў паўднёвую Русь, Візынтыю, ў далёкую Арабію. Але Полаччына была ня толькі перадаўцай чужаземных прадуктаў, яна сама дабывала прадукты і пастаўляла на ўсясьветны рынак тавары свайго ўласнаго вырабу. Лясы, пушчы і балоты нашай бацькаўшчыны гадавалі ў сваіх нетрах ваўкоў, лісоў, дзікоў, кунаў, выдраў, бурых мядзьвядзёў і г. д. Гэтыя зьвяры давалі чалавеку скуры і кажух. У борцях па лясох працавалі пчолы і давалі жыхару, як і ў нашыя часы, шмат воску і мёду. Віўся хмель, залатою хваляю калыхалася жыта на палёх, каторыя ўжо пачалі зьяўляцца пасярод лясоў. У хатах сялян і мяшчан у кроснах жвава бегаў ткацкі чаўнок, на кругох рабіліся гліняныя гаршкі. Разныя пароды дрэва давалі магчымасьць развіцьця хатніх вырабаў драўняных рэчаў. Адным словам, край вырабляў свае ўласныя прадукты, з якіх карыстаў наш продак, выводзячы лішкі на тыя рынкі, якіх было так многа на вялікім водным шляху. Аддаючы суседзям свае ўласныя прадукты, наша бацькаўшчына ўзамену даставала прадукты з суседніх і нясуседніх краёў. Далёкія ўсходнія і паўднёвыя землі пасылалі сюды аксаміты, маністы, пацеркі, пярсьцёнкі, ліхтарні і г.д. Паўночная Скандынавія давала мячы, сякеры, пікі і др. мэталёвыя рэчы з зялеза, бронзы, сталі і серабра. Нямеччына прысылала сюды свае віны, сукны, бурштын і т.д. Гандаль вялікага воднага шляху багаціў нашу бацькаўшчыну. У Полацку, Смаленску і іншых гарадох было многа вельмі багатых людзей. Гандлёвыя людзі таго часу плацілі страшэнна шмат усялякіх налогаў, аброкаў і мытных збораў. Смаленскі князь, напрыклад, у пачатку ХІІ-га стагодзьдзя меў даходу ад гандлёвых налогаў амаль-што ня 600.000 рублёў ў год на нашыя грошы, і горад мог выдзержаць у сваім бюджэце такія расходы толькі па аплаце працы князя. Ня маючы сучасных банкаў, капіталісты таго часу хавалі сваю грашавую маемасьць у зямлі. І вось паклады візантыйскіх і арабскіх грошай знаходзіліся аж да нашага часу па ўсім абшары Полацкай, Смаленскай і Тураўскай зямель. Смаленскія і Полацкія гандляры не здавольваліся мясцовымі рынкамі, іх капітал патрабаваў для сябе прастору, эксплёатацыі. Гандляроў нашай бацькаўшчыны магчыма была спаткаць па ўсіх тэрыторыях Русі, у Візантыі, Арабіі і Нямеччыне.

Чужаземныя гандляры, з свайго боку, забясьпечвалі ўплыў на Полаччыну чужаземнага капіталу. Найбольш быў арганізаваны заходні нямецкі капітал. У канцы ХІІ-га стагодзьдзя немцы таксама, як і ў Ноўгарадзе, мелі свае „двары“ ў розных гарадох Полаччыны. Асабліва грунтоўна ўмацаваліся яны ў Смаленску. Тут, пры ўходзе ў Дняпро ракі Рачоўкі, разьлягляся іх сдабада-сяліба, былі пабудованы вялізныя магазыны-склады і магазыны-крамы, хаты на загранічны лад, заможна і жвава йшло жыцьцё. Над слабадою падымалася званіца нямецкай царквы заходняга звычаю і вежа ратушу. Жыхары чужаземнай слабады мелі свой урад. На чале калёніі стаяў абраны старшыня з абранымі райцамі, каторыя ўтваралі суд над сваімі землякамі вялі адміністрацыйныя справы.

Паміж асобнымі гарадамі Полацкай Русі з аднаго боку і нямецкімі гарадамі з другога боку, утварыліся дагаворы аб узаемных правох і абавязках. З гарадоў Полаччыны, меўшых дагаворы, магчыма назваць такія, як: Полацак, Смаленск, Віцебск, Менск; з нямецкага боку магчыма адзначыць: Данцыг, Брэмэн, Любэк, Мюнстэр, Рыгу, востраў Готлянд. Найцікавейшыя па сваей апрацованнасьці ад усіх дагавораў — гэта смаленскія дагаворы; з іх злажылася так званая „Смаленская Тарговая Праўда“. З асобных артыкулаў „Смаленскай Праўды“ мы бачым, якія былі у той час адносіны паміж нашымі продкамі і немцамі, і наадварот. Перш за ўсё мы бачым, што абедзьве з дагаворных старон маюць права ўвозіць тавары бяз мытных збораў. Прывозячы тавары, гандляр павінен плаціць добра вызначаную вагавую павіннасьць. Калі трэба мець справу з абяднеўшым пазычальнікам, то першыя выплаты з яго праданай маемасьці на тэрыторыі Полацкай Русі йдуць да немца, а ў Нямеччыне — да беларуса. Каб прыцягнуць на свае рынкі чужаземныя капіталы, князі давалі нямецкім купцам розныя прывілеі. З такіх прывілеяў трэба адзначыць „волачную прывілею“. Справа ў тым, што вялікі водны шлях, як мы ўжо казалі вышэй, праходзячы праз Полаччыну, у двох мясцох перарываўся: паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіною і паміж Заходняй Дзьвіной і Ловацьцю. Тут з таварамі было шмат клопату. Іх трэба было выгружаць з барак, перакладаць на фурманкі, каб вязьці да Ловаці; на Ловаці зноў нагружаць у баркі для далейшага шляху. Гандляру-палачаніну, як мясцоваму чалавеку, было куды лягчэй рабіць гэту перагрузку тавару, чым купцу чужаземнаму. Каб дапамагчы на волаках чужаземцам, ім была дана прывілея на тое, каб даставаць фурманкі ад мясцовага насяленьня. Княскі вураднік, каторы меў дагляд за волакамі, павінен быў для чужаземных купцоў паставіць патрэбны лік фурманак ад мясцовых жыхароў па вызначанай таксе. Апроч таго, чужаземны гандляр быў на першай чарзе па адпраўцы, калі ў волаку зьбіралася многа народу і тавару.

Ува ўсіх краёх з сільна разьвітым гандлем жыхары дзеляцца на соцыяльныя групы, клясы па сваей маемасьці. Так было і ў Полацкай Русі. Гандлёвы і прамысловы капітал разьбіваў жыхароў яе таго часу на два лягеры, непадобныя адзін да аднаго. З аднаго боку стаяла ня вельмі вялікая грамада людзей з аграмаднай маемасьцю і белымі чыстымі рукамі. З другога боку стаяла вялікая грамада, з маленькай маемасьцю, або і без яе, з працавітымі, мазалістымі рукамі. Першыя зваліся людзьмі добрымі, лепшымі, другіе — меншымі, подлымі.

Добрыя, ці лепшыя людзі — гэта былі гандляры і земляўласьнікі краю. Іх крамы і дворы былі раскіданы па ўсей тэрыторыі. У іх руках была вялікая сіла гандлёвага і зямельнага капіталу, з каторым часта не маглі спрачацца і змагацца нават князі. На вечах яны мелі перавагу не затым, што іх было многа, а затым, што ў іх бок цягнулі эканамічна залежачыя ад іх дробныя людзі, баючыся іх, як капіталістых. Гэта зразумела тым больш, што галасаваньне на вечах ня было патаёмнае. Лепшыя людзі паміж сабою таксама дзяліліся на паасобныя групы, больш ці меньш багатых людзей. Багацейшыя фаміліі гэтых заможных людзей з роду ў род давалі прадстаўнікоў на грамадзянскія і палітычныя ўрады і такім спосабам выдзяляліся з свае соцыяльнай групы, як знатнейшыя. Гэта і ёсьць баяры. Яны часта вялі барацьбу з князямі дэмакратычнага настрою і ў іншыя часы перамагалі іх. Так, напрыклад, было ў Полацкай воласьці пасьля сьмерці Ўсяслава Васільковіча ў 1180-м годзе, калі баяры полацкія праз веча залажылі вядомую ўжо нам рэспубліку, на чале каторай сталі 30 чалавек старшын.

Усе бедныя жыхары Полаччыны зьліваліся ў адзін многалюдны кляс меншых, ці подлых людзей. Жылі яны, як па гарадох, так і па вёсках. У гарадох гэта былі дробныя гандляры, гандляваўшыя часам на пазычаны, часам на невялічкі ўласны капітал; апроч іх, такімі людзьмі былі прыказчыкі, рамясьнікі, работнікі і другі дробны мястовы люд. Па вёсках гэта былі мужыкі-сяляне. Частка іх была незалежнымі аратымі ўласнага кавалачка зямлі, а частка ўжо залежнымі эканамічна ад багатых земляўласьнікаў. Працавалі яны ўжо не на ўласнай зямлі, а часам мелі і няўласны інвэнтар: і тое і другое яны бралі ў пазычку, ці ў арэнду ў багатага земляўласьніка.

Паміж дзьвюма клясамі жыхароў старажытнай Полаччыны праз увесь першы гістарычны пэрыяд Беларусі йшло змаганьне. Ўпачатку гэтае змаганьне мела прыпадковы характар, бо яма паміж багатырамі і бедакамі была ня так яшчэ глыбокая. Але йшлі часы, капітал усё рос і ўзмацняўся, ўсё больш і больш эксплёатаваў ён беднату, — і яма паміж дзьвюма соцыяльнымі групамі станавілася глыбокаю прорваю. Соцыяльная барацьба становіцца ўжо звычайнаю зьяваю. Асабліва відна яна ў вечавым жыцьці. На вечах багатыры робяць націск на беднату, залежную эканамічна ад іх капіталу, і бедната змушана ўхваляць тое, што карысна багатыром. Гэтая эканамічная і палітычная залежнасьць заўсёды гняце беднату і яна ўсё часьцей і часьцей адказвае на ўціск бунтамі і забойствамі. Такая хатняя барацьба клясаў у Полаччыне ня можа прайсьці бяскарна для гаспадарства. Яно з кожным часам слабее і робіцца лёгкаю здабычаю для суседзяў.


  1. Параўнаньні аўтара пакутуюць трошкі тым, што бяруцца пад увагу розныя клясы. Усё, што тут гаворыць аўтар аб нашых продках, адносіцца бязумоўна да багацайшай часткі народу. Бедныя-ж бязумоўна жылі горш нашых цяпэрашніх сялян.
  2. Легенда аб ідылічным прыкліканьні варагаў цяпер паважна аспарваецца. Урэшце гэта да Беларусі не адносіцца.

    Рэд.

  3. Некаторыя вучоныя думаюць аб гэтым наадварот.

    Рэд.

  4. Мова йдзе аб баўгарах на Волзе, народзе турна-фінскага племя.

    Рэд.