Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927)/Пэрыяды
← Уступ да гісторыі Беларусі | Пэрыяды гісторыі Беларусі Падручнік Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1927 год |
Першы пэрыяд гісторыі Беларусі. (IX—XIII ст.) → |
Пэрыяды гісторыі Беларусі.
Ніколі не перарываецца народнае жыцьцё: цячэ яно, як рэчка, з году ў год, з сталецьця ў сталецьце. Адных працаўнікоў прыймае магіла, другія нараджаюцца, бяруць лямку бацькоў і дзядоў сваіх і цягнуць яе зноў да магілы. Так ідзе чалавечая праца, так робіцца гісторыя роду чалавечага. Аде сталецьце адно на другое непадобна. У адны часы скора, жыва йдзе праца. Народ як-бы бяжыць уперад шпаркім шагам, шырыцца культурная творчасьць нацыі, зьясьняецца твар народу, будуецца моцны дзяржаўны і культурны будынак. Люба кінуць пагляд на гэткае жыцьцё, на такія мамэнты паступовага гістарычнага руху. Але часам выбухаюць і іншыя часы: нацыя замірае, хаваецца ў глыбіню творчая сіла, руйнуецца дзяржаўны і культурны будынак ад уціску другога народу.
Такім спосабам, прыгледзеўшыся да бесперарыўнага, паступовага руху гісторыі народу, магчыма ўсё-ж такі знайсьці ў гэтым руху нейкія асаблівасьці ў тыя ці іншыя часы. Апіраючыся на такія асаблівасьці жыцьця, магчыма зноў выявіць і гісторыі народу яе пэрыяды. Так стаіць справа і ў гісторыі Беларусі.
Па асаблівасьцях палітычнэга і культурнага жыцьця беларускага народу, гісторыю Беларусі магчыма падзяліць на чатыры пэрыяды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі і Велікарускі.
Пачынаецца наша гістарычнае жыцьцё з ІХ сталецьця на сярэднім кавалку вялікага воднага шляху „з Варагаў у Грэкі“. Гэты шлях ёсьць шлях тагочаснай культуры і гандлю, і мы увайшлі на яго. Наймацнейшым княствам сярод нашых пляменьняў (Крывічоў, Дрыговічаў і Радзімічаў) было Полацкае. Незалежнае з пачатку гістарычных вестак, яно прымушана было Кіеўскімі князямі да залежнасьці ад Кіева. Але гэтая залежнасьць дзяржалася кароткі час і ня была агульнай, поўнай залежнасьцю. Ужо з пачатку ХІ сталецьця пайшло змаганьне за незалежнасьць полацкіх Ізяславічаў з кіеўскімі Яраславічамі. У гэтым змаганьні навакола Полацкага княства зьбіраліся княствы драбнейшыя. Да найбольшай моцы Полацкае княства дайшло пры Ўсяславе (1044–1101). Пасьля яго скону пачаўся палітычны заняпад Полацкай Русі.
У ХІІІ-м сталецьці зьбіраюцца ў купу літоўскія пляменьні, суседнія з Полаччынай; яны арганізуюцца і зьбіраюць навакола сябе разрозьненныя беларускія пляменьні, якія пачынаюць злучацца з літвінамі. Будуецца вялікае княства Літоўска-Беларускае, дзе кіруе гаспадар, вялікі князь — літвін, а пануе культура і мова заняпаўшай палітычна Полаччыны. Мы ведаем, што беларуская мова стала ў новым гаспадарстве дзяржаўнай мовай: на ёй пісаліся законы і афіцыяльныя паперы. У беларускай мове рабілася і культурная справа таго часу: пісаліся летапісы і другія творы слова, друкаваліся кнігі; пабеларуску гаварылі і ў палацы вялікага князя.
У Літоўска-Беларускім гаспадарстве згодна жывуць дзьве веры: ўсходняя хрысьціянская ў беларусаў і паганская ў літвіноў. І хоць у канцы ХІV-га сталецьця, дзеля прычын хатніх і надворных, Літоўска-Беларуская дзяржава юрыдычна злучылася з Польшчай, аднак-жа ў ХV і першай палавіне ХVІ сталецьця дзяржаўныя, культурныя і рэлігійныя справы мала чым зьмяніліся. Усяму гэтаму пэрыяду ад ХIII да палавіны ХVI сталецьця магчыма даць назоў Літоўска-Беларускага.
К палавіне ХVІ сталецьця польскі ўплыў ўсё мацнее. Па прычынах, як хатніх, так і надворных, Літва і Беларусь ўсё больш і больш павінны хіліцца да Польшчы. У 1569 годзе на Люблінскім сойме адбылася ня толькі юрыдычна, але і рэальна унія Літвы і Беларусі з Польшчай. Польшча выкарыстала, цяжкія умовы дзяржаўнага жыцьця сваёй суседкі, каб зрабіць унію інкарпарацыяй Літвы і Беларусі ў арганізм Польшчы. Асобнасьць і незалежнасьць Літвы і Беларусі былі згублены. Валынь, Падольле і Падлясьсе былі залічаны землямі Польскай Кароны. На сойме 1596 г. была зроблена пастанова аб польскай мове, як дзяржаўнай мове. Поруч з мовай, сталі панаваць польская культура, польскі сацыяльны і палітычны лад і каталіцкая вера. Літвіны і беларусы вышэйшых станаў апалячваліся, адходзілі ад бацькаўшчыны сваей, ад свайго народу. Пакінуты імі просты беларускі народ захаваў сваю старую мову, старыя звычаі і веру. Але ён ня меў моцы зьберагчы і пашырыць беларускую культуру. Пад палітычнай і культурнай уладай Польшчы Беларусь была да канца ХVIII-га веку.
Дзякуючы ненармальным умовам палітычнага, соцыяльнага і царкоўнага жыцьця, Польшча прыйшла да канечнага свайго распаду. У канцы ХVIII-го сталецьця суседзі скарысталі ўпадак Рэчы Паспалітай. Польшча была падзелена паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй. Беларусь адыйшла пад ўладу Расейскай імпэрыі. Кацярына дакляравала захаваць на вечныя часы ў прылучаных землях беларускіх вольнасьць грамадзкую і вольнасьць сумленьня згодна старых звычаяў і прывілеяў; а гэтыя звычаі і прывілеі ў соцыяльна-грамадзянскім сэнсе былі шкадлівы для беларускага простага народу.
Аж да Мікалая I зноў ідзе палёнізацыя краю: урад нянчыцца з панам-паляком, а не з мужыком-беларусам. У Мікалая I справа пайшла інакш: пасьля польскіх паўстаньняў палякі страцілі ласку расейскага ўраду, але ад гэтага беларусу ня стала лепш: месца палёнізацыі заняла русыфікацыя. Беларусу было забаронена нават мець друкованую кнігу ў сваей роднай мове. Ня гледзячы на гэтае, у Беларусі якраз ў гэты пэрыяд яе гісторыі ідзе нацыянальна-культурны рух.