Комсамольскія вершы (1930)/Мой май

⁂ Ён прышоў Мой май
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Роднае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мой май.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЙ МАЙ

…Ты, гавораць, —
вясёлы месяц:
Наляцеў, нагрымеў, пераблытаў.
Над садамі пялёсткі павесіў
І пусьціў ветравеі па жыту.

Ты да я, —
нам, здаецца, па дваццаць:
Мне — узростам,
Табе — па запалу;
Мы сышліся,
Каб тут прывітацца
і пайсьці па жыцьцёвых шпалах…

…У цябе — крышталёвае цела,
А па сіле —
ты, быццам, леў!
Нават муха —
і то зазьвінела,
Шукаючы пары на шкле.

Маладосьць! Агнявыя краскі…
Зацьвітай-жа
вішнёвым цьветам!
Ой, ты, май мой,
чароўная казка, —
Загрымі па ўсяму сусьвету!

Хтосьці швэндае ўдзень,
нібы ноччу,
На шляхох
прычытаньнямі сьвішча…
Май мой стромкі!
Ды плюнь яму ў вочы
на вясельным на гэтым ігрышчы…

…Па-над садам гайдаецца воўна,
Гэта значыць —
пялёсткаў рой.
Ты за тое ў мяне і каштоўны,
Што ўздымаеш вясновы настрой!..