Моладзі Заходняй Беларусі Водгалас
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
Кастрычнік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОДГАЛАС

Гга-х! гга-х! гга-х!
................
З падзямельля-скалы чуцен стук малатка;
Гэта Волю куюць гарнякі.
Пад ударам сталёвай, мазольнай рукі
Трашчыць, сыплецца, стогне руда,
Гга-х! гга-х! гга-х!

Б‘ець акордам ў скалу і рагоча граніт,
Дрыжыць, кашляе стогне скляпеньне,
А ў грудзёх гарняка ўжо курыць дынаміт
Захаваны у складках цярпеньня.
Гга-х! гга-х! гга-х!
............
У эфірную высь да прастораў,
Да касуляў зіяючых, чыстых
З сэрцаў палкіх, гарачых, агністых
Мкнецца песьня да зьзяючых зораў.

Як агнёва-сталёвыя коні,
Па гранітным, пылаючым шчыце,
Грыміць песьня агню—перамогі
У вясёлкава-зьзяючай тоні,
У глыбокім, бязьмежным блакіце.

Гэта — песьня з грудзёў мільёна!
Ня чутно ў ёй пакутнага стогна, —
Ня чутно ў ёй бясьсільля, зьнямогі,
Ні журбы, нараканьня, трывогі —
Гга-х! гга-х! гга-х!

Гэта — песьня сьвятла і змаганьня,
Гэта — водгалас будучых дзён,
Калі змоўкнуць журба і стагнаньне,
Калі вырвецца гучны праклён
Сьвету стараму ў часе скананьня —
Гга-х! гга-х! гга-х!

1-VI 1927 г.