⁂ Плакала неба дажджом… Гармонік
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
⁂ Прохаладзь вясеньняя…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАРМОНІК

У віхуры, ў дзікіх скоках
Льлюцца, плачуць галасы.
У вастрог да цёмных вокан
Лезуць, ціснуцца басы.

Вух-ха-ха!
Вух-ха-ха!

Сэрца млее, сэрца ные.
Дамоў хочацца ляцець.
Хоць платы ля хат старыя
Я хацеў-бы паглядзець.

Гукі плачуць, гукі льлюцца,
Ў вадгалосах чуцен стогн.
То заплачуць, то сьмяюцца.
Ў гуках чуецца разгон.

Разам з музыкай гармоня
Думкі сьветлыя сную.
І бягу на родны гоні,
Ў вёску бедную сваю.

Пад страху з сівой саломы,
Я бягу да родных хат,
Да бацькоў ў куток знаёмы,
Дзе кроў смокча польскі кат.

Эх, здаецца-б з гукам ў поле
Паляцеў-бы я дамоў
Памагаць там на прасторы
Братом вырвацца з акоў.

Але жаль! Я сам у путах,
На грудзёх ляжыць ланцуг.
Рукі, ногі моцна скуты,
Толькі вольны сэрца й дух.

Чую шопат сьпелай нівы,
Каласы бягуць гудуць,
Як-бы хваляў пералівы,
Думкі ў даль плывуць, плывуць.

Ўсюды поўна зьзяньня сонца.
Ў сонцы плавае зямля.
Толькі ў нашым у ваконцы
Сонца, радасьці няма.
Пад гармоня пералівы
Бягу думкаю з-за крат
На прастор, у жыта, нівы,
У садок, да родных хат.

Лукішкі.
30-VI—27 г.