Лучынка (часопіс)/1/Нашэ гуменцэ

Сьляды старыны Нашэ гуменцэ
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Бацькава ўцеха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наша гуменца.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нашэ гуменцэ.

Я люблю сваё гуменцэ,
Крытае саломай,
З гэтай стрэшкай пасівелай,
Так даўно знаёмай;
З гэтай сошкай, дзе гняздзечка
Ластавачка лепіць,
Добра там ёй — дождж ніколі
Дзетак не зачэпіць;
Дзе пад шчытам павуцінку
Ветрык пахінае,
Дзе саломка каласочкам
Лёганька гайдае.
Добра мне тут, мне тут міла,
Родна ўсё і блізка
Тут хлябок мой, мая хата
І мая калыска!
Ляжэш ў сьвята, адпачынеш
Тут, на мяккім сені.
Узыдзе сонца і разсыпле
Золатам праменьні.
Па ўсяму гумне скрозь шчылін,
Праз страху, спад шчыта
І асьвеціць ўсю збажынку, —
Ярыну і жыта.
Зашчабечэ над гняздзечкам
Ластаўка шчасьліва;
За гуменцам ціха шэпчэ
Непажата ніва;
Быццам, клічэ яна жнеек,
Або просіць косак…
Усё мне кажэ тут пра жыцьце
Родных сёл і вёсак.

Якуб Колас.