Лучынка (часопіс)/6/Кветка папараці

Помста Кветка папараці
Драматычная паэма
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Умарыўся…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кветка папараці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кветка папараці.

Фантастычны абразок.

(Лес. Ноч. Месяц сьвеце. Чалавек у вясковай вопратцы выходзе з лесу; узгляд яго мутны, павароты цікаючыся, пярэпалоханые).

Чалавек.Гадзіны уюцца клубком,
Выюць у імшарах ваўкі,
Вось чорт ляціць за чартом,
Б‘ючы хвастамі ў бакі…
Ведзьмы з балота паўзуць —
Усе ў балотнай ціне,
Штосьці жудліва пяюць,
Гразьзю кідаюць у мяне…
Енчэ пад нагамі мох,
Штосьці ўсё брэшэ ў кустах,
Валежнік ліпне да ног,
Па сьпіне бегае страх…
Іду, а ведзьмы за мной —
Вочы гараць іх агнём…
Во — як лятуць грамадой,
Во-во — аж стогне дзесь лом…
Не — я ўжо больш не магу —
За што ж мук столькі дарма?
Выбіўся с сіл у бягу —
Кветкі ж німа і німа…

(азіраецца)

Лягу лепш — урыюся ў мох,
Вочы схаваю ў руках,
Моʻ ня угледзяць, дзе я лёг,
Мо крыху ўвоймецца страх…

(Кладзецца і пачынае дрэмаць).

(Лес асьвечываецца раптам бледна зеленаватым сьветам; з горкі спушчаюцца да чалавека русалкі: валасы распушчаны, белые вопраткі спадаюць да зямлі вольнымі складкамі, на рукавох даугіе разрэзы. Наперадзі ідзе адна, трымаючы у руках кветку папараці. Усе русалкі маюць паначэпляные на галовах і на адзежы зеляніну і дробные кветкі).

Русалка 1-я (становіцца над чалавекам):
На сіле разбіты,
Вярэскам прыкрыты
На моху ён ціха ляжыць,
А над галавою
Цьвет шчасьця зарою
Сьвятлістай, ірдзістай гарыць…
Русалка2-я: Ачніся: во кветка —
Адзін раз у летку
Хвіль колькі адно, бач, цьвіце —
Прасьпіш — твая доля
Праміне — ніколі
Ня згоніш, ня зловіш нідзе…
Рус. 2-я:Сон мёдам заклеіў,
Сон макам засеяў,
Сон вочы марочэ яго,
Сон сілы папутаў,
Сон думкі паблутаў…
А ён? — ён ня чуе таго…
Рус. 4-я:Ты сьпіш, — але скора
Прачнешся.
Рус. 2-я:Не ў пару.
Рус. 4-я:Другая сьвітае пара…
Тады лес румотам,
Ні ведзьмы з балота —
Цябе ня устрашэ мара…
Рус. 5-я:Ты сьпіш — як дзяціна,
А прыдзе гадзіна —
Устанеш — твой прыдзе чарод:
Блеск зор залаценькі,
Луч сонца ясьненькі
З блакітных дастанеш высот!

(Усе разам бяруцца за рукі)

Раскажмо, сястрыцы,
Яму нябыліцы,
Каторые збудуцца з ім;
Хай чуе, хай знае,
Яго што чэкае,
Што збудзіцца скора, — аб тым
Раскажмо, сястрыцы.

Рус.4-я(выпушчае рукі і працягіваючы іх над чалавекам, — быццам у гыпнатычным сьне):

Шырока граніцы
Раскінулісь уладства твайго,
Шырока, далёка — ня скінуць вокам,
Вумом не абняці таго:
Во рэчные хвалі,
Сінёвые далі,
Палёў каласісты абшар,
Бары во — зялёны
Дрыжачай каронай
Купаюцца ў небі без хмар.
Жыцьцё бье крыніцай,
Ажыўчай расіцай,
А чыстай — от быццам сьлеза…
Рус. 1-я(бярэ яе за руку):
Дзе бачыш ты гэта?
Рус. 4-я:Там вечнае лета,
Там вечная шчасьця краса…
Рус. 2-я:Чый край той шчасьлівы?
Рус. 4-я:Зноў бачу… о дзіва!
Штось рушыцца… сыплецца ў пух…
Русалкі да сябе: Аб чым гэта мова?
Рус. 4-я:Разбіты аковы, —
Свабодны ўзьлетае…
Русалкі:Хто?
Рус. 4-я:Дух…
Русалкі:Ды чый?
Рус. 4-я:Чалавека…
Русалкі:Якога?
Рус. 4-я:Ад века, —
Што лямку няволі цягнуў…
Русалкі:Дзе? дзе? мы не бачым.
Рус. 4-я:(з моцай): Досьць енку, досьць плачу —
Уладар к сабе уладство вярнуў!
Русалкі:Дзе? дзе??
Рус. 4-я:Во — зарою
Над роднай зямлёю
Усходзе… во — сонцам гарыць:
Высокі — пад неба,
Азвецца — і глеба,
Бы ліст на васіні дрыжыць…
С чала дзьве зарыцы —
Дзьве родны сястрыцы —
Праменьні сплетаюць свае.
Да хмар даланёю
Дастаў ён адною,
Другой — да зямлі дастае…
Русалкі:Уладар наш… о, мілы!

(працягіваюць рукі)

Чалавек[пачынае варушыцца; бармочэ праз сон]:
Мяне да магілы…
Да раю — пушчайце…
Рус. 4-я:(пахінаючыся над ім):
Чаго?
Чалавек:Я жыць — жыць хачу я!…
Русалкі:Сон думкі бунтуе,
Сон марамі страшэ яго…
Рус. 4-я:(упершы вочы у яго);
Кажы чаго трэба?
Чалавек(бармочэ; пасьля): Крывавае неба…
Га… ведзьмы дзьве душуць мяне…
Во — шэпчэ… цалуе… (бармочэ)
Рус. 4-я:Кажы больш!
Чалавек:Хачу я
Сваб… (абрывае і бармочэ)
Русалкі:Зморы дзьве бачэ ў сьне…
Чалавек:Во — ведзьмаў шчэняты,
Во — во чарценяты
Наровюць, каб як укусіць…
Вон!…
Русалкі да сябе: Што? што ён кажэ?
Чалавек(голасна): Вон, племя уражэ,
Вон! кветка мая ўжо гарыць…

(апушчае зноу галаву і засыпае).

Рус. 4-я:(бярэ з рук першай русалкі кветку і становіцца над чалавекам):
Устаў дух твой, ды цела
Тваё абамлела, —
Яму шчэ не час уставаць:
Ешчэ ідуць часы тые —
Яно ў міг ажые
І пойдзе ствараць — будаваць…
Рэха:Як цемра загіне,
Як ночка праміне —
Тады пара прыдзе ўставаць.
Усе русалкі: Глянь месяц бялее,
Глянь цемра раднее,
Дык пойдзеш ствараць — будаваць…

(Кідаюць кветкі яму на грудзі; робіцца цемна на хвіліну; прад разсьветам русалкі разбегаюцца; здалек даходзе голас):

Глянь месяц бялее,
Глянь цемра раднее,
Дык пойдзеш ствараць — будаваць…

(Голас ціхне; за лесам загараецца зара раніцы).

Заслона.

Кон. Буйло.