Лучынка (часопіс)/6/Помста
← Далікатнасьць за далікатнасьць | Помста Верш Аўтар: Уладзіслаў Галубок 1914 год |
Кветка папараці → |
Помстa.
Не адзін, не два, а шмат гадоў таіў у сэрцы сваім крыўду Бутрым Шпак проці Мацея Хлыбаўца, што жыў у суседняй вёсцы. Якую меў Бутрым прычыну да крыўды, ніхто гэтага ня ведаў, толькі ён гатоў быў дзікім зьверам рынуцца на Мацея. Праўда, некалісь — даўно была ў іх спрэчка, але гэта і с памяці сыйшло. Час ляцеў; суседзі постарэлі; але жаданьне помсты ў сэрцы Бутрыма як было, так і засталося маладым. Чым часьцей успамінаў Бутрым сваю моладасьць, тым больш растраўляў злосьць на суседа, бо праз яго ён застаўся бабылём. Мацей калісь-то адбіў у яго ўлюбёную дзяўчынку с каторай пасьля і ажаніўся.
— Пашто я жыву? нашто мне багацьце, калі я адзін, як той кол, жаліўся сам сабе Бутрым. Хто па сьмерці маёй уздыхне, заплачэ? ніхто і ніхто! Толькі вецяр, што вые вось тут на прасторы, завые на маёй магіле… І пры мыслі аб будучыне Бутрыму становілася горка, балюча…
Цёмная імглістая васеньняя ноч; увокал ціха; вёска сьпіць; ня сьпіць толькі адзін Бутрым. Гледзючы ў цёмны абшар ночы, ў вачох яго мігцяць залатые дні моладасьці: загубляны цяпер яны! А хто загубіў, калі не Мацей? Мацей і толькі ён адзін. „За маю крыўду, за маю горкую долю нехай гіне і ён!“ скрыгучы зубамі, прашэптаў Бутрым і вышаў с хаты…
Дзікі крык нарушыў ціш глухой ночы: ў вёсцы ўзьняўся пажар. Як сьвечкі гарэлі Мацея гумно, хата, хлявы. Агонь квапна накінуўся на спарахнелую будоўлю і на вачох перапужанага народу зьніштожываў усё. Анямеўшые ад раптоўнага страху і жалю Мацей, жонка і дзеці кідаліся бяз толку, ня ведаючы самі што рабіць. Ратунку ніякога ня было. К чорнаму — як смоль — небу — ляцелі іскры і здушэны стогн гаротнай сямьі.
На прыгорку паміж хмызьняку стаяў, апёршыся на кій, Бутрым. Вочы яго блукалі. На пазелянеўшым твары поўзалі вотблескі агню. „Так табе і трэба! Так табе і трэба!“ усьмехаючыся, скрывіўшыміся вуснамі, шэптаў здаволены Бутрым.
Усё знішчыў ненасытны пажар. Застаўся Мацей з дробнай сямейкай без хаты, бяз хлеба, пад асеньнім хмурным небам. А тут ешчэ ўбілася хвароба і ледзь ня сьцёрла з зямлі ўсей сямьі. Цярпеў Мацей. Трохі дапамагалі суседзі; калі ні калі сам езьдзіў па вёсках, просючы на пагарэлых, а часам і дзеці бегалі с торбачкамі па хатах. Так перабіваўся Мацей, нават недагадываючыся хто обяздоліў яго.
Неяк над вечар, калі Бутрым лежаў, а сумные думы апутывалі яго, у хату ўвыйшоў малодшы хлопчык Мацея. Пажоўклы твар яго і доўгая па пяты торба, зразу кінуліся ў вочы Бутрыму.
— „Дзядзічка, хлеба!“ плаксівым галаском адазвалася дзіця.
Бутрым угледаўся, як акамянелы. Голас гэты скалануў яго анямеўшае сэрцэ, у грудзёх сьціснула — ўрэшці пасыпаліся слёзы.
Сабраўшы апошніе сілы, падазваў да сябе дзіцянё і прыгарнуўшы да грудзёў, стаў моцна, моцна цалаваць.
— „Дзіця маё дарагое, дам табе хлеба, дам столькі, — што не панясеш; клікні сюды татку“.
Хлапчанё зьдзіўлёнае вымкнулася с хаты і ускорасьці вярнуліся з бацькам. Мацей ня сьмела ўвыйшоў і зьбедніўшыся, прыпёрся ля печы.
— „Слухай, Мацей, адазваўся Бутрым, слухай уважна: што ноч у маім вакне відаць полымя ад тваёй хаткі, лецяць галавешкі, іскры, трэшчаць бэлькі… пасьля чую, як плачуць твае дзеці — рвуць маё сэрцэ… я хаваўся, але яскравы агонь усюды блукае за мной… цёмны бор і той ня прыняў мяне пад сваю засень: на сьвет — гудуць мне дрэвы, на сьвет, на суд сьпешайся на суд!!
І вось сягоньня дзень суду: я паклікаў цябе, каб ты прышоў асудзіць мяне. Я гатоў пакутаваць…
Бутрым плакаў, а Мацей ня ведаў нават у чым справа.
— Я, браце, адзін — як сам бачыш, ізноў пачаў ён; змыю пляму і памру, але аб табе не забудуся. Мне нічагутка ўжо ня трэба, а табе — з дзеткамі — якраз у пару. З гэтага часу — усё будзе тваё: земля, гаспадарка, скаціна… Ідзі, пакліч старшыню, сьветак і карыстай… я бласлаўляю… толькі, скажы… чы даруеш мне?… Я спаліў цябе — я!!!
Мацей заплакаў, а пасьля абняў Бутрыма і праз сьлёзы шэптаў: дарую, дарую, дарую…
Галубок.