Май узьняў маіх струн пераборы —
Я сягоньня бязьмежнасьці рад!
Я люблю веснавыя прасторы;
Мяне росквіту песьціць пара.
Адгулі ўжо зімы завірухі,
Растапіліся гурбы, сплылі.
І ўжо вецер сіберны аддзьмухаў,
Нібы зімнія дні ня былі.
Адснавалі прадвесьнія хмары,
Адлілі праліўныя дажджы.
І ўжо сонца гарыць ў сто пажараў,
Заклікае прыгожасьцю жыць.
Надыходзяць ўжо зорныя ночы,
Надыходзяць празрыстыя дні.
На гумне ужо бусел клякоча,
Шпак на яблыні песьню зьвініць.
Гэта славу пяюць яны маю —
Першым днём і красы, і вясны;
Да прастораў я вочы ўздымаю,
Дзе ўжо ткуцца з травы дываны.
Зачарован я радасьцю, ласкай,
Сонца, гэта — найлепшы мне друг,
Як сястра, мне ўсьміхаецца краска,
І, як брат — да сябе кліча луг.
З даляў бор сваім шумам зялёным
Мяне вабіць ва ўлоньні свае.
Маё сэрца напоўнена звонам,
Маё сэрца гімн маю пяе.
27-IV — 27 г.
|