Маладая Беларусь (альманах)/3/Вершы (Гурло)/Маё жыцьцё

Не пытай Маё жыцьцё
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1913 год
Не тужы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маё жыцьцё.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Маё жыцьцё.

Ну, падумай, браце,
Як мне жыці стала?
Трэба згінуць ў хаце —
Так беда прыстала.

Гдзе ты не паглядзіш,
Гдзе ня кінеш вокам,
З горэм не паладзіш,
Ні скокам, ні бокам.

Годзік, як памёрла
Жонка маладая,
Зноў ліха напёрла —
Больш мяне з’едае.

Сохну і марнею,
Кашель душыць горла,
Скора захварэю —
С твару краску сцёрла.

Дзетачак пяцёра
Дробненькіх, як маку;
Старшая з іх хвора…
Вось гдзе, братка, смаку!..

Добра-ж каб дастатак
Хоць які быў ў хаці,
То сваіх дзіцятак
Мог-бы гадаваці, —

А то бедны дзеткі
Гетак ўжо шчэзаюць,
Вянуць, як-бы кветкі…
Што-ж маленькі знаюць?

Хто-ж іх пашкадуе
Без мацеры мілай?
Ці-ж матка пачуе
Плач іх над магілай?

Як вочы мне векам
Будуць закрываці,
Хто-ж маленькім дзеткам
Будзе спагадаці?