Матчын дар (1918)/На чужыне/С песьняу няволі

Думкі ў чужыне С песьняу няволі
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1918 год
Вечн. памяці Т. Г. Шэучэнко
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песьняў няволі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




С песьняу няволі.


Прауду мусім ведаць, браце:
Покуль мы ні у роднай хаце,
Ні на ніві покуль роднай, —
Нашай думачцы ніводнай
Век ні спраудзіцца, ні збыцца, —
Мусім у цеснай клетцы біцца
Нашых думак і жаданняу
І няволі наляганняу.
У гароце, у няволі.
Без пасьпеху, а паволі
Нешта розум у нас вымае,
Смокчэ душу — выпівае
І за шыю душыць больна;
Што часамі мімавольна
З болю гэтаго заплачыш,
Што аж слонейка ні бачыш!
Мусім ведаць, што мялеем,
Што паволі усё малеем,
Ні жывем, але канаем, —
Зранку долы вымераем,
І надзею што-дзень губім,
Хоць яе, як жыцце, любім.
Нашы брацця — там, на волі.
Паляглі моу-ся на полі,
Чыстым полі ваявецкім,
Велькім колам маладзецкім,
С пасячонымі плячыма,
З выпаленымі вачыма.


Мы зьявілісь з яснай казкі,
Братняй міласьці і ласкі,
С краю-Далі, краю-Сьвета,
Дзе цяплюхна, вечне лето, —
А нас кінулі у пушчы,
Ды у холад, ды й у гушчы,
Дзе брат з братам вечне бьюцца.
Спруцянелі, а дзяруцца,
Мы хацелі даць ім сьвету,
Зруйнаваці пушчу гэту;
Даць ім міласьці прагненне,
Дзен шчасьлівых даці менне…
Мы ішлі вялікім валам,
Войскам буйным а зухвалым,
Ды ні стало нашай мочы:
Сьвет слабейшы быу ад ночы…


Што-ж? Ніхай! Ніхай так будзе,
Мусіць гэтак доля судзе.
Цяжка, страшна жыці, прауда,
Дык цярпеці-ж нам ні науда
Так на моры — акіяне
Часам хваля перастане…
Можа-ж прыйдзе навальніца,
Толькі-б ветрыку з‘явіцца!
Будзем у небо цікавацца,
Будзем зорак прыгледацца:
Без пакоры у пакоры
Перабудзем свае горо.
Мо і нам аднекуль з неба
Скажуць: „Чуйце, устаньце, трэба!“
І узмацняць. Парвуцца путы,
Будзе вольны, хто закуты,
Ні адны, а з грамадою.
Разам з людзьмі, чарадою
Пойдзем поплеч зноу у далі,
Скуль прышлі і скуль паусталі.
А калі-ж ні хопіць сілы
Устаць на гэты вокліч мілы, —
Сэрцо хоць мацней забьецца,
Твар пахмуры усьміхнецца…
Можа ж быць раней загінем,
Дык усе-ж мы сьлед пакінем,
Бо, браток, хоць промень сьвету
Прынясьлі мы у пушчу гэту!