Матчын дар (1929)/На чужыне/49

48. Жыцьцё 49. Муляру
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
50-51. Вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Муляру (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




49.

МУЛЯРУ.

— Муляр, слухай! Што кладзеш ты?
— „Дол сьмяротны, бачыш, — склеп.
От, як скончу ўсё да рэшты,
Буду мець рубель на хлеб“.

— Слухай, муляр: пакідай ты
Сьмерці сховы мураваць,
Хай ня знаць іх! Уставай ты, —
Пойдзем жыцьце будаваць.

Бачыш: людзі, як бяздомкі
Ходзяць скрозь бяз ўласных хат?
Я работнік спрытны, ёмкі,
Пойдзем муляр, пойдзем, брат!

Возьмем кельні, малаточкі,
Дзьве рыдлёўкі, вінкель, шнур,
Гукнем: „Людзі, галубочкі!
Хто ахвочы класьці мур?

Мур вялікі, вольнай волі,
Мур высокі да нябёс,
Мур братэрства, роўнай долі,
Мур для радасьці бяз сьлёз?“

От, убачыш, прыдуць людзі
На ўспамогу ў грамадзе;
Кожан цэглу класьці будзе…
От дзе праца загудзе!

Сьцены зробім чыста, гладка,
Як з крышталю, столь, як шкло, —
Скажуць людзі: „Вось дык хатка!
Роўнай у сьвеце ня было!“

Будзем есьці ў гэнай хаце
Смачны, чысты, пульхны хлеб.
Пойдзем, муляр, пойдзем, браце,
Хай другі канчае склеп!