Дзе дадуць — зраблю пазыку
І найму сабе музыку, —
Дудара з яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.
Грайка, грай! я засьпяваю,
Што цяпер на сэрцы маю…
І дудар ужо іграе,
Маё сэрца так сьпявае:
„Прападзі мая жуда,
Ўсё, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, —
Я шчарнеў, глядзі, і так,
Толькі вус адзін бялявы…
Годзе мучыць! Я хачу
Сілы, працы, і забавы,
І вясельля у ваччу“…
А з чаго-ж я узбуяўся?
Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў, — засьмяяўся
І вясёлы стаў на час…
Грайка, грай! бо сэрца скача,
Яму трэба моцна граць;
А жуда няхай паплача, —
Час яе і забываць…
… Вясна прыйшла!
Што чакалі, выглядалі,
Да сябе даўно гукалі, —
У бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгожасьці, ў ярыне,
Сама-пекнасьць, сама-сьвята,
І прыгожа, і багата,
Да нас прыйшла!
Я вітаю
Яе ў сонцы, ў зеляніне,
Што на роднай на краіне
Гоніць бляскам сваім ноч,
Гоніць сьнег і хмары проч;
Яна радасьць мне і сьвята,
Ёй я дзякую багата
І вітаю!
|