Сяўба Сяўцу
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Пастушок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сяўцу (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯЎЦУ

Сярод поля пад сонца пякучае
Вышаў ты засяваць свой загон;
З грудзей песьня ліецца магучая,
Яе мова жывая, цьвітучая,
Яна голасна, зычна, як звон!..

Сееш ты пад напевы зычлівыя
Зёрны шчасьце, прасьветы дабра;
Адганяеш ты думкі сумлівыя;
Сееш жменяй зярняты шчасьлівыя…
Сей-жа, сей! бо ўжо сеяць пара!

З вясной праца твая зарунеецца,
Ўзыйдзе жніва на дзіва усім!
Можна долі, напэўна, надзеяцца…
Бо ўжо шчасьце ўзышло, паланеецца, —
Вер, сустрэнемся скора мы з ім!

1912 г.